Нататнікі, паштоўкі, магніты на лядоўню. А хутка – кубкі, торбачкі, алоўкі і малыя бутэлечкі для вадкасцяў. Здаецца, на галаваломнае пытанне, што прэзентаваць замежным сябрам на памяць пра Менск, з’явіўся відавочны адказ. Канцэптуальныя, вытрыманыя ў адзінай стылістыцы сувеніры ад маладой кампаніі «Ліхтар», піша 34 mag.

«Ліхтар» — гэта тры чалавекі. Кася распрацоўвае дызайн, Іра займаецца арганізацыйнымі пытаннямі, а Паша адказвае за фінансы і бухгалтэрыю. Мы круцім у руках першую прадукцыю ад «Ліхтара» і гутарым з заснавальнікамі кампаніі.

Якім чынам нарадзілася ідэя? Брэйнстормілі, чаго б такога замуціць?

Кася: Ідэя нарадзілася сама сабой. Проста мы шмат падарожнічаем, а з падарожжаў заўсёды хочацца прывозіць нешта на памяць. Я трапляла на крамы з дызайнерскімі сувенірамі ў Берліне, Парыжы, Стакгольме. Аднаго разу здымала рэпартаж з уладальнікам варшаўскай крамы Magazyn Praga, пабачыла, як там у іх усё знутры адбываецца. Агулам накапілася шмат досведу.

Вось калі паглядзець на ўсё, што прадаецца пра Менск і Беларусь, можна падумаць, што беларусы так і засталіся жыць у ХІХ стагоддзі. Усе гэтыя саламяныя лялькі, абпаленая гліна, вышыванкі… Гэта добра, але дзе сучаснасць?
Нават калі казаць пра гісторыю, паглядзіце на фотаздымкі пачатку ХХ стагоддзя Зоф’і Хамянтоўскай — вы пабачыце зусім іншую Беларусь.
З іншага боку існавала праблема – што падарыць замежным сябрам? Ну ок, у нас ёсць алкаголь, танныя цыгарэты і журавіны ў цукры. Але ўсё гэта хутка з’есца, выпаліцца і вып’ецца. А што застанецца?
І далей ты губляешся. Бо твае сябры – сучасныя маладыя людзі з розных гарадоў Еўропы, іх гарантавана не зацікавяць саламяныя лялькі-пылазборнікі. Тым не менш, Менск яны любяць і гатовыя сюды вяртацца, і іх таксама з нашым горадам звязваюць часцей прыемныя ўспаміны.

Якія сувеніры вы будзеце выпускаць? Чым яны будуць адрознівацца ад тых, што ўжо існуюць?

Кася: Спачатку гэта будуць дастаткова звычайныя рэчы, каб задаволіць попыт: нататнікі, паштоўкі, магніты, кубкі, торбы. Пазней будзем пашыраць асартымент іншымі, крыху больш складанымі, але патрэбнымі рэчамі для падарожжаў. Напрыклад, малыя бутэлечкі для вадкасцяў аб’ёмам 100 мл і менш, біркі для багажу. Галоўнае – нам падабаюцца простыя рэчы, якія трактуюцца адназначна, зручныя ў выкарыстанні і не стамляюць – на іх заўсёды прыемна глядзець. Мы не будзем шукаць занадта арыгінальных ідэй і пастараемся не рабіць крэатыў дзеля крэатыву.

Вы лічыце, што тое, чым вы займаецеся, – гэта вольная ніша?

Іра: Нельга сказаць, што мы знайшлі незанятую нішу. Хутчэй, мы заўважылі некаторыя пустыя месцы ў той, што ўжо існуе. У Беларусі з поспехам прадаюцца традыцыйныя сувеніры, вырабы з гліны, саломка ды іншае. Але гэтыя рэчы мала звязаныя з тым, што бачыць турыст у сучасным Менску.

Апошнім часам робіцца шмат спробаў вынайсці нейкія нечаканыя пункты гледжання на Менск. Робяцца сувеніры, выдаюцца альбомы, якія паказваюць нейкі «іншы» Менск.
Але, мне падаецца, увесь гэты крэатыў больш цікавы для інсайдараў, замежнікам ён не надта зразумелы.

