Следства прагназавала, што арганізатар і ўдзельнікі незаконнага перасячэння беларускай мяжы на лёгкаматорным самалёце 4 ліпеня адмовяцца прыязджаць у Беларусь для дачы паказанняў КДБ, бо разумеюць, што ўчынілі злачынства. Аб гэтым заявіў БелаПАН начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязей Камітэта дзяржбяспекі Аляксандр Антановіч.

Сваю адмову прыехаць у Мінск арганізатары «плюшавага дэсанта» абнародавалі ў выглядзе адкрытага ліста на імя Аляксандра Лукашэнкі, апублікаванага 14 жніўня на сайце шведскага піяр-агенцтва Studio Total.

Зварот з’яўляецца адказам на позвы, якія КДБ накіраваў шведам на мінулым тыдні. Прадстаўнікам Studio Total — удзельнікам акцыі Хане Ліне Фрэй, Перу Кромвелу і Томасу Мазэці было прадпісана на працягу 10 дзён з’явіцца ў следчы аддзел КДБ для ўдзелу ў следчым дзеяннях (допыце). «Адмова або ўхіленне сведак або пацярпелых ад дачы паказанняў у ходзе папярэдняга следства або дазнання караецца штрафам, або папраўчымі работамі тэрмінамі да 2 гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да 6 месяцаў у адпаведнасці з арт. 402 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», — гаварылася ў позвах за подпісам следчага КДБ Тарнаўскага.

Аляксандр Антановіч звярнуў увагу на тое, што, згодна з беларускімі законамі, незаконнае перасячэнне мяжы караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 2 гадоў, згодна з літоўскімі — да 10.

Ён нагадаў, што ў адным з інтэрв’ю Пер Кромвел заявіў, што правядзенне піяр-акцыі для яго важней, чым выкананне законаў, «што гаворыць аб яго безадказнасці». «Ён з саўдзельнікамі спалохаўся, у гэтым ніхто і не сумняваўся», — заявіў прадстаўнік беларускага КДБ.

«Уцягнуць у правакацыю грамадзян суверэннай дзяржавы (мабыць, маюцца на ўвазе Антон Сурапін і Сяргей Башарымаў, якія знаходзяцца цяпер пад вартай) лёгка, а дапамагчы ім не хапіла духу», — канстатаваў Антановіч.

Гаворачы пра далейшыя дзеянні КДБ, ён сказаў, што следства цяпер чакае афіцыйны адказ ад Літвы і Швецыі на просьбу аб аказанні прававой дапамогі пры расследаванні справы аб незаконным перасячэнні мяжы.
Пры гэтым Антановіч звярнуў увагу на тое, што з гэтай сітуацыі праваахоўныя структуры любой дзяржавы зробяць адназначную выснову аб тым, што незаконнае перасячэнне мяжы — гэта крымінальнае злачынства.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?