18.08.2012 / 09:59

Макар Краўцоў. Мы выйдзем шчыльнымі радамі 8

Сёння — гадавіна нараджэння аўтара беларускага гімна.

Беларускі пісьменьнік, паэт, перакладчык, публіцыст, дзеяч БНР Макар Краўцоў (Макар Касцевіч) нарадзіўся 18 жніўня 1891 г. ў вёсцы Баброўня (Гродзенскі павет).

Скончыўшы ў Свіслачы, на радзіме Каліноўскага, настаўніцкую семінарыю, працаваў у школе. У часе першай сусветнай, атрымаўшы вайсковую адукацыю, трапіў на Паўночна-Заходні фронт.

Быў дэлегатам І Усебеларускага кангрэсу (снежань 1917 года). Пасля настаўнічаў у Мінску, выкладаў на курсах беларусазнаўства пры Мінскай гарадской думе (1918), удзельнічаў у працы Рады БНР у Мінску і Гродне. Удзельнічаў у Слуцкім паўстанні,
займаўся справамі друку, быў загадчыкам паўстанцкае друкарні ў Клецку.
Свой «Ваяцкі марш» (так ад пачатку называлася песня «Мы выйдзем шчыльнымі радамі») Краўцоў склаў 30 кастрычніка 1919 г.



Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!

Няхай жыве магутны, смелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.

На бой! За шчасце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі,
На бой — усе да аднаго!

Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й убачыць той,
Хто смее нам нясці прымусы
I першы выкліча на бой.

Браты, да шчасця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы народзім
Жыццё Рэспублікі сваёй!

Музыку да песні напісаў Уладзімір Тэраўскі (гэты кампазітар быў аўтарам музыкі да яшчэ аднаго беларускага гімна — «Адвеку мы спалі»).

«Ваяцкі марш» гучаў у часе Слуцкага збройнага чыну.
З таго часу яго пачалі называць таксама «маршам Слуцкай брыгады».

Лёс аўтараў песні быў трагічным. Тэраўскі быў арыштаваны і расстраляны ў 1938 г. у Мінску.

Макар Краўцоў быў закатаваны НКВД ў 1939-м падчас допытаў у беластоцкай турме.

nn.by

0
Узрэцкі / Адказаць
19.08.2012 / 13:11
Добры гімн, але не пасуе зараз.
0
нацыяналіст / Адказаць
19.08.2012 / 13:54
Што значыць "не пасуе зараз"? Гімн павінен быць адзін і назаўсёды, бо ён праява дзяржаўнай традыцыі і гісторыі.
0
ганна / Адказаць
19.08.2012 / 19:16
вельмі актуальна і сення. Макар Краўцоў -персона з Нацыянальнага Пантэону беларускіх герояў. Не шмат беларусаў адважыцца праспяваць гімн. Дай няволі не адчуваюць.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру