14 жніўня ў Міністэрства замежных спраў Літвы быў выкліканы пасол Беларусі Уладзімір Дражын, якому прадставілі пазіцыю ЕС у сувязі з рашэннем Аляксандра Лукашэнкі адмовіць ў падаўжэнні акрэдытацыі пасла Швецыі і скасаваць дыпламатычны статус іншых супрацоўнікаў амбасады.

Як паведамляе МЗС Літвы, Дражына інфармавалі, што пры пераглядзе далейшай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі будуць улічаныя і дзеянні адносна шведскіх дыпламатаў і тэндэнцыі ўнутранай палітыкі Беларусі — лёс палітвязняў, ход будучых парламенцкіх выбараў і становішча грамадзянскай супольнасці. У святле апошніх падзей ЕС мае намер абмяркоўваць далейшае абмежаванне палітычных кантактаў з Беларуссю.

Прадстаўнікі МЗС адзначылі, што Літва, як і ўвесь ЕС, зацікаўлена ў захаванні нармальных дыпламатычных адносін з Беларуссю і ўмацаванні супрацоўніцтва ў рамках праграмы Усходняга партнёрства, аднак нармалізацыя адносін залежыць ад далейшых дзеянняў Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?