За ўзор прымірэнчага звароту польскіх біскупаў і патрыярха Кірылы ўзяты хрэстаматыйны зварот нямецкіх біскупаў да біскупаў Польшчы, — кажа беларускі гісторык культуры Анатоль Сідарэвіч, — і зварот польскіх біскупаў да нямецкіх з формуламі: «просім прабачэння» і «прабачаем і просім прабачэння».

Аўтарытэт Каталіцкай царквы ў Польшчы высокі, аднак арцыбіскупу Юзафу Міхаліку ўжо давялося даваць тлумачэнні з нагоды замірэння з Расіяй і адстойваць дакумент, які ён падпіша разам Кірылам, — адзначае Анатоль Сідарэвіч.
— Значыцца, ёсць пэўная частка грамадства, якая не згодная з такім падыходам да праблемы.
Зрэшты, у камуністычныя часы за зварот паразумення з немцамі на касцёл абрынулася цэлая хваля бруду ад дзяржаўнай прапаганды.

Што тычыцца Расійскай праваслаўнай царквы, то яе аўтарытэт у расійскім грамадстве не такі высокі. Грамадства з ёй не раз пікіравалася за апошні час: гадзіннік патрыярха Кірыла, Pussy Riot, заявы Усевалада Чапліна…

Калі казаць пра форму заявы, то лепш было б, каб такі дакумент агучылі Архірэйскі сабор Маскоўскага патрыярхату і канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Польшчы, — мяркуе спадар Сідарэвіч.

У выпадку польска-нямецкага прымірэння гаворка ішла пра супольнае жаданне дзвюх еўрапейскіх нацый. Але, запыталіся мы, ці ёсць адпаведная воля ў Расіі, што называецца, «ці трэба гэта ёй»?

Так, для паляпшэння расійска-польскіх адносінаў мала добрай волі цэркваў, — пагадзіўся Анатоль Сідарэвіч. — Патрэбнае адпаведнае жаданне палітычнага класа і інтэлектуальных элітаў.

Нагадаю, што спатрэбілася пяць гадоў пасля зваротаў нямецкіх і польскіх біскупаў, каб Вілі Брант і Юзэф Цыранкевіч падпісалі дамову паміж Заходняй Нямеччынай і Польшчай аб нармалізацыі міждзяржаўных адносін.
Спатрэбілася яшчэ пяць гадоў, каб у Хельсінках адбылася агульнаеўрапейская нарада ў справах бяспекі супрацоўніцтва. А для таго, каб Нямеччына і Польшча сталі саюзнікамі, спатрэбілася чакаць яшчэ пятнаццаць гадоў, пакуль не ўпаў камунізм у СССР і Цэнтральнай Еўропе, пакуль не развалілася «імперыя зла».
Сучасны расійскі палітычны клас паводле сваёй ментальнасці застаецца імперскім.
Дастатова згадаць, як ліберал Анатоль Чубайс заклікаў будаваць ліберальную імперыю. Таму я не думаю, што сяброўства Расіі і Польшчы — перспектыва бліжэйшай будучыні.
Што тычыцца беларускага аспекту, то варта заўважыць, што гэта дамова робіцца без удзелу беларускай Царквы, бо сапраўды сваёй Праваслаўнай царквы ў нас няма.
Тым часам у Беларусі мусіць быць свой дыялог з Польшчай, бо ў нас свае спецыфічныя гістарычныя рахункі, у тым ліку ў галіне міжцаркоўных адносін (дастаткова загадаць 1921–1939 гады ў Заходняй Беларусі).

Мітрапаліт Сава ў часы ПНР супрацоўнічаў з камуністычнай палітычнай паліцыяй. І адносна Кірыла таксама гучаць розныя меркаванні.

Ці мае маральную вагу зварот такіх асобаў? Адна рэч, калі «даравалі і даравання прасілі» біскуп Вайтыла, будучы Ян Павал ІІ, ды нямецкія біскупы, а другая рэч — прыдзяржаўная, дэ-факта, царква, запыталіся мы.

Калі казаць пра асобу мітрапаліта Савы, кіраўніка Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, які ў часы «камуны» быў ці то агентам, ці то канфідэнтам Службы бяспекі, то праваслаўнае насельніцтва Польшчы не бунтуе супраць яго, зазначыў Анатоль Сідарэвіч. Як і праваслаўныя Расіі і Беларусі не бунтуюць супраць Кірыла, які, праўдападобна, таксама працаваў на КГБ.

А што вы думаеце пра сцвярджэнні, што прымірэнне Польшчы і Расіі для Беларусі небяспечнае, бо гэтыя нацыі зноў падзеляць паміж сабой Беларусь? — запыталася «Наша Ніва».
Мы прывялі прыклад такіх выказванняў як з лукашэнкаўскай «Советской Белоруссіі», так і з вуснаў беларускамоўных нацыяналістаў.
Анатоль Сідарэвіч катэгарычны: Такія сцвярджэнні нельга ўспрымаць сур’ёзна.
Але зазначае: візіт Кірыла ў Польшчу нагадвае пра нашы нявырашаныя праблемы. У дадзеным выпадку кепска тое, што маскоўскі патрыярх як быццам гаворыць і ад імя Беларусі. І вінаватая ў гэтым беларуская ўлада, якая не дамагалася ад Масквы стварэння ў нас Царквы хоць бы з такім статусам, як ва Украіне. Не кажу пра тое, што канфрантацыйная палітыка афіцыйнага Мінска, яго перманентныя сваркі з Варшавай прывялі да таго, што адносіны паміж суседнімі дзяржавамі нагадваюць перыяд халоднай вайны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?