Мы прызвычаіліся да таго, што ўдзел у свабодным міжнародным гандлі — гэта адзін з асноўных шляхоў эканамічнага разьвіцьця. Аказваецца, што для многіх маладых рынкавых эканомікаў гэта часта пачатак крызісу.

У 1993 г. Мэксыка лібэралізавала ў рамках падрыхтоўкі да NAFTA рынак фінансавых паслугаў. Гэта быў пачатак крызісу. Надта шырокае адкрыцьцё мэксыканскай гаспадаркі для фірмаў з ЗША было прычынай таго, што ў 2000 г. цэлых 85 адсоткаў рынку фінансавых паслугаў апынуліся ў замежных руках. Больш жорсткія — дзякуючы амэрыканскім фінансавым інстытуцыям — крытэры прадастаўленьня крэдытаў прывялі да зьмяншэньня колькасьці пазыкаў, што даваліся мэксыканцам. У паўднёвай частцы краіны крэдытную здольнасьць страціла палова ўладальнікаў малых гаспадарак. Калі нейкі банк і адважваўся даць крэдыт, ягоны працэнт быў касьмічна высокім. У штаце Санора брак крэдытнай здольнасьці вымусіў больш за 70 адсоткаў малых зямельных уладальнікаў перапрадаць свае ўчасткі вялікім канцэрнам.

Багатыя націскаюць на лібэралізацыю

Чаму свабодны гандаль з багатымі краінамі шкодзіць маладым гаспадаркам? На думку міжнароднай гуманітарнай арганізацыі «Oxfam», вінаватая ў гэтым палітыка багатых дзяржаваў. Над іх эканомікамі вісіць небясьпека, выкліканая марудным разьвіцьцём. Таму высока індустрыялізаваныя дзяржавы прагнымі вачыма глядзяць на эканомікі такіх краінаў, як Кітай, Індыя, Бразылія, Інданэзія альбо Мэксыка. У як мага больш шырокім доступе да іхніх рынкаў зь іх хуткім разьвіцьцём яны шукаюць сродак на захаваньне сваіх пазыцыяў.

Паводле дадзеных «Oxfam», больш за 250 рэгіянальных i двухбаковых пагадненьняў пра вольны гандаль кантралюе звыш 30 адсоткаў сусьветнага гандлю. На хуткую лібэралізацыю гандлю моцна націскаюць разьвітыя краіны, якія дзякуючы індывідуальным дамовам фарсіруюць згоду бяднейшых краінаў на нашмат больш абмежавальныя правілы чым тыя, якіх вымагае «Сусьветная Ганлёвая Арганізацыя» (WTO). Найболей нявыгадных для маладых эканомікаў дамоваў заключаецца такімі магнатамі, як ЗША, Эўразьвяз і Японія, якія намагаюцца аблегчыць сваім фірмам менавіта праз выгадныя гандлёвыя дамовы доступ да рынкаў, што разьвіваюцца.

Асабліва стараецца ў гэтых адносінах у апошнія гады Эўразьвяз, які ў дадзены момант праводзіць перамовы пра вольны гандаль з 78 краінамі Азіі, Ціхага акіяну i Карыбскага мора, а таксама краінамі Персідскага заліву і Лацінскай Амэрыкі — такімі, як Аргентына альбо Бразылія. Пра ўсе гэтыя пагадненьні вядуцца перамовы па-за «WTO». На думку аналітыкаў з «Oxfam», ЭЗ стараецца такім чынам працягнуць нявыгадныя запісы, якія б не заакцэптавала «Сусьветная Гандлёвая Арганізацыя».

Чаму краіны, што разьвіваюцца, пагаджаюцца на нявыгадныя для іх умовы?

— Гэтыя краіны баяцца страціць доступ да эўрапейскага рынку — тлумачыць у гутарцы з BBC Amy Barry , прадстаўнік «Oxfam» па справах гандлю. — А гэта можа аказацца катастрофай для слабых эканомікаў.

