Пяць патэнцыйных кандыдатаў ад Партыі БНФ адмовіліся ад удзелу ў выбарчай кампаніі ў знак пратэсту супраць вынікаў фармавання выбарчых камісій. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў 15 жніўня падчас прэзентацыі праграмы рэформ «Народная праграма».

Паводле яго слоў, 4 жніўня першая сесія з’езда партыі вылучыла ў кандыдаты ў дэпутаты 38 членаў. «Тады ж было прынята рашэнне аб зняцці кандыдатаў ад партыі пры невыкананні ўладамі ўмоў: уключэнні ўсіх прэтэндэнтаў ад партыі ў акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі і вызваленні палітзняволеных», — нагадаў Лялькоў.

У гэты момант, зазначыў ён, дакументы на рэгістрацыю ад Партыі БНФ падалі толькі 33 патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты.
«Пяць прэтэндэнтаў адмовіліся падаваць дакументы ў знак пратэсту супраць неўключэння нашых прэтэндэнтаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі менавіта ў тых акругах, у якіх яны мелі намер балатавацца», — сказаў Лялькоў.

Ён нагадаў, што з 57 прадстаўнікоў партыі ў акруговыя выбарчыя камісіі ўключылі 12 чалавек, а з 233 прэтэндэнтаў на ўдзел ва ўчастковых выбарчых камісіях ад Партыі БНФ і грамадскай арганізацыі БНФ «Адраджэньне» ў іх трапілі толькі 13 чалавек.

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 23 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?