Павал: Ну вось банальны прыклад: калі ўпершыню трапляеш у Парыж, табе трэба Эйфелева вежа і круасаны на сняданак. І нават калі падчас падарожжа ты трапляеш на арабскія кварталы і тайскі фаст-фуд часцей, чым на мясцовых буржуа з бакалам шарданэ, ты ўсё адно вязеш сабе на памяць магніцік з Эйфелевай вежай або чырвоны берэт з Манмартра. Бо ты ехаў менавіта па гэта, а не па нейкі там «іншы» Парыж.

Іра: І вось тут зразумелая, напэўна, нашая асаблівасць. Мы арыентуемся на цікавасці замежнікаў, якія едуць сюды пабачыць сучасны горад і якія жадаюць забраць з сабой напамін пра тое, што яны сапраўды бачылі.

Як будзе арганізаваная сетка распаўсюду?

Іра: Нам не вельмі трэба, каб нашы сувеніры прадаваліся ў кожным мікрараёне.

Перш-наперш мы збіраемся ахапіць галоўныя турыстычныя кропкі: галерэі, вялікія крамы ў цэнтры, куды звычайна скіроўваюць закупляцца замежных сваякоў. Акрамя таго, зусім хутка пачне працаваць нашая інтэрнэт-крама, што зробіць набыццё сувеніраў нашмат больш зручным.
Вось едзеш ты ў Швецыю па абмене і ламаеш галаву, што б прывезці сям’і, у якую скіроўваешся. Будзе вельмі проста зайсці на наш сайт і ўсё там выбраць: нататнік для таты, магніты для мамы, торбачкі і алоўкі для дзяцей. І ўсе шчаслівыя.

Таксама карыстацца сайтам будзе зручна нашым карпаратыўным кліентам. Бізнесоўцы – таксама нашая мэтавая аўдыторыя. У Беларусі даволі шмат установаў, якія працуюць з замежнымі калегамі. Мы зробім так, каб ім было зручна замаўляць падарункавыя наборы праз адно тэлефанаванне. Таксама мы плануем супрацоўнічаць з турыстычнымі агенцтвамі, арыентаванымі на ўязны турызм. Але гэта пакуль яшчэ наперадзе.

На які прыбытак вы плануеце выйсці праз год?

Павал: Мы толькі адчыніліся, і пакуль арыентуемся не столькі на павелічэнне заробкаў, колькі на развіццё сваёй справы. Мы скіраваныя на пашырэнне асартыменту, і на гэта трэба яшчэ зарабіць. Калі казаць пра нейкую доўгатэрміновую мэту – гэта, безумоўна, оф-лайн-крама. Паводле бізнес-плану, яна мае з’явіцца прыкладна праз паўтара года. Вельмі хочацца стварыць такі турыстычны пойнт у цэнтры горада, дзе можна атрымаць базавую інфу, абраць падарункі сябрам, выпіць кавы, сустрэць людзей і рушыць наперад – даследаваць новы горад.

Колькі заняў працэс стварэння прадпрыемства? Наколькі гэта цяжка і нудна?

Іра: На тое, каб легалізаваць нашую дзейнасць, спатрэбілася дзесьці паўгода.

Нельга сказаць, што гэта вельмі цяжка, але, калі ты ўва ўсёй гэтай бюракратыі новы чалавек, трэба шмат вучыцца.
Мы прынцыпова не жадалі звяртацца да кансультантаў, якія, напрыклад, рэгіструюць бізнес «пад ключ». Нам было істотна разабрацца ва ўсім самім. Мы шмат чыталі, вучыліся афармляць дакументы і вылічваць падаткі. Але даволі хутка легальнае ўладкаванне пачало падавацца проста наборам неабходных крокаў. Прачыталі закон, падрыхтавалі дакументы, адвезлі, куды трэба, паехалі далей.
Галоўная парада для тых, хто жадае пачаць уласную справу і не мае асабліва досведу: больш звяртайцеся да дзяржаўных установаў і заканадаўства, менш да тэматычных форумаў у інтэрнэце – ашчадзіце шмат часу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?