Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі -- БНФ Сяргей Каваленка, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 19, пасля 16 сутак штрафнога ізалятара змешчаны ў медчастку калоніі. Пра гэта паведаміла яго жонка Алена Каваленка.

Паводле яе слоў, Сяргея Каваленку змясцілі ў ШІЗА ў канцы ліпеня -- адразу ж пасля спаткання з сваякамі. "Спачатку яму далі 9 сутак ізалятара, і ў той час, калі ён там сядзеў, дадалі яшчэ сем сутак.

З ШІЗА ён павінен быў выйсці 14 жніўня. Але ўчора мне стала вядома, што ён змешчаны ў медчастку", -- сказала Алена Каваленка.

Яна не ведае, з чым гэта можа быць звязана. "Чамусьці ў медчастцы ён знаходзіцца адзін у ізаляваным памяшканні.

Дазволілі перадаць для яго шэраг лекаў для печані, нырак, страўніка і падстраўнікавай залозы. Якія менавіта ў яго захворванні я не ведаю, але, мабыць, яго стан пасля знаходжання ў ШІЗА пагоршыўся ", --
сказала жонка асуджанага.
Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года па абвінавачваннях ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі
(арт. 415 КК). Гаворка ідзе аб пакаранні, якое было вынесена апазыцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй яліне Віцебска. У лютым гэтага года Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрыманьня ён абвясціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікім перапынкамі каля двух месяцаў.

18 мая Віцебскі абласны суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу Каваленка на прысуд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?