Міліцыя хоча пакласці канец разгулу вулічнага вандалізму. З гэтай мэтай ГУУС стварыла ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» групу прыхільнікаў правапарадку «Стоп-вандал», куды просіць паведамляць пра факты хуліганства.

— Асноўнай мэтай групы з’яўляецца сумеснае супрацьстаянне несанкцыянаваным графіці ў Мінску, псаванню гарадской маёмасці і іншым бедствам ад рук хуліганаў, — тлумачаць у ГУУС. — Механізмаў такога супрацьстаяння можа быць некалькі: удзельнікі групы могуць паведамляць пра месцы, дзе нанесенае графіці ці дзе хуліганы пашкодзілі маёмасць. Дзякуючы такой інфармацыі гарадскія службы адновяць парадак. Могуць захаваць і затым апублікаваць у групе момант здзяйснення правапарушэння. Пасля гэтыя матэрыялы могуць быць выкарыстаныя для прыцягнення парушальніка да адказнасці. У сацсетцы з’яўляецца магчымасць расказаць моладзі пра наступствы неправамерных паводзінаў, што само па сабе можа ўтрымаць патэнцыйных хуліганаў ад актаў вандалізму.

Летась гарадскім службам давялося зафарбоўваць несанкцыянаваныя надпісы на 4542 будынках у Мінску. Шкода ад графітыстаў склала больш за 100 млн рублёў.

Не так даўно ўлады сталіцы паспрабавалі накіраваць энергію вулічных мастакоў у патрэбнае рэчышча: вызначылі каля 100 аб’ектаў, якія могуць аддаць майстрам графіці. Гэта сцены будынкаў у розных раёнах горада, а таксама дзіцячыя пляцоўкі і смеццевыя кантэйнеры. Аднак далей за ідэю праект пакуль не прасунуўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?