На мае папярэднія нататкі пад назвай «Малітва аб Літве» на сайце nn.by былі крытычныя водгукі. Агульны сэнс: далёка не ўсё ўдалося літоўцам, як тое сцвярджае аўтар.

Можна было б моўчкі прыняць гэта да ведама, пашкадаваць аб нібыта неасцярожным выразе — «усё». Каб не водгук, які вылучаўся непадробным болем адносна праўды аб сучаснай Літве.

Назваўшы гісторыю Рэмігіуса, хлопчыка з Ніды, а цяпер vip-менеджара буйной міжнароднай кампаніі «не показательным случаем», наведніца сайта «НН» пад нікам «бывшая клайпедчанка» піша: «…А Вы в литовскую глубинку проедьте… Бегут люди кто куда, лучшую долю ищут, либо спиваются так же… Грустно…»

Гэта праўда — «бягуць». Афіцыйная статыстыка — паўмільёна.

Хто куды? Не зусім праўда. У большасці — у краіны Еўрасаюза, дзе гарантуюцца роўныя з іх грамадзянамі працоўныя, сацыяльныя правы і не губляюцца правы грамадзян Літвы.
Зразумела, для невялічкай Літвы гэткая эміграцыя — даволі пякучая праблема. Але здаецца, урэшце яна вырашыцца.

Вось Алдона, дзяўчо з так званай «глыбінкі». Падчас навучання ў Вільні на эканаміста яна тры гады запар лётала на канікулы ў Англію збіраць клубніцы… Сёння ўзначальвае ў Лондане аўдытарскую фірму, і разам з мужам, таксама літоўцам, рыхтуюцца да вяртання ў Літву, калі з’явяцца дзеці, бо ім «…не падабаецца англійская сістэма дзіцячага выхавання…»

Дарэчы, пра дзяцей. У Літве часцяком можна ўбачыць такую карціну: бацька ці маці вязе на ровары аж траіх дзетак — наперадзе ва ўтульным крэселцы — самы маленькі, ззаду ў прычэпленым спецыяльным вазочку — яшчэ двое…
Да крызісу Літва заахвочвала нараджаць тым, што жанчынам у дэкрэце тры гады захоўвала поўны заробак. Гедымінас, мой сябра, калега і літоўскі пенсіянер, на дзесяць гадоў маладзейшы за мяне, за апошнія тыя ж дзесяць гадоў займеў ад дзвюх дачок пяць унукаў…

Співаюцца? «Былая клайпедчанка» згадвае Ніду 1995—2007 гадоў, калі сама яна жыла паблізу ў Клайпедзе, а Ніда ператваралася ў еўрапейскі курорт, які немагчыма параноўваць з так званай «глыбінкай». Я ж ведаў Ніду савецкага часу, калі яна і была гэтай «глыбінкай», дзе мажная, з чырвоным тварам Маруся з Мурманска спрытна змешвала гарэлку з півам у ці не адзінай на ўсю Ніду шкляной забягалаўцы. Па сутнасці, яна была гаспадыняй усёй мясцовасці — толькі ад яе залежала, наліе ці не наліе, бо ведала, каму колькі трэба, каб не заснуць тварам у талерцы з рыбінымі косткамі…

Сёння ў Нідзе на кожным кроку кавярні з неймавернай колькасцю разнастайных напояў з усяго свету. Людзі тут — і прыезджыя, і мясцовыя — у асноўным з грашыма, але ніводнага п’янага, нават падвыпіўшага я не сустрэў… «Співаюцца» — гэта не пра літоўцаў...

Чаму ж я лічу, што літоўцам усё удалося, а нам не? Што гэта «ўсё»?

Карэнную памылку робяць тыя, хто вымярае ўсё з чыста спажывецкіх пазіцый: якія заробкі, пенсіі, колькі каштуюць і якой якасці хлеб, кілбаса…
Заўважу, што і ў большасці гэтых пазіцый Літва адрозніваецца ад нас відавочна. Не буду паглыбляцца ў падрабязнасці, але адзін не зусім відавочны прыклад уразіў: пакуль у нас грыміць «бітва» за тону збожжа на аднаго з 9, 5 мільёна, сціплыя і працавітыя літоўскія фермеры збіраюць звыш 4-х мільёнаў тон на 3 мільёны жыхароў… Вось вам і «закінутыя палі». Дарэчы, свабоднай зямлі ў Літве сапраўды нямала… Там, дзе нявыгадна, — не сеюць.
Але ці можна са спажывецкіх пазіцый меркаваць аб такой універсальнай каштоўнасці, як свабода?
Маўляў, свабода, аб якой маліліся літоўцы, не прынесла чаканага поспеху — «бягуць», «співаюцца»… Але свабода — не гарантыя жыццёвага поспеху асобы ці гістарычнага поспеху нацыі. Яна ўсяго толькі перадумова такога поспеху, які складаецца з мноства іншых спрыяльных і не вельмі абставінаў. Але перадумова, без якой жыццёвы ці гістарычны поспех недасягальны. Вось чаму свабода ў маім разуменні — усё.
Станьце на бераг Балтыйскага мора побач з літоўцам і паспрабуйце параўнаць сваё і ягонае светаадчуванне.
Яно адрозніваецца не толькі тым, што мы без візаў нікуды не паедзем. Перад літоўцамі адчынены ўвесь свабодны свет. Наша ж светаадчуванне да сёння замкнёна ў савецкім бараку, дзе пара цёплых споднікаў лічылася прыкметай жыццёвага поспеху, які трэба ад усіх навокал бараніць з дапамогай балістычных ракет…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?