26.08.2012 / 08:35

М’янма — цікавы ўрок для Лукашэнкі: як зрабіць мала і шмат атрымаць 6

Піша Рыгор Астапеня.

Тэйн Сэйн - генерал, які рашыўся вывесці Бірму з дыктатуры.

Увесь свет назіраў, як 5 гадоў таму ўлады Бірмы літаральна забівалі сваіх грамадзянаў на вуліцах у часе «шафранавай рэвалюцыі». У тыя часы Бірма была класічнай дыктатурай з палітзняволенымі і забітымі, абмежаваннем інтэрнэту і ігнараваннем палітычных і грамадзянскіх правоў. Сёння сітуацыя кардынальна змяняецца. Але ці будзе яна змяняцца і далей?

Пачынальнікам рэформаў у Бірме з’яўляецца абраны ў 2011 годзе прэзідэнт Тэйн Сэйн (да гэтага — прэм’ер-міністр). Менавіта ён распачаў рэформы ў гаспадарцы Бірмы, вызваліў каля 300 палітвязняў (варта зазначыць, што палітвязняў у Бірме ў разы больш), сярод якіх — лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру, сімвал супраціву Бірмы Аўн Сан Су Чжы.
Таксама былі праведзеныя дадатковыя выбары ў парламент, галоўнай мэтай якіх было ўключэнне дэмакратаў у парламент.
Аднак даступнымі для выбараў былі толькі 45 дэпутацкіх месцаў з 600 магчымых.
Такім чынам, апазіцыя пазбаўленая магчымасці мець вялікі ўплыў, але нягледзячы на гэта, можна сцвярджаць, што ў Бірме адбылася сапраўдная рэвалюцыя: упершыню за 20 гадоў апазіцыя магла праводзіць сапраўдную палітычную кампанію.
Варта заўважыць, што падтрымка апазіцыі з боку грамадства настолькі моцная, што партыя Аўн Сан Су Чжы — Нацыянальная ліга дэмакратыі — атрымала 43 з 45 магчымых мандатаў.
Апошні раз Ліга ўдзельнічала ў выбарах у 1990 годзе і набрала 80% галасоў жыхароў Бірмы. Але тады вайсковая хунта адмяніла вынікі галасавання і арыштавала Аўн Сан Су Чжы. Хвалі рэпрэсій у дачыненні да палітычных апанентаў вайскоўцаў прайшлі па ўсёй краіне. Неўзабаве была ўсталяваная вайсковая дыктатура.
Дарэчы, кіраванне вайсковай хунты шмат у чым адрознівае М’янму ад Беларусі. У канстытуцыі М’янмы запісана, што ўлада ў краіне належыць вайскоўцам і толькі ім. Фактычна гэта дае магчымасць уладам М’янмы ў любы момант «закруціць гайкі» і вярнуць ранейшы рэжым (і гэта не будзе супярэчыць канстытуцыі, прынятай вайсковай дыктатурай).
Безумоўна, і сёння такія ідэі ходзяць сярод вайсковых элітаў М’янмы. Дарэчы, гэта другі прынцыповы момант адрознення М’янмы і Беларусі: лукашэнкаўская ўлада цэласная і нават думкі аб тым, што нешта ідзе не так, душацца, не нарадзіўшыся.
Незадаволенасць часткі вайсковай хунты звязанае перадусім з эканамічнымі інтарэсамі алігархаў Бірмы, якія баяцца, што ім давядзецца вярнуць маёмасць, набытую ў часы прыватызацыі.
Прыватызацыя, натуральна, была праведзеная выключна для набліжаных да хунты алігархаў (што ўжо пачынаецца ў нас). У дадатак, у выніку прыватызацыі ў Бірме ўзмацнілася няроўнасць размеркавання даходаў ад прыродных рэсурсаў, якімі багатая Бірма. Таксама вайсковыя генералы асцерагаюцца, што Аўн Сан Су Чжы распачне барацьбу з наркатрафікам, які з’яўляецца важнай крыніцай прыбыткаў хунты.
Цікавая для нас пазіцыя міжнароднай супольнасці што да ўладаў Бірмы.
Галоўнымі саюзнікамі вайсковай хунты доўгі час былі Расія і «вялікі брат» Бірмы Кітай. Калі казаць пра заходнія краіны, то, на думку некаторых аналітыкаў, сённяшняя дэмакратызацыя Бірмы — вынік працяглай кампаніі эканамічных санкцый, уведзенымі ЗША і Еўрасаюзам. Не варта, аднак, забываць, што ўлады Бірмы мелі дастаткова рычагоў, каб спыніць уласных грамадзянаў, што маглі б выйсці на вуліцу, незадаволеных уласным узроўнем жыцця. Таму
адна з імаверных прычынаў зменаў у М’янме — жаданне сённяшняга прэзідэнта часткова цывілізаваць свой край.
Не варта забывацца, што ўсе аўтарытарныя кіраўнікі хочуць быць нароўні з дэмакратычна абранымі кіраўнікамі, тым больш багатых краінаў. Дарэчы, ходзяць чуткі што ў часы дыялогу Аляксандр Лукашэнка вывучаў ангельскую мову. Таксама адной з прычынаў, на думку экспертаў, з’яўляецца «перазалежнасць» уладаў Бірмы ад Кітая.
А ўжо сёння Бірма атрымала падтрымку заходніх краінаў. Тым больш што ўлады Бірмы выканалі галоўнае патрабаванне ЕС і ЗША, што для пачатку дыялогу (фактычна, зняцця санкцый і пачатку фінансавай падтрымкі для Бірмы) неабходна не толькі вызваліць палітвязняў, але і правесці дэмакратычныя парламенцкія выбары з удзелам Нацыянальнай лігі дэмакратыі.
Таксама ўлады Бірмы прыйшлі да адзінага курсу к’яту (афіцыйная валюта Бірмы) і нават анансавалі стварэнне фондавай біржы. Аднак варта заўважыць, што Аўн Сан Су Чжы раіць заходнім інвестарам захоўваць «здаровы скептыцызм» у дачыненні да эканамічных зменаў у Бірме.
Трансфармацыя «а-ля М’янма» ўяўляецца тэарэтычна вельмі цікавым для Лукашэнкі варыянтам.
Такая трансфармацыя, у адрозненне ад працэсаў, якія адбываліся ў краінах Усходняй Еўропы ў пачатку 90-х, пакідае ў кіраўніцтва краіны дастаткова рычагоў для захавання ўлады, аднак прыносіць велізарную карысць: колькасць інвестыцыяў у М’янму за апошні час моцна павялічылася, супраць М’янмы знялі большасць санкцыяў, а сама краіна можа разлічваць на фінансавую дапамогу Захаду, каб адбудаваць сваю эканоміку (у 1930-х Бірма была найбуйнейшым экспарцёрам рысу).
Сёння цяжка прадказваць, наколькі доўгай будзе гэтая лібералізацыя і чым яна скончыцца. Шмат хто выказвае скепсіс што да працягласці гэтага працэсу. Пакуль у інтарэсах Аўн Сан Су Чжы і жыхароў М’янмы — працягнуць лібералізацыю як мага даўжэй, каб узмацніць уласныя пазіцыі.

