Кіраўнік Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Аляксандр Ванхадла кажа Еўрарадыё, што ёсць 21 дзень, каб расследаваць допінгавы скандал Надзеі Астапчук. «21 дзень — гэта тэрмін, праз які мы можам падаць у суд. За гэты тэрмін мы павінны правесці расследаванне».

Сумненні ў тым, што Астапчук свядома прымала допінг, мае спартыўны журналіст Барыс Тасман. Ён гаворыць, што, магчыма, спартсменку і яе трэнера нехта падставіў і наватадпомсціў ёй: «Для мяне больш лагічнай выглядае версія, што нехта вельмі захацеў паставіць іх у такую сітуацыю — скандальную і прыніжальную».

Допінг у беларусаў знаходзілі і раней. І медалёў пазбаўлялі. Але выпадак з Астапчук можа стаць сенсацыйным.
Справа ў тым, што спартсменка перад Алімпіядай прайшла з дзясятак тэстаў. Усе — чыстыя. Апошні перад паездкай у Лондан — 30 ліпеня. Даследаванні ў кёльнскай лабараторыі ў Германіі (!) паказалі, што ніякага допінгу яна не ўжывала. А першы станоўчы тэст быў узяты 5 жніўня, перад спаборніцтвамі. Але «Прымабалан», які знайшлі ў арганізме Астапчук, пачынае дзейнічаць пасля 2–3 тыдняў прымянення, расказвае Ванхадла.

«Гэта не той прэпарат, які прымяняецца ў гэткіх выпадках. Каб ён падзейнічаў — неабходна 2–3 тыдні прымаць. Таму сумненні. Такі прэпарат няма сэнсу прымяняць адзін раз!»

Каму можа спатрэбіцца скандал вакол Надзеі Астапчук, робіцца зразумелым, калі ўзгадаць пра затрыманне КДБ галоўнага трэнера нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы Анатоля Бадуева,
а таксама урача зборнай Паўла Дрынеўскага. Гэта адбылося ў канцы траўня. За некалькі дзён да затрыманняў у «Прэсболе» з’явілася публікацыя Барыса Тасмана пра таямнічага «кілера», які вымагае у спартсменаў грошы ўзамен за вырашэнне праблемы з антыдопінгавымі агенцтвамі. Маўляў, частка атлетаў плаціла, а частка — ўзбунтавалася.

Тасман гаворыць, што ў Федэрацыі лёгкай атлетыкі пасля Бадуева засталося шмат людзей, якія могуць адпомсціць.

«Яны цяпер змагаюцца за ўладу ў беларускай лёгкай атлетыцы, і яны маюць на гэта падставы. Я не паказваю на іх пальцам, маўляў, вось, гэта яны зрабілі. Але, тэарэтычна, яны маюць падставы — іх становішча, жыццё, верагодна, — змяніліся ў горшы бок».

У Камітэце дзяржбяспекі на запыт Еўрарадыё справу Бадуева не каментуюць. Хоць за кратамі ён ужо два з паловай месяцы.

Але надзеі, вярнуць залаты медаль Астапчук, амаль няма.
Эксперты кажуць, што максімум, на што можа цяпер разлічваць беларуская спартсменка — гадавая дыскваліфікацыя замест двухгадовай. Справядлівасць можна шукаць толькі унутры краіны. Пакуль ідзе высвятленне сітуацыі — крымінальная справа не узбуджаная.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?