Кіеў доўгі час заставаўся для мяне загадкавым местам. Загадкавым з тае простае прычыны, што ніяк не ўдавалася ў ім пабыць.

Недзе на пачатку 70‑х гадоў мінулага стагодзьдзя самалёт, на якім я разам з маці ляцеў у Сімфэропаль, тэрмінова пасадзілі ў Кіеве. Як высьветлілася, нешта здарылася з адным з матораў. Потым яго на вачах у напалоханых пасажыраў рамантавалі дужыя дзядзькі з дапамогай вялікай кувалды. Але гэта да справы ня мае дачыненьня.

Плошча імя Майдана

У постсавецкую эпоху мне пашчасьціла пабываць шмат у якіх эўрапейскіх сталіцах. А Кіеў усё заставаўся недасяжнай марай. І, як гэта часта здараецца ў падобных выпадках, упершыню я патрапіў туды ў такіх акалічнасьцях, зусім не спрыяльных для азнаямленьня з архітэктурай і гістарычнымі мясьцінамі. Уся навакольная рэчаіснасьць успрымалася, як праз смугу.

Але, як потым стала зразумела, нічога не забылася — усплыло ў памяці вельмі хутка, да дробязяў. Найперш, адпячаталася агульная карціна гораду як сьвята, як карнавалу. Такое ўражаньне ўзьнікае, канечне, і ў іншых эўрапейскіх гарадах. Тым самым Парыжы, які Гэмінгўэй назваў «сьвятам, якое заўсёды з табой». Ці Рыме. Ці Лісабоне. Але адрозьненьне ў тым, што ва ўсіх гэтых сталіцах адчуваеш сябе ўсё ‑ткі чужым. Як казаў Астап Бэндэр: «Мы чужыя на гэтым сьвяце жыцьця».

А тут — поўнае ўнутранае адчуваньне, быццам патрапіў у родную стыхію, у родны, знаёмы зь дзяцінства горад (гэта пры тым, што, як я ўжо адзначыў, ніякіх падставаў для радасьці на момант перабываньне ва ўкраінскай сталіцы ў мяне не магло быць). І гэтая стыхія захапляе цябе нейкім самым неверагодным чынам.

Людзкі натоўп, у які ты трапляеш адразу на вакзале і які потым зацягвае цябе ў мэтро, паводле вызначэньня ня ў стане выклікаць станоўчых эмоцыяў у асобнага чалавека. Але празь некаторы час, калі ты ўпісваесься ў агульны рытм чалавечых патокаў, пачынаеш разумець (дакладней, адчуваць), што і ў гарадзкога натоўпу ёсьць свой настрой, душа.

І гэтая аўра выразна адрозьніваецца ад шэра‑дэпрэсыўнай аўры менскага натоўпу. Зразумела, і ў кіеўскім натоўпе хапае агрэсіі ды злосьці — асабліва, калі трэба ўпіхнуцца ў апошні вагон. Але гэтая злосьць парадаксальным чынам не ператвараецца ў злобнасьць. Гэта нейкая азартная, вясёлая злосьць. Хамства, зь якім тут можна сутыкнуцца значна часьцей, як у Менску, амаль заўсёды вясёлае. Цябе ня проста аблаюць, але абавязкова зь нейкай падкавыркай ці ўсьмешкай.

Дзяжурная ў рэцэпцыі ў гатэлі, да якой я зьвярнуўся з пытаньнем, ці можна падсяліць да мяне ва ўжо аплочаны загадзя нумар жонку на адну ноч і колькі гэта будзе каштаваць у дадатак, адказала мне так: «Хочаце, я дакладна скажу, куды вам ісьці?» І потым патлумачыла: «Розьніца ў аплаце — капейкі. Так што ідзіце моўчкі і нікому аб нашай размове не кажыце».

Гэта, як я не аднойчы потым мог пераканацца, даволі распаўсюджаны стыль зносінаў з кліентамі.

