Старшыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся ў ЮНЕСКА з просьбай не дапусціць знішчэння гісторыка-архітэктурных помнікаў Гродна. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар палітыка Павел Мажэйка.

«Зыходзячы з прынятых Беларуссю прававых абавязкаў у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны як інтэгральнай часткі сумеснай еўрапейскай спадчыны <...> я звяртаюся да сусветнай і еўрапейскай грамадскасці з просьбай тэрмінова звярнуць увагу на факты хуткіх тэмпаў знішчэння гістарычнай архітэктурна-археалагічнай тканіны Гродна», — гаворыцца ў лісце А.Мілінкевіча.

Як паведаміў П.Мажэйка, на гэту праблему палітык звярнуў увагу яшчэ задоўга да свайго ліста. «Проста раней спадзяваліся на тое, што рэканструкцыя гістарычнага цэнтра Гродна будзе весціся згодна з міжнароднымі абавязацельствамі і ў адпаведнасці з законамі аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Тым не менш, перамовы неабыякавых грамадзян з кіраўніцтвам абласнога цэнтра вынікаў не далі, у сувязі з чым гістарычны цэнтр Гродна можа быць цалкам знішчаны. Раней мы не хацелі палітызаваць гэтую праблему, прыцягваць да яе ўвагу апазіцыі, сусветнай супольнасці. Але цяпер іншага выйсця проста не засталося», — зазначыў П.Мажэйка.

Як сказаў прэс-сакратар палітыка, у Аляксандра Мілінкевіча яшчэ з той пары, як ён быў віцэ-мэрам Гродна, захаваліся добрыя кантакты ў ЮНЕСКА. «Пры ім быў ухвалены праект рэстаўрацыі Каложскай царквы. Фінансаваць рэстаўрацыю якраз бралася ЮНЕСКА. Таму мы разлічваем на тое, што наша ініцыятыва будзе падтрыманая», — сказаў П.Мажэйка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?