Грамадскае аб’яднанне «Рух «За Свабоду» прадставіла 15 жніўня ў Мінску новую версію «Народнай праграмы».

Як паведаміў на прэзентацыі каардынатар праекта, намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, праграма ўключае прапановы па рэфармаванні грамадскай, эканамічнай і палітычнай сістэмы Беларусі. «Яна пачала стварацца перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года, а найболей актыўная фаза яе стварэння прыйшлася на крызіс 2011 года. За гэты перыяд мы змаглі прыцягнуць да працы над праграмай прыкладна 40 беларускіх экспертаў у розных сферах — ад эканомікі да сацыяльнай палітыкі», — сказаў Губарэвіч.

Пры гэтым ён паведаміў, што праграма стваралася з улікам грамадскай думкі.
«Мы апублікавалі яе праект на сайце. Пад больш як 20 тэмамі мы атрымалі сотні крытычных водгукаў, якія былі ўлічаны пры распрацоўцы праграмы», — адзначыў намеснік старшыні руху «За Свабоду» .

Паводле яго слоў, у межах стварэння праграмы было праведзена больш як 40 круглых сталоў у Беларусі з удзелам экспертаў і мэтавых груп. Такім чынам, была створана база прапаноў па рэфармаванні Беларусі, якую могуць выкарыстоўваць на парламенцкіх выбарах 2012 года кандыдаты ў дэпутаты, падкрэсліў палітык.

«Сёння значная колькасць апазіцыйных актывістаў мае намер выкарыстоўваць агітацыйны перыяд выбарчай кампаніі для папулярызацыі ідэй рэфармавання і мадэрнізацыі Беларусі. „Народная праграма“ прапануе ім свае напрацоўкі і свае ідэі для публікацыі іх у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, для выступлення на радыё і тэлебачанні, для выкарыстання ва ўлётках і іншай агітацыйнай прадукцыі», — падкрэсліў Губарэвіч.

Ён паведаміў, што існуе дамоўленасць з 54 патэнцыяльнымі кандыдатамі ў дэпутаты, як партыйнымі, так і незалежнымі, па выкарыстанні гэтай праграмы.

«Мы плануем, што пры дапамозе іх мы зможам ахапіць прыкладна 3,5–4 млн. выбаршчыкаў Беларусі», — заявіў намеснік старшыні руху «За Свабоду» .

Як адзначыў адзін з экспертаў, якія працавалі над стварэннем «Народнай праграмы», эканаміст Сяргей Чалы, яна адрозніваецца ад астатніх падобных партыйных дакументаў. «Па-першае, гэта была спроба зрабіць непартыйную агульную праграму, а па-другое, прыцягнуць да яе стварэння шмат экспертаў. Гэта значыць, можна гаварыць, што яна ўжо прайшла экспертную ацэнку», — сказаў Чалы.

Паводле яго слоў, «у праграме няма нічога асабліва новага», але «калі пачаць яе рэалізоўваць і давесці яе рэалізацыю да канца, у гістарычна невялікі адрэзак часу — нават меней як 10 гадоў — можна пабудаваць новую эфектыўную эканоміку».

Сяргей Пульша, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?