Былы вязень сумленьня, доктар медыцыны Юры Бандажэўскі на ўласным досьведзе напісаў за кратамі дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека». Цяпер ён публікуе артыкулы з гэтага дапаможніка на сайце радыё «Свабода». Адзін з самых цікавых прысьвечаны чаю. Нават за кратамі навуковец Бандажэўскі ладзіў экспэрымэнты.

Традыцыйна гарбата для арыштанта — гэта ня проста напой, а сталы спадарожнік, адзін з асноўных інструмэнтаў арганізацыі жыцьця ў няволі.
Гарбата выконвае ролю грашовай адзінкі ў дачыненьнях паміж зьняволенымі. За ёй абмяркоўваюцца ўсе актуальныя пытаньні.

Калі спытаць зьняволеных пра вартасьці гэтага напою, то шмат хто будзе паўтараць прачытанае ў папулярнай літаратуры або пачутае ад іншых — які ён цудадзейны. Раскажуць, што гэта моцны антыаксыдант, які паляпшае дзейнасьць сэрца, пячонкі і да таго ж дапамагае арганізму спальваць тлушч, што ў гарбаце ёсьць фторыстыя злучэньні і гэта прадухіляе карыес, што азіяты, якія п’юць гарбату (асабліва зялёную), значна радзей за іншых захворваюць на рак. Галоўнае ж, гарбата — моцны энэргетычны напой, у якім кафэіну яшчэ болей, чым у каве.

Падчас маёй адседкі ў менскай калёніі на Кальварыйскай зьняволеным удалося пераканацца ў карысьці гарбаты экспэрымэнтальна.
Ідэя правесьці дасьледаваньне прыйшла да мяне ў тамтэйшай бібліятэцы. Неяк я падгледзеў, што ў кадцы з расьлінамі, куды мы зьлівалі рэшткі гарбаты быццам бы для сілкаваньня расьлінаў, жылі дажджавыя чарвякі. У мяне ўзьнікла думка, што яны спажываюць гэтую гарбату і выдзяляюць гумус, які ў выніку сілкуе расьліны. Узьнікла ідэя праверыць гэта досьледным шляхам. Калі чарвякі сапраўды сілкуюцца лісьцем гарбаты, то можна ў выніку спраўдзіць і якасьць розных яе гатункаў.
Доказам мелася паслужыць размнажальнасьць чарвякоў, а таксама іх памеры.

Кіраўніцтва ўстановы ўхваліла экспэрымэнт. Пачалі яго напрыканцы 2001 году, а скончылі ўвесну 2002-га. Разам з маім таварышам па зьняволеньні Вадзімам Ш. ды іншымі памочнікамі былі вырабленыя з кардону чатыры аднолькавыя скрыні, у якія зьмясьцілі пароўну чарназёму ды адну і тую ж колькасьць чарвякоў. Магчыма, у кагосьці гэтае дасьледаваньне і выкліча ўсьмешку, але ўявіце сабе ўмовы яго правядзеньня, пры якіх не дазвалялася мець пры сабе нават нажніц для паперы, а пра шалі, каб узважваць чарвякоў, не магло быць і гаворкі. І шалі, і гіры мы вырабілі з кардону.

Кожны тыдзень, каб сілкаваць чарвякоў, у скрыні зьмяшчалася аднолькавая колькасьць лісьця гарбаты, якая заставалася ад аднаразовай запаркі.
Сілкаваньне ажыцьцяўлялася згодна з распрацаванай схемай.

У скрыню № 1 зьлівалі рэшткі чорнай краснадарскай гарбаты, у скрыню № 2 — чорнай цэйлёнскай, у скрыню № 3 — зялёнай кітайскай, у скрыню № 4 — чорнай індыйскай.

Зэкі вельмі адказна паставіліся да працы і зь нецярпеньнем чакалі вынікаў.
Для іх было важна на ўласныя вочы ўбачыць, як гэты прадукт уплывае на папуляцыю і стан здароўя такіх жа аматараў гарбаты, што і яны. Празь месяц ад пачатку экспэрымэнту мы вызначылі масу чарвякоў. Потым разам з памочнікамі выдалілі са скрыняў дарослых асобін і падлічылі колькасьць маладых чарвякоў, зарэгістраваўшы іх масу.

Дажджавыя чарвякі сапраўды сілкуюцца лісьцем гарбаты, якое можа быць для іх і асноўным прадуктам.

Найбольшай масы за месяц ад пачатку экспэрымэнту дасягнулі чарвякі з скрыні № 3 зь зялёнай кітайскай гарбатай.
Найлепшая рэпрадукцыя была адзначаная ў скрыні № 2 з цэйлёнскай гарбатай. Найгоршай паводле гэтых паказчыкаў была прызнана гарбата скрыні № 1 — краснадарская.

Карыснасьць канкрэтных гатункаў гарбаты наўпрост залежыць ад колькасьці дубільных рэчываў. Чым іх больш — тым лепш. У краснадарскай — найменшая колькасьць гэтых рэчываў.

Ня выключана, што актыўным біялягічным дзеяньнем валодаюць альбуміны — бялкі, якіх у зялёнай гарбаце больш, чым у чорнай.

Высновы з праведзеных намі досьледаў былі зробленыя наступныя. «Атрыманыя вынікі дазваляюць намеціць далейшыя дасьледаваньні па вызначэньні актыўных біялягічных субстанцый, якія зьмяшчаюцца ў лісьці гарбаты, з мэтай прымяненьня ў практыцы лячэньня шэрагу захворваньняў. Паводле вынікаў, можна рэкамэндаваць дажджавых кольчатых чарвякоў у якасьці аб’екта экспэрымэнтальных дасьледаваньняў па вызначэньні ўплыву прадуктаў харчаваньня і тых рэчываў, якія ўваходзяць у іх склад, на працэсы росту і рэпрадукцыі, што мае несумненную практычную значнасьць».

Самае вядомае сярод гэтых рэчываў — кафэін, які аказвае стымулюючае ўзьдзеяньне на арганізм. Гэты алькалёід належыць да тых складнікаў гарбаты, якасьць і колькасьць якіх вельмі нязначна зьмяняецца пры перапрацоўцы.

Кафэін не затрымліваецца і не назапашваецца ў арганізьме.
Ад 16 да 25% у гарбаце складаюць карысныя для арганізму бялкі і амінакіслоты.
Як лекар сьведчу, што злоўжываць гарбатай, як і любым іншым прадуктам, ня варта. Дарэчы, піць яе (як і любы іншы напой ваду, сок і г.д) лепш не пасьля яды, а да яе.
Падчас яды лепш абмежавацца той колькасьцю вадкасьці, якая неабходная для таго, каб не атрымалася «сухамятка». Нягледзячы на высокую колькасьць карысных рэчываў, шмат зялёнай гарбаты ня варта ўжываць тым, хто мае праблемы са страваваньнем. Вялікая колькасьць дубільных рэчываў агрэсіўная да запаленчых працэсаў у страўнікава-кішачным тракце.
Трэба быць асьцярожным з такім традыцыйным і папулярным у турмах напоем, як чыфір.
Ягоны хімічны склад рэзка адрозьніваецца ад складу нармальна запаранай гарбаты з-за высокага адсотку кафэіну. Тыя, хто доўга ўжывае гэты стымулятар, рызыкуюць мець сур’ёзныя праблемы з сардэчна-сасудзістай сыстэмай.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?