Кіраўніца дзяржаўнага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны Элеанора Капітонава: «Сярод тых, хто працягвае жыць на забруджанай тэрыторыі, адзначаецца статыстычна даставерны рост анкалёгіі, cардэчна-сасудзістых хваробаў, хваробаў мозгу і катарактаў». Першы раз за доўгі час дзяржаўны работнік парушыў маўчаньне на тэму здароўя жыхароў чарнобыльскіх тэрыторый.

«Сярод ліквідатараў, эвакуяванага насельніцтва й тых, хто працягвае жыць на тэрыторыі з узроўнем забруджваньня вышэйшым за 15 кюры, адзначаецца статыстычна даставерны рост захворваньняў сардэчна?сасудзістай сыстэмы, галаўнога мозгу, анкалягічных праблемаў і, як ні дзіўна, хваробаў органаў зроку, у прыватнасьці катарактаў, — заявіла ў інтэрвію «Народнай газеце» Элеанора Капітонава, доктар мэдыцынскіх навук, дырэктарка Рэспубліканскага навукова?практычнага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека. — Падобныя тэндэнцыі характэрныя сёньня ня толькі для Беларусі, але й для Расеі ды Ўкраіны, — сказала яна. — Анкалягічныя захворваньні ў цэлым па Беларусі растуць таксама, як і ў іншых краінах Эўропы. Што датычыць пацярпелага насельніцтва, дык ў гэтай групе рост онказахворваньняў апераджальны, што й дазваляе навукоўцам зьвязваць захворваньні з радыяцыйным фактарам».

Аднак, засьцерагаецца Капітонава, тых дадзеных, якія сабраныя, ня досыць, каб напэўна гаварыць, што гэтае насельніцтва стала часьцей хварэць онказахворваньнямі пасьля аварыі на ЧАЭС.

Пасьля таго як Аляксандар Лукашэнка згарнуў праграму вываду чарнобыльскіх тэрыторый зь сельскагаспадарчага абароту і дазволіў заставацца ў зоне рызыкі ўсім, хто жадае там заставацца, навукоўцы і мэдыкі захоўвалі маўчаньне на тэму стану здароўя жыхароў чарнобыльскіх тэырыторый. Асабліва настрашыла навуковую супольнасьць зьняволеньне прафэсара Бандажэўскага — лідэра ў дасьледаваньнях уплыву радыяцыі на арганізм. (Яго асудзілі за хабар, ён выйшаў з турмы хворым чалавекам і пакінуў Беларусь.)

Пасьля 1996 году ўрад Лукашэнкі зьмяніў стратэгію змаганьня з наступствамі Чарнобылю. Галоўным стала забесьпячэньне жыцьцядзейнасьці людзей на тэрыторыях, на якіх яны пражываюць. Людзей сталі заахвочваць заставацца. Жыхарам зоны факультатыўнага адсяленьня стала цяжка знайсьці варыянт для перасяленьня. Што характэрна, нават Дзяркамчарнобыль урэшце быў ператвораны ў дэпартамэнт у складзе Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.

Грамадзкія актывісты даўно білі трывогу наконт відавочнага росту захворваньняў на чарнобыльскіх тэрыторыях, аднак ня мелі статыстычнага падмацаваньня для сваіх назіраньняў.

Прызнаньне Капітонавай ставіць пад пытаньне чарнобыльскую стратэгію ўладаў за апошнія дзесяць гадоў. У дэмакратычнай краіне такая заява выклікала б публічную дыскусію наконт эфэктыўнасьці дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сфэры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?