29 сакавіка

Гарэцкага вазілі на допыт
Падчас знаходжаньня на Акрэсьціна, Барыса Гарэцкага вазілі на допыт у пракуратуру, дзе яму выставілі абвінавачваньне па крымінальным артыкуле за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». Барыс Гарэцкі, затрыманы 22 сакавіка і асуджаны на 12 сутак арышту, трымаў у турме галадоўку пратэсту.

30 сакавіка

Плаціце за ахову Курапатаў!
Аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў зьвярнуўся да старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава, выказаўшы заклапочанасьць станам Курапатаў і выпадкамі вандалізму ў дачыненьні да «лавы Клінтана». Намесьнік старшыні абласной міліцыі сп.Шутаў адказаў, што УУС Менаблвыканкаму ня мае неабходных фінансаў, і «забясьпечыць кругласутачную ахову комплексу Курапаты на бязвыплатнай аснове ня мае магчымасьці».

Ператрус у доме фронтаўца
Да сябра Сойму Партыі БНФ Уладзімера Кішкурны зьявіліся чацьвёра міліцыянтаў з панятымі і ордэрам на ператрус на падставе пошуку наркотыкаў. Ператрус скончыўся канфіскацыяй рызографа, разака для паперы і 20 ўлётак «За Свабоду!».

На Казуліна ціск
Паводле словаў адваката Ігара Рынкевіча, адміністрацыя калёніі аказвае псыхалягічны ціск на А.Казуліна. Зьняволеным забаронена кантактаваць зь ім. Парушальнікаў пераводзяць у іншыя калёніі.

Мэдыкі прызналіся
Загадчыца восьмым аддзяленьнем псыхіятрычнай клінікі, дзе тры дні знаходзілася Крысьціна Шацікава, паведаміла, што апазыцыянэрку даставілі ў клініку міліцыянты з накірункам на прымусовую шпіталізацыю.

1 красавіка

Затрыманая дачка Шандаровіча
1 красавіка вечарам у падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа міліцыянты затрымалі Крысьціну Шацікаву, прадстаўніка Беларускага Хэльсынскага камітэту Андрэя Кіма і грамадзянку Расеі, дачку Віктара Шандаровіча — Валянціну Чубараву. Іх зьвінавацілі ў расклейваньні налепак, дзе зьмяшчалася віншаваньне з Днём Дурня. Затрыманых даставілі ў УУС Савецкага раёну і адпусьцілі.

Напад на гомельскі офіс БНФ
Каля 22‑й невядомыя напалі на офіс Гомельскай арганізацыі Партыі БНФ, што ў прыватным доме яе старшыні Анатоля Паплаўнога. Хуліганы вырвалі фортку на кухні, раскідалі кветкавыя вазоны і зруйнавалі альтанку.

2 красавіка

Дашкевіча перавялі на тартак
Палітвязень Зьміцер Дашкевіч пераведзены ў другі атрад і накіраваны працаваць на лесапільны ўчастак. Пра гэта бацькі актывіста даведаліся зь яго лістоў. На лідэра «Маладога фронту» ўжо наклалі чатыры дысцыплінарныя пакараньні, што зьменшыла ягоныя шанцы на датэрміновае вызваленьне праз амністыю.

Праваабаронцаў высяляюць
Магілёўскі праваабарончы цэнтар ды мясцовая філія БХК атрымалі ад управы маёмасьці гарвыканкаму прапанову скасаваць дамову на арэнду памяшканьня. Матывацыя — арганізацыі парушылі ўмовы арэнды. Згодна з паведамленьнем, субарандатар офісу — дабрачыннае грамадзкае аб’яднаньне «Водгук» — займае памяшканьне без адпаведнага дакумэнтальнага рашэньня ўправы маёмасьці й ЖЭУ №20. Праваабаронцы кажуць пра беспадстаўнасьць прэтэнзіяў.
Тыдзень таму бяз офісу засталася мясцовая філія Партыі БНФ. Управа юстыцыі адмовілася падоўжыць дамову на арэнду.

Чарговая справа проці Клімава
Пракуратура пачала крымінальную справу супраць былога дэпутата Вярхоўнага Савету 13‑га скліканьня і прадпрымальніка Андрэя Клімава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Падставай стала публікацыя А.Клімава на інтэрнэт‑сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі пад загалоўкам «Revolution forever або Як правільна разьбіраць цыганскага кабана ў год свіньні».

Актывіста арыштавалі на 7 сутак
У судзе Ленінскага раёну адбыўся разгляд справы Антона Ўсьцімчука, якога прэвэнтыўна затрымалі яшчэ 24 сакавіка ды зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на двое сутак. Хлопцу закідаюць парушэньне артыкулу 17 ч.1 Адміністрацыйнага кодэксу. Тыдзень таму юнак заявіў, што справа мае палітычны характар дый запатрабаваў адваката, з‑за чаго разьбіральніцтва перанесьлі. Але А.Усьцімчук усё адно атрымаў сем сутак арышту. З будынку суду хлопец адправіўся дахаты, бо не знайшлося ніводнага канвойнага. Цяпер хлопец, якому застаецца адсядзець яшчэ пяць сутак, чакае позву яшчэ раз наведаць магілёўскі ізалятар часовага ўтрыманьня.

Яшчэ адзін прысуд у Магілёве
Адбыўся суд над актывістам моладзі БНФ Магілёва Яўгенам Суворавым. Хлопец затрыманы 31 сакавіка і абвінавачаны ў дробным хуліганстве. Яўген Сувораў атрымаў сем сутак турэмнага зьняволеньня. Пяць сутак адведзена для абскарджваньня прысуду.

3 красавіка

Андрэя Клімава арыштавалі
Пракуратура Менску абвінаваціла Андрэя Клімава ў закліках да зьвяржэньня існуючага ладу. Андрэя Клімава зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар на вул.Валадарскага, дзе ён будзе знаходзіцца да суду.
Клімаву інкрымінуецца злачынства, прадугледжанае артыкулам 361 Крымінальнага кодэксу «Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды зьнешняй бясьпецы Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абароназдольнасьці». А.Клімаў абвінавачваецца па ч.3 артыкулу: «публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, або зьдзяйсьненьня тэрарыстычнага акту або дывэрсіі, ці здзяйсьненьня іншых дзеяньняў, скіраваных на шкоду зьнешняй бясьпецы Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абароназдольнасьці або распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі з выкарыстаньнем СМІ». Клімаву пагражае зьняволеньне ад двух да пяці гадоў.

Выганяюць з заняткаў за надпіс «За свабоду» на майцы
Дырэктар гімназіі №2 г. Барысава Пётар Васькоўскі пагражае ня выдаць атэстат моладзеваму актывісту Мацьвею Бяляю. Актывіст прыйшоў на заняткі ў саколцы з надпісам «За свабоду!». За гэта дырэктар школы выгнаў яго з уроку эканомікі, які ён выкладае. Васькоўскі заявіў, што «школа — установа дзяржаўная», а Бяляй «выступае супраць дзяржавы». Дырэктар прыгразіў, што калі вучань ня здыме «палітычную» байку, ён выкліча міліцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?