У Мінску прадстаўлена кніга прафесара Аляксандра Лакатко «Гісторыка‑культурныя ландшафты Беларусі»

Прэзентацыя кнігі члена‑карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАНБ Аляксандра Лакатко «Гісторыка‑культурныя ландшафты Беларусі» прайшла 4 красавіка ў будынку прэзідыума НАНБ у Мінску. Кніга выпушчана ў канцы 2006 года выдавецкім домам «Беларуская навука».

Як зазначыў аўтар, даследаванне прысвечана праблеме комплекснага аналізу тэрыторыі краіны для выяўлення лакальных раёнаў з багатай прыроднай і гісторыка‑культурнай спадчынай. Паводле слоў А.Лакатко, на аснове шматгадовых экспедыцый і вывучэння архіваў выяўлена больш за 30 яркіх лакальных раёнаў (у тым ліку Браслаўскі край у Віцебскай вобласці, Нясвіжскія прасторы ў Мінскай вобласці і Ціхая Беседзь у Гомельскай вобласці), якія з’яўляюцца найбольш важнымі для развіцця айчыннага турызму.

«Калі ўлічыць, што асноўным прадуктам турызму становяцца веды аб краіне, яе культуры і народзе, то лакальныя раёны з разнастайнасцю гісторыка‑культурнай, матэрыяльнай і духоўнай спадчыны валодаюць значным патэнцыялам для развіцця іміджу Беларусі», — падкрэсліў вучоны.

Паводле слоў акадэміка‑сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ Пятра Нікіценкі, культура становіцца важнай эканамічнай катэгорыяй, і гуманітарны складальнік дасягае 90% прыросту ВУП Беларусі. На яго думку, рэалізацыя ідэй, закладзеных у кнізе А.Лакатко, у тым ліку канцэпцыі фармавання інфраструктуры турызму на аснове спіралі, якая бярэ пачатак у Мінску і ахоплівае многія лакальныя раёны краіны, будзе садзейнічаць развіццю айчыннай эканомікі.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка‑культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Васіль Абламскі прапанаваў аўтару кнігі стаць куратарам тэмы «Драўляная культавая архітэктура Палесся» для яе падрыхтоўкі ў якасці кандыдата на ўнясенне ў Сусветны спіс культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

Выданне ілюстравана шматлікімі архіўнымі і сучаснымі фатаграфіямі. У кнігу ўключаны карты лакальных раёнаў, спіс помнікаў архітэктуры і дарог краіны, рэкамендаваных для выкарыстання ў інфраструктуры турызму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?