Сёння Пэр Кромвэл, Томас Мазэці і Ганна Ліна Фрэй са Швецыі — арганізатары «мядзведжага дэсанту» ў Беларусь 4 ліпеня — адказалі на позвы беларускага КДБ з’явіцца ў Мінску ў 10-дзённы тэрмін для следчых дзеянняў. Пэр Кромвэл, кіраўнік шведскай кампаніі Studio Total, якая арганізавала «плюшавы дэсант» у Беларусь 4 ліпеня, пацвердзіў, што ён і ягоныя калегі атрымалі позвы ад КДБ з’явіцца ў Мінску для следчых дзеянняў ў гэтай справе.

"Паважаны Аляксандр Лукашэнка!

Прайшоў месяц з таго часу, як мы ляцелі над Вашай сталіцай, скідаючы плюшавых мядзведзяў, і тыдзень ад нашага апошняга ліста да вас. Мы падумалі, што надышоў час звязацца з вамі яшчэ раз. Шмат чаго адбылося. Вы звольнілі двух вашых самых высокапастаўленых генералаў, шмат казалі пра нас на беларускім тэлебачанні і нават запрасілі нас наведаць ваш КДБ у Мінску.

Нас, невялічкае рэкламнае агенцтва, цешыць такая ўвага з боку жывога дыктатара (асабліва калі мець на ўвазе, што сапраўдных дыктатараў засталося няшмат),
але ёсць некаторыя дэталі, якія варта абмеркаваць.

* Па-першае, у запрашэнні ад КДБ гаворыцца толькі, што мы павінны прыехаць у Мінск «у 10-дзённы тэрмін», інакш нам пагражае «два гады папраўчай працы». Там не сказана, чаму нас выклікаюць. Наагул, пагражаць некаму папраўчай працай, калі ён не прыме ваша запрашэнне — гэта благі тон. Але мы разумеем гэта. Вы і ваш КДБ — старамодныя. Гэта значыць, вы, як сто гадоў таму, выклікаеце людзей без тлумачэння прычынаў. Вы і караеце людзей без тлумачэння прычынаў. Але на самай справе гэта не галоўная праблема, гэта толькі заўвага на будучыню.

* Па-другое, у нас ёсць пытанне, дзе мы можам сустрэцца. Мы планавалі ў шведскай амбасадзе. Нейтральная тэрыторыя, дыпламатычны імунітэт і ўсё такое. Але Вы ў кепскім гуморы дэпартавалі нашага пасла і зачынілі амбасаду. Аляксандр — гэта нармальна! У кожнага можа быць дрэнны дзень. Але потым вы змянілі месца сустрэчы, прызначыўшы яе ў штаб-кватэры КДБ, у «амерыканцы», як яе называюць беларусы.

Мы не хочам, каб нас насілі на руках, але змяніць утульны сад амбасады на бетонны бункер, дзе ўжо стагоддзе катавалі людзей, не падаецца справядлівай заменай.

* Па-трэцяе, існуе пытанне нашага імунітэту. Вашым адказам на гэта было тое, што нам будзе забяспечаная такая ж справядлівасць, з якой КДБ разглядае справы ўсіх падазраваных, сведкаў і пацярпелых. Ці можам мы выказаць здагадку, што тут праявілася ваша пачуцце гумару?

Гэта гучыць смешна з боку службы, якую такія арганізацыі як Amnesty International лічаць найбольш жорсткай і карумпаванай у Еўропе.
«Гэта роўнае абыходжанне з усімі», як сказаў Сталін, калі спаліў усю вёску.

* Па-чацвёртае, і гэта на самай справе сур’ёзна, мы атрымалі некалькі пагрозлівых лістоў і тэлефонных званкоў, быў хакерскі напад на нашу паштовую сістэму, і ўсе сцежкі вядуць да КДБ. Вядома, вы будзеце думаць: «Што за праблема?».

Хіба гэта не звычайная працэдура — пагражаць катаваннямі тым, хто ганьбіць дыктатара? Але тым не менш для нас гэта нешта новае. У Швецыі паліцыя не мае права пагражаць, забіваць або катаваць людзей.

Агулам кажучы, усе гэтыя маленькія праблемы прымусілі нас страціць жаданне прыехаць і наведаць вас. Тым не менш мы адчуваем сябе дрэнна, калі людзі смяюцца над вамі і вашай супердарагой СПА. Дык што ж нам рабіць? І нас прасвятліла.

