Афіцэр польскай разьведкі пад псэўднімам Вінцэнт В. Сяверскі (Vincent V. Severski) напісаў шпіёнскую аповесьць, падзеі ў якой разгортваюцца ў лукашэнкаўскай Беларусі і — сюрпрыз — у Швэцыі.

«Нелегалы» («Nielegalni») — гэта дэтэктыўная аповесьць пра таямніцы працы шпіёнаў-нелегалаў. Кніга выйшла летась і стала гітом па продажы.
Плянуецца яе выданьне па-расейску.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы атрымоўвае інфармацыю пра таямнічую скрыню, закапаную ў 1940-ыя гады ў руінах Берасьцейскай крэпасьці. У ёй схаваныя сэнсацыйныя даваенныя архівы НКВД пра дзейнасьць савецкай разьведкі і яе шпіёнаў у міжваеннай Польшчы. За скрыняй пачынаюць паляваць Варшава й Масква. Ас польскай разьведкі Конрад Вольскі й яго найлепшыя агенты рушаць у пагоню за гістарычным скарбам. У дадатак швэдзкая разьведка просіць палякаў дапамагчы ў назіраньні за 80-гадовым Хансам Ёргенсам — датчанінам са швэдзкім пашпартам, які аказваецца супершпіёнам расейскіх спэцслужбаў і да таго ж беларусам з-пад Горадні. Ёргенс большасьць жыцьця пражыў у Скандынавіі й палае лютай нянавісьцю да палякаў за забойства ў часе вайны яго сям’і й жыхароў ягонай роднай вёскі Мядведкі. Яго гісторыя цесна зьвязаная з акалічнасьцямі архіву НКВД.

Пачынаецца гонка на апераджэньне. Польскія й расейскія агенты едуць у Беларусь. Там не абыходзіцца без лукашэнкаўскага КДБ. Аднак вобраз беларускіх спэцслужбаў у кнізе Сяверскага наўрадці спадабаўся б менскім чэкістам. Камітэт дзяржбясьпекі паказаны наскрозь карумпаванай структурай, павязанай зь бізнэсам і кантрабандыстамі, а самі чэкісты — аматары чаркі й расейскія агенты. Але нават капітан Васіль Крупа, які зьлівае інфу масквічам, марыць пра Беларусь без Лукашэнкі й лічыць сябе беларускім патрыётам.

Усе гэтыя, на першы погляд, розныя гісторыі й людзі злучаюцца ў займальны сюжэт кнігі, якая налічвае больш за 800 старонак.

«Супадзеньне апісаных у кнізе падзей з сапраўднымі выпадковае, але не заўсёды» — піша на пачатку кнігі Вінцэнт Сяверскі. Аўтар адпрацаваў у спэцслужбах 27 гадоў. За гэты час ён удзельнічаў у 140 місіях у амаль 50-ці краінах пад выдуманым імем. Займаў кіраўнічую пасаду ў Агенцтве выведкі і ў 2007 годзе выйшаў у адстаўку. Мае шмат урадавых узнагародаў. Вядома, што і Барак Абама ўзнагародзіў яго нядаўна ордэнам «Легіёну пашаны».

Інтэрвію зь Вінцэнтам Сяверскім зьявіцца на Польскім радыё ў бліжэйшыя дні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?