Часопіс «Ibis» Брытанскага арніталягічнага зьвязу піша, што птушыны грып перадаецца ня столькі ў часе міграцыі дзікіх птушак, колькі праз гандаль свойскімі птушкамі ды птушыным мясам.

Аўтары артыкулу папярэджваюць, што галоўная небясьпека не ў кантактах дзікіх птушак з свойскімі, якія гадуюцца вольна, а ў вялікай колькасьці ды шчыльнасьці птушак, якія гадуюцца ў закрытых памяшканьнях.

Калі шчыльнасьць птушак невысокая, то небясьпечны штам можа зьнікнуць, бо хворая птушка памрэ раней, чым пасьпее заразіць здаровую. У Азіі шчыльнасьць утрыманьня свойскай птушкі вельмі высокая, што спрыяе хуткай перадачы вірусу.

Вядомы штам H5N1 быў адкрыты ў 1996 годзе ў свойскіх гусей у паўднёва‑кітайскай правінцыі Гуандонг (Guangdong) і далей распаўсюдзіўся на даволі вялікай тэрыторыі дзякуючы гандлю гусямі, качкамі ды іншай свойскай птушкай.

«Геаграфічнае пашырэньне й эвалюцыя вірусу з 1996 году, хутчэй за ўсё, адбываліся безь якой бы то сувязі зь дзікімі птушкамі», — робяць выснову аўтары.

На карысьць гэтай тэорыі сьведчыць і тое, што вірус распаўсюджваўся ня ў час міграцыі дзікіх птушак, а тады, калі яны ліняюць і ня могуць лётаць. Ды й шлях распаўсюду вірусу супадае не з маршрутамі міграцыі, а з гандлёвымі шляхамі, —такімі, як Транс‑Сыбірская чыгунка, якая ідзе праз краіны, дзе было найбольш выпадкаў гібелі свойскай птушкі, і дзе на мяжы адсутны строгі кантроль, а вэтэрынарныя службы слаба разьвітыя.

Міжнародныя арганізацыі, напрыклад, FAO (Сусьветная харчовая арганізацыя) аднак, працягваюць ігнараваць высновы навукоўцаў і дагэтуль вінавацяць у распаўсюдзе вірусу дзікіх птушак.

«Разумеючы, што адна з галоўных роляў FAO — гэта разьвіцьцё міжнароднага сельскагаспадарчага гандлю, ім было б цяжка прызнаць, што менавіта гэты гандаль адказны за пашырэньне патагеннага штаму H5N1 па ўсім Сьвеце», — камэнтуюць гэткую зацятасьць аўтары.

Якасны нагляд за свой свойскай птушкай і напаўвольнае яе ўтрыманьне разам з строгім вэтэрынарным кантролем, а таксама кантролем гандлю — гэткая стратэгія барацьбы з пашырэньнем птушынага грыпу, на думку аўтараў, мае быць выніковай, хоць і перакульвае ранейшыя ўяўленьні пра птушыны грып дагары нагамі.

M. Gauthier‑Clerc, C. Lebarbenchon & F. Thomas. Recent expansion of highly pathogenic avian influenza H5N1: a critical review. — Ibis, 2007.

Пераклаў Дзьмітры Вінчэўскі (Ахова птушак бацькаўшчыны) паводле birdlife.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0