Чаму б вам не прыехаць і не наведаць нас?

Такім чынам Studio Total мае гонар запрасіць дыктатара Аляксандра Лукашэнку ў наш дом у Сконэ ў Швецыі. Мы арганізуем і аплацім пражыванне, харчаванне, таксі і ўсё такое. Мы таксама, як абяцалі, раскажам усё, што вы хочаце ведаць пра тое, як падмануць вашу дарагую сістэму СПА.

Мы маем толькі адно патрабаванне: каб вы паводзілі сябе настолькі ветліва, наколькі зможаце (не пагражалі катаваннямі і таму падобным), і каб вы вызвалілі усіх палітычных вязняў у Беларусі.
Іх даволі шмат, але мы прыкладаем спіс некаторых зь іх пад гэтым лістом. Іх, вядома, значна больш, але пра гэта пагаворым потым.

Мы таксама звярнуліся ў шведскае МЗС, каб яны прафінансавалі авіяквіток для вас. Але яны не схацелі нічога абяцаць. «Нармальна мы так не робім», сказалі яны. Але чакайце! А чаму б нам не забыцца хоць на гэты раз, як усё працуе нармальна?

То бок, вы былі дыктатарам ўжо амаль 20 гадоў, так? І што гэта вам прынесла? Шмат поціскаў потных рук, людскія насьмешкі ды сур’ёзную перспектыву скончыць, як Кадафі, калі вы і далей будзе пагражаць усім і арыштоўваць ўсіх, хто ня згодны з вамі.
Ва ўсякім выпадку, калі не заплаціць МЗС, заплацім мы. Абяцаем! Людзі пэўна скажуць, што мы насміхаемся з вас. Гэта не так; вы самі ўмееце гэта значна лепш за нас. Што скажаце на запрашэнне? Прыедзеце да нас?

З найлепшымі пажаданнямі Studiо Total

PS. Звярніце ўвагу — мы не выкарыстоўвалі ніякіх пагрозаў, не пагражалі кінуць вас у лагер, калі вы не адкажаце ў 5-дзённы тэрмін.

І гэта нягледзячы на тое, што наша злачынства палягае адно ў скіданні мягкіх мядзведзікаў, у той час як вашы мядзведзі прыгнятаюць краіну ўжо 20 гадоў.

* * *

    Нагадаем, што КДБ накіраваў грамадзянам Швецыі Пэру Кромвэлу, Томасу Мазэці і Ханне Ліне Фрэй афіцыйныя позвы ў сувязі са следствам у справе парушэння беларускай паветранай мяжы 4 ліпеня. Позвы перакладзеныя на англійскую мову і апублікаваныя на афіцыйным сайце КДБ У позвах гаворыцца, што гэтыя асобы павінны з’явіцца для правядзення следчых дзеянняў у 10-дзённы тэрмін. Пры сабе неабходна мець пашпарт або іншае пасведчанне асобы. Пазначаныя ў позвах і санкцыі, якія могуць быць ужытыя супраць шведскіх грамадзянаў у выпадку іх няяўкі. Згодна з артыкулам 402 Крымінальнага Кодэкса Беларусі, за гэта ім пагражае пакаранне штрафам або папраўчая праца, або пазбаўленне волі да 6 месяцаў.
    7 жніўня КДБ заявіў, што заведзена і расследуецца крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.371 КК Рэспублікі Беларусь па факце незаконнага перасячэння 4 ліпеня дзяржаўнай мяжы Беларусі падданымі Каралеўства Швецыі на лёгкаматорным самалёце. Па падазрэнні ў дапамаганні ў здзяйсненні паказанага злачынства затрыманыя грамадзяне Беларусі 20-гадовы журналіст Антон Сурапін, які першым на сваім сайце апублікаваў фатаздымкі скінутых з самалёта плюшавых мядзведзяў і 26-гадовы рыэлтар Сяргей Башарымаў, які, як мяркуецца, здаваў кватэру шведам у Мінску. Сурапіну і Башарымаву прад’яўленае абвінавачванне па ч.6 арт.16 (дапамаганне ў здзяйсненні злачынства) і ч.3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Беларусі) КК, што караецца зняволеннем да 7 гадоў.
    Лёгкаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш чым 800 цацак з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?