Палітычнага жыцця ў сінявокай рэспубліцы не болей, чым на Марсе. Усё задушана. Дадамо: перыядычна наверсе спахопліваюцца, што перагнулі кій, ушчэнт зачысцілі «адмарозкаў», а трэба ж хоць каліва таго партыйнага жыцця імітаваць, каб не нагадваць зусім ужо азіяцкую дэспатыю. І тады лялькаводы дастаюць тэчкі са сцэнарамі «кіраванай дэмакратыі», пад якую патрэбны, натуральна, зручныя фігуры.

«Дзелімся радасцю, ёсць навіна: на 23 снежня, калі верыць інтэрнэту, прызначаны ўстаноўчы з’езд новай партыі «Цэнтрысцкая партыя Беларусі», які адбудзецца ў Брэсце, — з нечаканым энтузіязмам рапартуе аўтар публікацыі ў «Советской Белоруссіі» Сігізмунд Дашкевіч.
— Партыя гэтая, як вынікае з паведамленняў прэсы, з’явіцца на аснове сацыял-дэмакратычнай групоўкі, што чарговы раз распалася. Узначаліць партыю Анатоль Ляўковіч, які да нядаўняга часу кіраваў сацыял-дэмакратычнай „Грамадой“, але праз інтрыгі аднапартыйцаў пакінуў сацдэмаў, што перагрызліся між сабой, ды сышоў на вольныя палітычныя хлябы».
Даруйце за доўгую цытату, але ж тут столькі перлін!
Па-першае, атрымліваецца, што ніякіх іншых падзей партыйнага жыцця няма і не чакаецца (а цэлая выбарчая кампанія — дробязь, нуль). Па-другое, спадар Ляўковіч паказальна апрануты ў белы фрак: з тэксту вынікае, што ні да грызні, ні да інтрыг ён ніякага дачынення не мае. Па-трэцяе, выданне не сумняваецца, што партыі наканавана быць, а Ляўковічу — яе ачоліць. Цікава, хто гэта ўжо вырашыў усё і за суровы Мінюст, і за паплечнікаў нібыта ўзыходзячай палітычнай зоркі? Ці, можа, аўтар уладнай газеты не бачыць нічога страшнага ў незарэгістраваных структурах, за дзейнасць ад імя якіх апазіцыю дзяўбуць у хвост і ў грыву сілавікі? Наўрад ці. Таму апрыёрная ўпэўненасць, што «партыі Ляўковіча» дадуць зялёнае святло, міжволі наводзіць на думку пра нейкі невядомы наіўнай публіцы сцэнар, падрыхтаваны ў высокіх кабінетах.
Прыводзіць у замілаванне і фразачка «Партыя гэтая, як вынікае з паведамленняў прэсы, з’явіцца…» і г.д.
Пакажыце мне той россып выданняў, што навыперадкі спяшаюцца абвесціць свету аб праекце стагоддзя, за якім стаіць фігура Ляўковіча! Можна падумаць, што гэта рэдкі палітычны тытан. Калі ж сур’ёзна, то з якой мэтай раздзімаюць чарговую мыльную бурбалку, робяць з мухі слана?
«Што будзе далей у сп. Ляўковіча, ці здолее ён унесці ў летаргічны сон партыйнага жыцця «сапраўдную палітычную жарсць», мы пакуль што не ведаем, але будзем сачыць за навінамі», — шматабяцальна рэзюмуе аўтар дзяржаўнай газеты.
Цікава, што яго развагі пра разбазараны апазіцыйнымі лідарамі крэдыт даверу нібыта і не тычацца адзінага канкрэтнага героя публікацыі. Пры тым што сп. Ляўковіч — далёка не свежы твар у тытульнай апазіцыі, ягоная рэпутацыя, мякка кажучы, неадназначная і звязаныя з яго асобай скандалы таксама спрычыніліся да расцярушвання таго крэдыту даверу.
Звычайна дзяржаўная прэса аднолькава мажа дзёгцем усіх прадстаўнікоў «пятай калоны».
А тут раптам празрыста намякаюць, што калі сп. Ляўковіч будзе хоць трохі варушыцца, то піяр яму забяспечаны і надалей. Дарэчы, а ці няма сувязі паміж гэтай зялёнай вуліцай і тым фактам, што згаданы палітык зараз ідзе ў кандыдаты на парламенцкіх выбарах?
Увогуле, ці шмат хто з апанентаў рэжыму можа пахваліцца такой пратэкцыяй (хоць, зазначым дзеля справядлівасці, і з пэўным налётам грэблівасці)?
Пытанне рытарычнае. Зрэшты, аўтар дзяржаўнай газеты відавочна перастараўся з гэтым раялем у кустах. Мядзведжая паслуга. Вушы з публікацыі тырчаць настолькі, што многія людзі ў незалежнай супольнасці будуць трымацца ад сп. Ляўковіча яшчэ далей.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?