Вядомы юрыст, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, распачаў цыкл артыкулаў, прысвечаных магчымым варыянтам канстытуцыйнай рэформы. Папярэдні быў прысвечаны судам.

У спадчыну ад савецкага мінулага ў Беларусі засталася сістэма мясцовых саветаў дэпутатаў як прадстаўнічая ўлада на мясцовым узроўні. Традыцыйна мясцовыя саветы дэпутатаў мелі мала правоў. Адно з іх - фармаванне адпаведных выканаўча-распарадчых органаў (выканкамаў).

Аднак за часам кіравання А. Лукашэнкі мясцовыя саветы дэпутатаў былі пазбаўленыя гэтага права. Шляхам унясення зменаў і дапаўненняў у Закон "Аб мясцовым кіраванні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20 лютага 1991 г., а таксама шляхам выдання шэрагу прэзідэнцкіх указаў (ад 19 верасня 1995 г. №383 "Аб правядзенні рэформы органаў мясцовага кіравання і самакіравання"; ад 27 лістапада 1995 г. №481 "Аб зацверджанні прыкладнай структуры мясцовых адміністрацый у раёнах гарадоў"; ад 30 лістапада 1995 г. №485 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Часовае палажэнне аб мясцовай адміністрацыі») А. Лукашэнка, па сутнасці, скасаваў сістэму мясцовага самакіравання і стварыў замест яе так званую «прэзідэнцкую вертыкаль».

Згодна з гэтай мадэллю кіраўнік дзяржавы прызначае кандыдатуры старшыняў выканкамаў абласнога звяна (Мінскага гарвыканкама) і дае згоду (фактычна зацвярджае) старшыняў раённых (гарадскіх) выканкамаў (а на практыцы -- і іх намеснікаў). У абласных цэнтрах і горадзе Мінску замест раённых саветаў дэпутатаў і іх выканкамаў былі ўтвораныя раённыя адміністрацыі, якія наўпрост падпарадкоўваюцца адміністрацыі прэзідэнта.

У цяперашні час мясцовае самакіраванне ў Беларусі як рэальная ўлада мясцовай супольнасці адсутнічае, хоць фармальна саветы дэпутатаў захаваліся. Пры гэтым дзейнічае Закон "Аб мясцовым кіраванні і мясцовым самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» (у рэдакцыі ад 4 студзеня 2010 г.).

Аднаўленне Канстытуцыі 1994 г. прадугледжвае аднаўленне мясцовых саветаў дэпутатаў, іх выканкамаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, сходаў і іншых формаў непасрэднага ўдзелу грамадзян у дзяржаўных і грамадскіх справах (арт.117).

Ці варта ў новых умовах рабіць захады па замене гэтай сістэмы?

Уяўляецца, што спяшацца з рашэннем дадзенага пытання не варта. Тым больш што папярэдне неабходна абмеркаваць пытанне пра рэформу адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Беларусі.

З улікам неадназначнасці вырашэння гэтых пытанняў прапануецца на першым этапе захаваць ранейшую рэдакцыю часткі «Мясцовае кіраванне і самакіраванне», зрабіўшы пры гэтым некалькі ўдакладненняў.

Першае: змяніць назву раздзелу. З улікам еўрапейскіх традыцый і палажэнняў Еўрапейскай хартыі аб мясцовым самакіраванні, прынятай Радай Еўропы 15 кастрычніка 1985, яго прапануецца назваць «Мясцовае самакіраванне».

Другое: унесці большую дакладнасць у адносіны мясцовых саветаў дэпутатаў як прадстаўнічых органаў і мясцовых выканкамаў як выканаўчых і распарадчых органаў. У сувязі з гэтым прапануецца артыкул 120, якая замацоўвае выключныя паўнамоцтвы мясцовых саветаў дэпутатаў, дапоўніць нормай аб тым, што мясцовыя саветы дэпутатаў фармуюць адпаведныя выканаўчыя і распарадчыя органы.

Трэцяе: у артыкуле 122 выключыць указанне на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які надзяляўся правам адмяняць рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у выпадку іх неадпаведнасці заканадаўству.

Акрамя таго, на падставе Канстытуцыі 1994 г. неабходна аднавіць дзеянне Закона "Аб мясцовым кіраванні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусь» 1991 г., унёсшы ў яго адпаведныя змены і дапаўненні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?