Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму адмовіла ў рэгістрацыі Гарадзенскай абласной арганізацыы Партыі БНФ.

Дакумэнты на рэгістрацыю абласной арганізацыі Партыі БНФ былі пададзеныя 28 траўня 2012 году. І ўжо празь месяц, 27 чэрвеня, начальнік галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму А.Н. Сянкевіч паведаміў аб прыпыненьні працэдуры рэгістрацыі Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ на адзін месяц. Падставай для прыняцьця такога рашэньня сталася непрадастаўленьне сьпісу сябраў Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ, з указаньнем месцаў іх працы і жыхарства.

Гарадзенскай абласной структуры Партыі БНФ быў дадзены час цягам месяца выправіць сытуацыю — даслаць сьпіс сяброў Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Партыі, што і было зроблена Вадзімам Саранчуковым, старшынём структуры. Патрэбныя дакумэнты былі дасланыя замоўленым лістом, аб чым ёсьць квітанцыя.

Аднак Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму спасылаецца на адсутнасьць дакумэнтаў, па той прычыне Гарадзенскай абласной арганізацыі і было адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі.

Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў заявіў, што адмова ў дзяржаўнай рэгістрацыі структуры непасрэдна зьвязаная з выбарчай кампаніяй 2012 году, бо менавіта абласныя структуры палітычных партыяў маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў. Таму рашэньне адносна рэгістрацыі Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ з боку ўладаў ёсьць выключна палітычным. Сп. Саранчукоў таксама зазначыў, што Партыя БНФ будзе абскарджваць у судзе рашэньне ўпраўленьня юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму.

Нагадаем, што гарадзенскае адзьдзяленьне Партыі БНФ неаднаразова рабіла спробы атрымаць рэгістрацыю, сутыкаючыся з сумнеўнымі і неабгрунтаванымі адказамі. У прыватнасьці, 3 гады таму Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ было адмоўлена ў рэгістрацыі з прычыны таго, што шрыфт у пратаколе быў 12 памеру, а не 14. На дадзены момант 10 з 15-ці зарэгістраваных у Беларусі палітычных партыяў маюць на Гарадзеншчыне свае арганізацыйныя структуры.

Прэс-служба Партыі БНФ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?