Нядаўна «выстралілі» некалькі гучных справаў. Аказваецца, у недалёкім мінулым былі абсалютна аналагічныя злачынствы. Прабелы ў заканадаўстве ці дрэнная аўра кабінетаў?

У кастрычніку 2011-га ў працоўным кабінеце затрымалі начальніка сакратарыята савета рэспублікі нацыянальнага сходу Глеба Бядрыцкага. На яго завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Вядома, што Бядрыцкі звяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі з хадайніцтвам аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці.

Але яно не было задаволена. І ў жніўні справу перадалі ў суд.

Не выключана, што працэс над Бядрыцкім будзе закрытым, якім ён быў, калі судзілі Уладзіміра Холада. Былы першы намеснік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта ў 2007-м за махлярства, падбухторванне да дачы хабару атрымаў 8 гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці.

Нават шкоду наносяць роўную

Нядаўна чарговы раз працягнулі тэрмін расследавання крымінальнай справы супраць экс-старшыні нагляднай рады «Тэхнабанка» Уладзіслава Кацарэнкі. Справу завялі па артыкуле «дапамога ў здзяйсненні злачынстваў» і «ўхіленне ад выплаты падаткаў». Ён абвінавачваецца ў тым, што пры дапамозе падкантрольных ілжэпрадпрымальніцкіх структур, зарэгістраваных у Беларусі і Расіі, якія маюць рахункі ў прыбалтыйскіх банках, аказваў садзеянне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, даючы рэквізіты, падробленыя дакументы. Шкода, нанесеная дзяржаве, ацэньваецца больш як у 7 мільярдаў рублёў.

Роўна ў такую ж суму ацэньвалі шкоду, нанесеную дзейнасцю Ігара Крапчука. Экс-дырэктара «Эмір Мотарс» (імпарт аўтамабіляў «Таёта») арыштавалі ў ліпені 2007-га. Яго абвінавачвалі ва ўхіленні ад выплаты мытных плацяжоў. А таксама ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Пакуль доўжылася расследаванне, родныя сабралі 7 мільярдаў рублёў для выплаты нанесенай шкоды. І тады асудзілі Крапчука на 5 гадоў калоніі без канфіскацыі. Але ў 2009-м ён атрымаў па іншай справе — дача хабару і махлярства — 6 гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці. Пасля таго як ён адбыў палову тэрміну за кратамі, новы суд адправіў яго на «хімію».

Скрасці грэх не скрасці

Нявыплата падаткаў — справа частая.
Сёлета на адным са смаргонскіх заводаў выяўлены факт недаплаты на суму 817 мільёнаў рублёў. Кіраўнік прадрыемства пераплаўляў металалом, а атрыманыя зліткі прадаваў у сталіцу. Закупляў металалом з рук за наяўныя, а ў дакументах афармляў як закуп ад ілжэструктур ды па завышаных цэнах. Расследаванне

яшчэ не скончана.

Тут прыгадваецца справа Валянціна Дандорфа, заснавальніка асацыяцыі швачных прадпрыемстваў «Дзіёма» ў Брэсце. Затрыманы КДБ у чэрвені 2009-га. Абвінавачваўся ва ўхіленні ад выплаты падаткаў на суму 600 млн рублёў. Нанесеную шкоду кампенсаваў да прысуду. У лістападзе 2011-га яго асудзілі на 2,5 года турмы з канфіскацыяй маёмасці.

Пад прыцэлам фінансавая міліцыя

Летам у Мінску затрымалі старшага інспектара Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.
Па звестках КДБ, палкоўнік некалькі гадоў атрымліваў ад бізнэсоўцаў сталіцы грошы за вырашэнне пэўных праблемаў, звязаных з праверкамі. На гэтыя грошы палкоўнік пабудаваў двухпакаёвую кватэру. Ён добра канспіраваўся, але ўрэшце яго затрымалі пры атрыманні хабару 2,5 тысячы даляраў. Акрамя гэтага, затрыманы сваім калегам здаваў службовую кватэру, а атрыманыя грошы не дэклараваў.

У звязку з гэтай можна разглядаць справу Генадзя Гапоненкі, былога начальніка следчага ўпраўлення ДФР КДК. У 2009-м ён быў прызнаны вінаватым у злоўжыванні ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі. Нібыта паспрыяў спыненню крымінальнай справы супраць знаёмага бізнэсоўца. Асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці. Затым па амністыі яму год скінулі, а па касацыйнай скарзе адмянілі канфіскацыю. Абвінавачваўся таксама ў махлярстве і атрыманні хабару. Але па гэтых эпізодах быў апраўданы.

Паляцелі афіцэрскія пагоны

Да кастрычніка працягнулі тэрмін расследавання крымінальнай справы і супраць Яўгена Полудня. На момант арышту ў снежні 2011-га ён быў намеснікам міністра ўнутраных спраў. Яго абвінавачваюць у злоўжыванні і перавышэнні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў. Следства лічыць, што Полудзень сістэматычна атрымліваў ад службовых асоб органаў унутраных спраў матэрыяльныя каштоўнасці і грошы.

Менш высокую пасаду ў МУС займаў Мікалай Кудзелка. Ён быў намеснікам начальніка камітэта па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. У маі 2009-га асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў Кудзелку вінаватым у атрыманні хабару на суму больш за 800 тысяч даляраў (разам з ім па гэтай справе праходзіў Ігар Крапчук), злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, незаконным набыцці боепрыпасаў. Крымінальную справу супраць яго завялі толькі ў 2007-м, пасля таго як ён выйшаў на пенсію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?