З адным знаёмым замежнікам, які жыве ў Кіеве ўжо некалькі гадоў, нам трэ было патрапіць на ўскраіну гораду на маршрутным таксі. Тут трэба зьвярнуць увагу на дзьве акалічнасьці. Па‑першае, мой знаёмы, як і я сам, вызначаецца прасторавым крэтынізмам. Па‑другое, фантастычна нізкія кошты грамадзкага транспарту, у тым ліку маршрутак у Кіеве (адрозна ад легкавых таксі), кампэнсуюцца вялікім попытам на яго. Людзі ў маршрутцы могуць у літаральным сэнсе сядзець у вас на галаве, пад нагамі, вісець пад стольлю з усімі сваімі вандзэлкамі. І ніколі колькасьць пасажыраў не падасца кіроўцу настолькі вялікай, каб не забраць па дарозе яшчэ аднаго‑двух.

Але чым больш маршрутка аддалялася ад цэнтру, тым прасторней рабілася ў салёне. І вось, калі з пасажыраў нарэшце засталіся толькі мы ўдвох, кіроўца змрочна прапанаваў нам выйсьці, паколькі гэта быў канцовы прыпынак. Мой знаёмы разгублена запытаўся: «А хіба гэта не… (далей быў названы патрэбны нам раён)?» У адказ нас мацерна аблаялі і паведамілі, што нам трэба было ехаць у процілеглым кірунку. Аднак, калі мы хацелі зноў заплаціць (бо давялося ж ехаць назад), кіроўца з годнасьцю адмовіўся браць грошы.

Трэба адзначыць, што той, першы мой прыезд у Кіеў адбыўся празь некалькі месяцаў пасьля Аранжавай рэвалюцыі. І таму, як цяпер зразумела, на многае падсьвядома я глядзеў тады яшчэ і цераз прызму вядомых падзеяў на майдане Незалежнасьці. Адзін з маіх тагачасных спадарожнікаў — незалежны дасьледчык зь Менску — нецярпліва запытаўся на выхадзе з мэтро ў першага сустрэчнага мінака: «Вы не падкажаце, дзе тут плошча Майдана?..»

Ніякага рэвалюцыйнага духу я не адчуў. Як і празьмернай палітызаванасьці (у адрозьненьне, скажам, ад Варшавы, дзе палітыкай часам, здаецца, наэлектрызаванае паветра). Адчуў нейкую разьняволенасьць месьцічаў, свабоду як адсутнасьць напружаньня. Але гэта, хутчэй, зьвязана з тым, што Кіеў — горад нашмат бліжэйшы да поўдню, чым Менск. Не Адэса, зразумела, і ня Крым. Пальмаў і апэльсінаў на вуліцах няма. Але маладыя людзі на Храшчаціку з малпамі на руках (мінакам прапануецца сфатаграфавацца зь імі на памяць за грошы) падабенства з краінай Поўдню дадаюць.

Засталося адчуваньне места, якое віруе, але нікуды не сьпяшаецца, жыве, але не працуе на знос, весяліцца, але без гістэрык і надрыву. Лаецца бяз дай прычыны, але й бяз злосьці.

Дваццаць хвілін на Храшчаціку

Другім разам я патрапіў у Кіеў зусім нядаўна — у час апошніх «майданаў» у падтрымку й супраць пануючай кааліцыі.

У першыя ж хвіліны — амаль дэжавю. Купка юнакоў зь бел‑чырвона‑белымі сьцягамі, азіраючыся на ўсе бакі, пераходзіць вуліцу. Азірацца няма чаго. Нідзе паблізу не відаць амонаўцаў. Іх увогуле амаль нідзе ў цэнтры не было відаць.

У асноўным трапляліся людзі не з дручкамі, але зь вярбою ў руках — з выпадку вербнай нядзелі.

(Калі верыць расейскім ды беларускім тэлеканалам, у Кіеве на той момант павінная была распачацца на вуліцах ледзьве не грамадзянская вайна. Пры гэтым ОРТ звыкла хлусіла: казала, што на мітынг за апазыцыю выйшлі 10 тысяч чалавек, а «за Януковіча» — 20. Насамрэч, за Януковіча на той момант выйшлі 15, а за апазыцыю — у разы болей).

