Хачу звярнуць увагу праваслаўных братоў і сясцёр, якіх да глыбіні душы абразілі, здаецца, тры словы, праспяваныя дзяўчатамі з Pussy Riot перад царскімі варотамі ў храме Хрыста Збаўцы, на тое што паралельна з працэсам у справе гэтых артыстак ішоў суд над няўдалым шоумэнам Канстанцінам Крастовым (Крестовым). Вось які псеўданім выбраў сабе носьбіт прозвішча Кандрацьеў! Такі псеўданім, пэўна, цешыць “праваслаўнае” вуха. Але бяда ў тым, што носьбіт псеўданіма Крастоў – гвалтаўнік. І не проста гвалтаўнік, а серыйны, які гвалціў непаўналетніх. І гэта даведзена судом.

Удзельніц панк-групы Pussy Riot суд асудзіў на два гады зняволення за тры словы, за просьбу да Багародзіцы прагнаць Пуціна.
Тое, што прадстаўнікі Маскоўскай патрыярхіі звярнуліся да ўладаў з просьбаю вызваліць дзяўчат, інакш як фарысействам не назавеш. Кіраўніцтва РПЦ чарговы раз ўпэцкалася.
Візіт Патрыярха Кірыла ў Польшчу, якому надавалася гістарычнае значэнне, у польскіх СМІ адышоў на другі план.
На першае месца выйшаў прысуд Pussy Riot.
За гэтым судом, які адмераў два гады зняволення за тры словы просьбы да Багародзіцы, грамадства не заўважыла, што гвалтаўніку за серыю сэксуальных гвалтаў расійскі суд адмерыў таксама два гады.

На шчасце, у Расіі ёсць яшчэ свабодныя сродкі масавай інфармацыі, якія ўсё ж звярнулі ўвагу на чарговы выбрык расійскай Феміды.

Пасля прысудаў над Pussy Riot і Крастовым хто скажа ў Расіі ёсць справядлівы і незалежны суд?
Спадзяюся, нават ультраправаслаўныя задумаюцца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0