Рыгор Астапеня

0
Варган / Адказаць
26.08.2012 / 13:09
Рэпрэсіўны апарат нашага дыктатара карыстае ўвесь арсенал для зьнішчэньня апанентаў. Будзе іншая сітуацыя, калі апанентам будзе жанчына. Прыгожая, разумная, харызматычная. Такі кірунак падзеяў прывядзе да посьпеху.
0
кін / Адказаць
26.08.2012 / 14:28
малайчына, Рыгорусь
0
Бенедзікт / Адказаць
26.08.2012 / 16:12
Варган напiсаў(ла) 26 жнiўня 2012 у 13:09 Рэпрэсіўны апарат нашага дыктатара карыстае ўвесь арсенал для зьнішчэньня апанентаў. Будзе іншая сітуацыя, калі апанентам будзе жанчына. Прыгожая, разумная, харызматычная. Такі кірунак падзеяў прывядзе да посьпеху. ----------------------------------------- Ой! Ды што вы такое гаварыця! Посьпех будзе тады - калі апанэнтам будзе цяжарная жанчына (інвалід, пенсіянэр, студэнт, інтэлігент...). Да некаторых ніяк не дойдзе, што справа посьпеху - не ў тым, хто будзе апанэнтам незаконнай улады, згодна палавой прыкметы, а хто будзе тым палітыкам, які здольны будзе гэта ўсё паставіць з галавы на ногі... А гэта залежыць ад зьмесьціва глуздоў палітыка, ягонай волі і настойлівасьці.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру