Пакуль сабрана некалькі эксперыментальных экзэмпляраў, у 2013 годзе плануецца запусціць серыйную вытворчасць да 10 самалётаў у год, паведаміў дырэктар завода.

Візуалізацыю руху можна было ажыццяўляць нават праз Google Earth, увёўшы ў праграме IP-адрас апарата: http:// : 9080 /.

Комплекс распрацаваны айчыннымі інжынерамі і ўключае пункт кіравання, пункт тэхнічнага абслугоўвання і непасрэдна беспілотны лётны апарат «Стэрх-БМ». Апарат працуе пад кіраваннем аператара (праз тунэль SSH) або ў рэжыме аўтапілота, у абодвух выпадках выкарыстоўваецца аперацыйная сістэма Open System UAV на базе Linux. Карты мясцовасці падгружаюцца праз Google Maps.

Беларускі беспілотнік важыць 65 кг і развівае крэйсерскую хуткасць 120 км у гадзіну.
Максімальная хуткасць апарата складае 200 км у гадзіну, максімальная далёкасць — 240 км. Размах крылаў «Стэрх-БМ» дасягае 3,8 м, максімальная вышыня палёту — 3 км. Кошт беспілотніка — $250 тыс. Праўда, калі набываць комплекс з некалькімі апаратамі, выніковы кошт можа дасягаць $1,5 млн. Беспілотнік абсталяваны бензінавым поршневым рухавіком. Ён атрымлівае дадзеныя з дапамогай сістэмы GPS. Таксама пры неабходнасці апарат можа кіравацца з дапамогай сістэмы ГЛОНАСС. Акрамя таго, калі ўзнікнуць праблемы з GPS, можна будзе ўсталяваць наземны модуль, які сымітуе сігнал. У распрацоўку беларускага лётнага апарата ўкладзена каля $500 тыс., капітальныя выдаткі закладзеныя ў калькуляцыю і ўлічаныя пры ацэнцы эфектыўнасці праекту.
Беспілотнік разлічваюць прадаваць на беларускім рынку.
Перш за ўсё ён можа быць цікавы міністэрствам абароны, унутраных справаў і надзвычайных сітуацый. У гэтыя ведамствы Мінскі авіярамонтны завод ужо накіраваў адпаведныя прапановы. Акрамя таго, беспілотнік плануюць прасоўваць на рынкі краін СНД і АДКБ. Таксама самалёт разлічваюць пастаўляць у краіны Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі. Асноўная перавага беларускага беспілотніка заключаецца ў тым, што ён мабільны, можа аўтаматычна ўзлятаць, рухацца па маршруце і садзіцца без удзелу аператара. Акрамя таго, апарат можа ўзлятаць практычна з любой паверхні. У цяперашні час у зборцы беларускага беспілотніка ўдзельнічаюць 15 чалавек. На стварэнне аднаго экзэмпляра ідзе 6 месяцаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?