Паколькі не было ў гэтай паездцы нейкіх надзвычайных абставінаў, дык зьнікла «смуга». Праявіліся, сталі больш выразнымі дэталі, як бы дадалося рэзкасьці. А галоўнае — для мяне ўлучыўся гук. Кіеўцы загаварылі на розныя галасы. Пераважна па‑ўкраінску. Дакладней, так: калі бачыш на Храшчаціку прыстойна апранутых, культурнага выгляду людзей сярэдняга веку — яны амаль абавязкова гавораць па‑ўкраінску. Калі гэта маладзёны з больш‑менш тупым выразам твараў, апранутыя ў спартовыя курткі з надпісам «Россия», то можна не сумнявацца, што й гавораць яны па‑расейску.

Давялося пачуць, як жанчына зьвярталася ў размове да сваёй таваркі па‑расейску, а тая адказвала па‑ўкраінску. Варыянт, які амаль немагчыма ўявіць у Менску. Гэта наконт талерантнасьці.

Кінулася ў вочы і тое, што завецца сацыяльным расслаеньнем. У цэнтры шмат можна сустрэць жабракоў, алькаголікаў, бедна апранутых людзей вясковага выгляду. Але шмат і добра апранутай публікі. А шыкоўных аўто больш, чым у сталіцы Беларусі. За нейкія дваццаць хвілінаў гуляньня ў цэнтры ля майдану Незалежнасьці мой спадарожнік налічыў ажно восем «хамэраў».

Пад зямлёй (у пераходах) шмат сьмецьця й бруду — там ідзе сваё «андэграўнднае» жыцьцё. На версе ў цэнтры, як і ў Менску, чыста.

На самым майдане акурат разьбіралі канструкцыі сцэны, дзе напярэдадні выступалі «бютаўцы» з «нашаўкраінцамі». Можна было чарговы раз палюбавацца славутай плошчай, яе незвычайнай архітэктурай. Успомнілася, як адзін з расейскіх журналістаў, прыстойны ў мінулым хлопец, зрабіў нядаўна на заказ тэлефільм пра масонаў і розныя масонскія «штучкі». Дык вось, Майдан, паводле гэтага фільму, — таксама дзецішча масонаў (галоўным іх сымбалем у дадзеным выпадку названы знакаміты глёбус на плошчы). Іхным уплывам і тлумачыцца «аранжавая рэвалюцыя», быццам бы прыдуманая на Захадзе ворагамі праваслаўнай цывілізацыі.

Вырываць нейкія асобныя дэталі з агульнага архітэктурнага кантэксту Храшчаціку — справа безнадзейная. Кантэкст гэты можна назваць эклектыкай. Але гэта таксама не тлумачыць шарму месца. Тут ёсьць і пампэзныя дарэвалюцыйныя будынкі, і ня менш пампэзныя савецкія гмахі. Чаго варты адзін толькі манумэнтальны будынак гарадзкой рады! Але ў цэлым — вось дзіва — уражаньне сучаснага эўрапейскага гораду. У параўнаньні з тымі вядомымі маскоўскімі хмарачосамі ўкраінскія шмат’ярусныя «тарты» чамусьці не падаюцца чымсьці адыёзным. Тое ж тычыцца й ўнутранага афармлення мэтрапалітэну. У першы момант сваім багацьцем яно таксама нагадвае маскоўскі мэтрапалітэн. Але кіеўскі цалкам пазбаўлены налёту імпэрскасьці й савецкасьці. Празьмернасьць і мудрагелістасьць дэкору, жаданьне ўразіць — так. Але не надменная халоднасьць нейкага сакральнага храму савецкай эпохі.

Пышнасьць (не напышлівасьць) падаецца характэрнай рысай Храшчаціку. Па якім хочацца гуляць і адчуваць сябе сваім сярод сваіх.

Развагі на архітэктурныя тэмы лепш пакінуць прафэсіяналам. Кіеў забірае ў палон не сваімі маштабамі, не архітэктурай і не раскошай. Гэта месца, дзе адчуваецца жыцьцё. Гэта жыцьцё эўрапейскага гораду зь вялікім мінулым, накіраванага ў будучыню. І ніякай грамадзянскай вайны ў бліжэйшы час тут не чакаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?