На фота: Матэа Мекачы.

На фота: Матэа Мекачы.

Старшыня камітэта па правах чалавека Парламенцкай асамблеі АБСЕ Матэа Мекачы — менавіта той чалавек, які патрэбны для працы ў якасці кіраўніка місіі назіральнікаў за выбарамі ў Беларусі. Так пракаментаваў сённяшняе выказванне Аляксандра Лукашэнкі кіраўнік прэс-службы ПА АБСЕ Ніл Сайман.

15 жніўня на сустрэчы з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым, які знаходзіцца ў Мінску, Лукашэнка выказаў незадаволенасць кандыдатурай кіраўніка місіі ад ПА АБСЕ. «Думаю, што маглі б знайсці больш дасведчанага чалавека ў частцы Беларусі і сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Мы ўважліва зараз вывучаем усе гэтыя пазіцыі і, вядома ж, будзем адпаведным чынам рэагаваць», — сказаў Лукашэнка.

Ніл Сайман у сваю чаргу заявіў:

«Матэа Мекачы доўгі час назіраў за развіццём падзей у Беларусі, і ён — менавіта той чалавек, які патрэбны для таго, каб узначаліць місію назіральнікаў і данесці пазіцыю ПА АБСЕ адносна парламенцкіх выбараў у Беларусі».

«Мы прызначылі Матэа Мекачы на гэтую важную місію паводле прапановы прэзідэнта Парламенцкай асамблеі АБСЕ Рыкарда Мільёры», — дадаў ён.

Пра тое, што місію па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі ад ПА АБСЕ ўзначаліць італьянец Матэа Мекачы, стала вядома прыкладна месяц таму.

20 ліпеня прэс-служба ПА АБСЕ распаўсюдзіла заяву Мекачы.

«Мы пачынаем гэтую місію па назіранні за выбарамі з адкрытым сэрцам, працягваючы руку нашым сябрам з Беларусі, — сказаў ён.
— Мы вельмі спадзяемся ўбачыць значныя пазітыўныя зрухі ў параўнанні з мінулымі выбарамі, і што ўсе, уключаючы і тых, хто знаходзіцца пад дамашнім арыштам ці ў турме, атрымаюць магчымасць свабодна і без абмежаванняў узяць удзел у парламенцкіх выбарах».

Мекачы не раз выступаў з крытыкай на адрас афіцыйнага Мінска. Так, на нарадзе па чалавечым вымярэнні ў Варшаве ў верасні 2011 года ён заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх вязняў сумлення. Мекачы ўказаў на шматлікія праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, уключаючы свабоду СМІ, свабоду сходаў, справядлівыя выбары і смяротную кару.

Чакаецца, што назіральнікі ад АБСЕ пачнуць прыбываць у Мінск пасля 20 жніўня.

Парламенцкія выбары пройдуць 23 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?