Як паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, сёння «для апытання па фактах, якія маюць значэнне для нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» Таццяну Равяка выклікаў капітан КДБ Аляксандр Рубінаў. Як выявілася пры сустрэчы, гэта службовец, які ў 2011-м, пасля выбараў, праводзіў ператрусы на офісе вясноўцаў, кажа Стэфановіч. Але тады ў пратаколе ён падпісаўся як Аляксандр Мацкевіч.

Апытвалі Равяку наконт паведамлення «У Магілёве КДБ умешваецца ў выбарчы працэс», размешчаным на сайце spring96.org.
У ім гаворыцца пра ціск з боку спецслужбы на зборшчыка подпісаў за альтэрнатыўнага кандыдата. Рубінава цікавіла, хто аўтар паведамлення і ці правяралася пададзеная ў ім інфармацыя. На думку Стэфановіча, лагічней было б апытваць самога зборшчыка подпісаў, які распаўсюдзіў гэтыя звесткі.
Таццяну папярэдзілі, што такая інфармацыя можа дэскрэдытаваць Рэспубліку Беларусь.
Але службіст адмовіў, што заведзена крымінальная справа па такім артыкуле.

Праваабаронца звязвае сённяшні выклік Равякі ў КДБ з інтарэсам гэтай структуры да дзейнасці ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». І ўспрымае такія паводзіны як ціск. Стэфановіч лічыць, што КДБ варта было б правяраць агучаныя факты парушэнняў, а не апытваць праваабаронцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?