06.04.2007 / 09:46

Людзі ў масках гадзіну трымалі работнікаў полацкага «Шкловалакна» тварам да сьценкі 8

Супрацоўнікі нейкай спэцслужбы ў часе выкананьня нейкага заданьня захапілі прахадную ААТ «Полацк‑Шкловалакно» і каля гадзіны ўтрымлівалі ў якасьці закладнікаў усіх, хто туды заходзіў.

Супрацоўнікі нейкай спэцслужбы ў часе выкананьня нейкага заданьня захапілі прахадную ААТ «Полацк‑Шкловалакно» і каля гадзіны ўтрымлівалі ў якасьці закладнікаў усіх, хто туды заходзіў.

Каля пятнаццаці невядомых у масках з аўтаматамі прыкладна аб адзінаццатай раніцы чацьвертага красавіка нечакана ўварваліся на прахадную прадпрыемства і заблякавалі яе. Людзей, што апынуліся там, паставілі каля вяртушкі тварам да сьценкі. Пасьля пачалі хвастаць дубінкамі, каб прымусіць разгубленых людзей расставіць ногі шырэй, а рукі выцягнуць угару і ўбокі ўздоўж сьценцы.

Спаміж закладнікаў апынулася работніца пашпартнага стала, якая нядаўна перанесла апэрацыю. Пакупнік, які прыехаў з Расеі. Цяжарная на сёмым месяцы работніца, якая прыйшла афармляць дакрэтны адпчынак. А таксама ўсе, хто цягам тае няшчасьлівае гадзіны заходзіў на прахадную. Яны пыталіся:

— Што дзеецца?

— Хто вы такія?

У адказ на ўсе пытаньні — нахабнае гырканьне.

— Маўчаць, тварам да сьценкі! Будзеце дзёргацца — прыменім спэцсродак!

Дзяжурны ахоўнік прадпрыемства спрабаваў быў пярэчыць, але пасьля таго, як яго прафэсійна выцялі тварам аб сьценку, скрушна змоўк.

— Можа, вы ў мяне і страляць будзеце? — насьмеліўся спытаць адзін мужчына.

— Калі загадаюць, то так, — абыякава адказала маска.

…Гэта не сцэнар дэтэктыву. Гэта рэальныя падзеі, якія нядаўна адбыліся на прахадной ААТ «Полацк‑Шкловалакно». Расьсьледаваньне яшчэ будзе. Пакуль жа — ацэнкі сытуацыі тымі, каму не пашчасьціла апынуцца там у ліхую гадзіну.

Васіль Н. прыехаў з Уладзімера за прадукцыяй:

— Калі вярнуся дахаты, раскажу ў прэсе і на тэлевізіі праўду пра тое, што дзеецца ў Беларусі. Гэта беззаконьне! Прыехаў купляць шклотканіну. а мяне білі па нагах і пагражалі аўтаматам… У нас такое магчыма толькі ў Чачні. Я проста ў шоку!

Аляксандар В., работнік «Шкловалакна»:

— Да нас паставіліся, як да злачынцаў. Я плачу падаткі, на якія іх утрымліваюць. Калі за гэтае беззаконьне нікога не пакараюць, перастану верыць дзяржаве.

— Згодна з інструкцыяй, я мусіў быў страляць, — заявіў супрацоўнік аховы. — Але ўтрымала тое, што ў мяне толькі пісталет, а ў іх — аўтаматы.

Людзей вызвалілі толькі пасьля таго, як на супольным беларуска‑італьянскім прадпрыемстве, якое месьціцца за гэтай самай прахадной, сканфіскавалі нейкую дакумэнтацыю. Пасьля гэтага ў джып пасадзілі дырэктара СП і ягонага намесьніка і павезьлі ў Менск.

Адразу па вызваленьні практычна ўсе пацярпелыя напісалі заявы з скаргамі ўва ўсе інстанцыі: генэральнаму дырэктару, генэральнаму пракурору і ў адміністарцыю прэзыдэнта.

Аляксей Іваноў, bulletinonline.org

0
Віталь з Менску / Адказаць
06.04.2007 / 16:04
Звычайная, штодзённая дзяржаўная палітыка знавагі чалавека. І мы плацім падаткі на выхаванне і ўтрыманне гэтых жывёл. А яшчэ нашыя бацькі, сыны і браты робяць аўтазакі дзеля сябе і сваіх родных. Працуем на сваё ж прыніжэнне.
0
kabierac / Адказаць
06.04.2007 / 16:12
> Людзей вызвалілі толькі пасьля таго, як на супольным беларуска‑італьянскім прадпрыемстве, якое месьціцца > за гэтай самай прахадной, сканфіскавалі нейкую дакумэнтацыю. Пасьля гэтага ў джып пасадзілі дырэктара > СП і ягонага намесьніка і павезьлі ў Менск. Хто-небудзь памятае заключны эпізод Быкаўскага "Аўганца"? ;|
0
Галіна Арцёменка / Адказаць
06.04.2007 / 17:12
Можа каму-небудзь гэты факт разплюшчыць вочы, што апазыцыя не ад нечага рабіць ходзіць на акцыі і змагаецца з такой уладай і гэтым беззаконнем.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру