Выступае дырэктар цэлюлозна-кардоннага камбіната Юры Крук.

Выступае дырэктар цэлюлозна-кардоннага камбіната Юры Крук.

17 жніўня ў Светлагорску мясцовы райвыканкам ладзіў сход гараджанаў для грамадскага абмеркавання ўздзеяння на навакольнае асяроддзе новага хімічнага прадпрыемства — завода беленай сульфатнай цэлюлозы. Яго збіраюцца пабудаваць побач з існуючым цэлюлозна-кардонным камбінатам. Аднак на сходзе ніводнаму прадстаўніку грамадскасці слова не далі — нават тым, хто запісаўся на выступ. Прынялі толькі запіскі.

Неабыякавыя да новага хімічнага прадпрыемства гараджане яшчэ да пачатку слухання казалі пра мабілізаваных асобаў пры пасадах — і ад прадпрыемстваў, і ад арганізацый.

Тацяна: «Тут, у зале, у асноўным сядзяць ідэалагічныя работнікі прадпрыемстваў, сярэдняй рукі начальнікі, так можна сказаць. Вось бачу начальнікаў аддзелаў „Хімвалакна“, працаўнікоў цэлюлозна-кардоннага камбіната, камунгаса — ад кожнага прадпрыемства. Думаю, што ўлады зробяць так, як яны хочуць. Яны ціснуць на народ і не зьвяртаюць увагі на меркаванне людзей».

Вядоўца сходу, намеснік старшыні райвыканкама і кіраўнік райвыканкамаўскай камісіі ў правядзенні грамадскіх слуханняў Сяргей Мяркулаў папярэдзіў грамаду: «Усе пытанні, якія падрыхтаваны загадзя і якія ўзнікнуць падчас нашай працы, у пісьмовым выглядзе перадайце ў сакратарыят сходу.

Рэплікі, спробы задаваць пытанні з залы прымацца не будуць — загадзя вас папярэджваю ад імя камісіі».
Звыш гадзіны часу заняла прэзэнтацыя праекту і афіцыйная ацэнка ўздзеяння новай хімічнай вытворчасці на экалогію горада і прыгараднай вёскі Якімава Слабада.
Дакладалі пра гэта дырэктар цэлюлозна-кардоннага камбіната Юры Крук, загадчыца кафедры хімічнай перапрацоўкі драўніны Беларускага тэхнічнага ўнівэрсітэта Наталля Чорная, загадчык сектара республіканскага навукова-даследчага цэнтра «Экалогія» Аляксандр Дзямідаў.
Лейтматывам іх выступаў стала ўсебаковае ўхваленне праекта: 400 тысяч тон беленай цэлюлозы ў год, сульфатны спосаб яе адбельвання без выкарыстання малекулярнага хлору, экспарт прадукцы за мяжу, 501 мільён даляраў ЗША гадавой выручкі, 500 новых працоўных месцаў — і нібыта ніякай шкоды для экалогіі, для здароўя людзей.
А што ў горадзе адмоўная дэмаграфічная сітуацыя, высокая смяротнасць, рост захворванняў — дык гэта агульная тэндэнцыя і ў рэгіёне, і ў краіне ў цэлым. Прынамсі, так дакладаў спадар Дзямідаў з цэнтра «Экалогія»:

«Светлагорскі раён — сапраўды ідзе рост колькасці захворванняў. Але такая тэндэнцыя характэрная практычна для ўсіх раёнаў Гомельскай вобласці і не толькі Гомельскай вобласці». Дырэктар кардоннага камбіната спадар Крук з'едліва дадаў: «А пра СНІД, пра п’янства забыліся?»

Некаторыя прысутныя, у тым ліку хімік-біёлаг па адукацыі Вадзім Болбас, спрабавалі атрымаць слова для выступу, але вядоўца Мяркулаў спасылаўся на рэгламент і зацверджаную Саўмінам працэдуру грамадскіх слуханняў. Сход згарнулі нават раней ад запланаванага часу.

Прэзыдыум, у якім сядзелі старшыня райвыканкама Сяргей Максіменка, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Баляслаў Пірштук, намеснік міністра Мінпрыроды Віталь Кулік, пакінуў залу праз бакавы выхад.

І тут многія гараджане, абураныя такім грамадскім слуханнем, абступілі доктара тэхнічных навук Наталлю Чорную, дырэктара цэнтра «Экалогія» Валера Ключановіча, прадстаўнікоў райвыканкама, каб выказаць свае прэтэнзіі: «Нас запісалі на выступленні — а чаму не далі слова? Чаму людзям не далі пытанні задаць? Выклікайце сюды Мяркулава! А людзей навошта запісвалі выступаць?»

Жыхарка Якімавай Слабады:

«Поўнасцю ігнаруюць меркаванні жыхароў Якімавай Слабады, якія фактычна будуць закладнікамі гэтага прадпрыемства,
калі не дай бог яго пабудуюць. Са студзеня па сённяшні дзень, калі былі першыя — так бы мовіць, папярэднія — грамадскія слуханьні, нікога не можам даклікацца, прывабіць ніякімі пірагамі — ніводнага супрацоўніка дзяржаўных СМІ, ніводнага начальніка. Усе аб’язджаюць Якімаву Слабаду».

Мясцовыя ўлады нават ня згадваюць цяпер пра 10 тысяч подпісаў, якія сабраны ў горадзе супраць будаўніцтва яшчэ аднаго хімічнага прадпрыемства й накіраваныя ў Адміністрацыю прэзідэнта, Саўмін і амбасаду Кітая, на чый крэдыт збіраюцца будаваць у Светлагорску завод беленай цэлюлозы.

Подпісы як быццам па-за грамадскімі слуханнямі.

Грамадскі актывіст і адзін з ініцыятараў збору подпісаў супраць будаўніцтва новага хімічнага прадпрыемства Тэльман Маслюкоў дадае: «Фактычна адбылося не грамадскае абмеркаванне, а проста прэзентацыя таго, што збіраюцца будаваць. І што самае галоўнае — паводле палажэння пра грамадскае абмеркаванне, зацверджанае Саўмінам, мы не можам нават выставіць нейкіх прэтэнзіяў да ўладаў, бо выступы ўдзельнікаў сходу ў ім не прадугледжаныя.

Дрэнна тое, што нават па афіцыйных звестках, якія ўключаны ў справаздачу, ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, колькасць шкодных рэчываў, што выкідаюцца ў Светлагорску ў атмасферу, пасля ўвядзення новага завода павялічыцца ў 10 разоў.
Нельга ўсе хімічныя вытворчасці збіраць у адным горадзе!»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?