Гэтыя страхі небеспадстаўныя, бо разьвітыя краіны часта зьяўляюцца асноўнымі экспартнымі рынкамі для больш бедных дзяржаваў. Напрыклад, андыйскія краіны недзе на 50 адсоткаў залежаць ад амэрыканскага рынку.

У сваю чаргу краіны, што цяпер вядуць перамовы з Эўразьвязам наконт г.зв. дамоваў пра эканамічнае партнэрства (EPA), экспартуюць каля 40 адсоткаў сваіх тавараў менавіта ў ЭЗ.

У рамках «WTO» краіны, што разьвіваюцца, выступаюць адзінагалосна, дзякуючы чаму маюць большую перамоўчую моц. Тыя, хто падпісвае індывідуальныя пагадненьні па?за «WTO», часта ня ў стане адстаяць свае ранейшыя посьпехі, якіх яны дабіваліся ў рамках арганізацыі. У сваю чаргу разьвітыя краіны, маючы ўжо падпісаныя абмежавальныя двухбаковыя дамовы з больш слабымі партнэрамі, не намерваюцца пагаджацца на саступкі ў рамках «WTO».

Надта шырокае адкрыцьцё шкодзіць

На думку «Oxfam», лібэралізацыі не павінны падвяргацца паслугі грамадзкага карыстаньня, такія, як адукацыя альбо водазабесьпячэньне. У Балівіі надта слабыя прававыя рэгуляваньні дазволілі замежнаму кансорцыюму пераняць кантроль над публічнай сыстэмай каналізацыі. У выніку кошты на ваду вырасьлі да такой ступені, што бедныя сем’і аддавалі на яе адну чацьвёртую сваіх месячных заробкаў.

Вельмі шкодным для маладых гаспадарак могуць аказацца дамовы пра ахову інтэлектуальнай уласнасьці. У большасьці выпадкаў задуманыя як сродак супраць кампутарнага пірацтва i RTV, яны, аднак, маюць нечаканыя пабочныя вынікі, асноўным чынам для сыстэмы аховы здароўя. Праблема ў тым, што запісы пра ахову інтэлектуальнай уласнасьці затрымліваюць ці ўвогуле робяць немагчымай вытворчасьць генэрычных лекаў. Генэрычныя лекі — гэта адпаведнікі арыгінальных прадуктаў, патэнтавая ахова якіх скончылася альбо пра якую і не хадайнічалі. Яны таньнейшыя за арыгінальныя лекі і дзякуючы гэтаму павялічваюць даступнасьць да сучасных лекаў. «Генэрыкі» даступныя па цане ад 20 да 80 адсоткаў ніжэйшай у параўнаньні з коштамі на арыгінальныя лекі, прычым іх якасьць, эфэктыўнасьць i бясьпека гэткія ж самыя.

Злучаныя Штаты праводзяць на дадзены момант перамовы наконт Пагадненьня пра Інтэлектуальную Ўласнасьць (IPA) з Калюмбіяй, што, на думку «Oxfam», значна паўплывае на кошты лячэньня ў гэтай краіне. Да 2020 г. Калюмбія дадаткова выдаткуе 919 млн. даляраў на ахову здароўя. Слабыя сыстэмы аховы здароўя робяцца прычынай таго, што хворыя нясуць усе кошты лячэньня, што, на думку экспэртаў з «Oxfam», «вядзе да павольнай дэструкцыі краіны».

Частка краінаў, што разьвіваюцца, ужо зразумела, што занадта далёкія саступкі ў пагадненьнях пра свабодны гандаль могуць быць шкоднымі.

«Паўднёвая Афрыка i Тайлянд адмовіліся ад перамоваў з ЗША пра лібэралізацыю гандлю, у асноўным з прычыны прапанаваных правілаў, што тычацца мэдычнай апекі, а таксама рэгуляваньня замежных інвэстыцыяў» — можна прачытаць у дакладзе «Oxfam».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?