У Варшаве знайшоўся альбом невядомых фота Яна Булгака.
У польскі Нацыянальны музей ў Варшаве трапіў унікальны альбом невядомых раней фота Яна Булгака. Гэта не рамантычныя відарысы Вільні, Варшавы ці Кракава, а сцэны з турмы, піша Gazeta Wyborcza. Гэтай тэмы ў творчасці мастака ніхто не чакаў.
Альбом датаваны 1924 годам, пад шэрай вокладкай — 44 здымкі. Кожны падпісаны Янам Булгакам, што тады працаваў у Вільні, і мае кароткае тлумачэнне.Фотаздымкі складаюцца ў рэпартаж пра жыццё ў Віленскай следчай вайсковай турме, размешчанай у 1921 годзе ў барокавым палацы Слушкаў. Зняволеныя і ахоўнікі знятыя падчас штодзённых заняткаў.
Ян Булгак злавіў у аб’ектыў гімнастыку на аточаным драўляным плотам пляцы, працу ў кухні, цяслярні, кузні.Разам з ім мы зазіраем у турэмную бібліятэку, супрацоўнік якой абапіраецца на стос кніг. Уваходзім у музей турмы, дзе нас вітае сам камендант карнай установы — маёр Максіміліян Асоўскі ў парадным мундзіры, з шабляй пры баку. На чарговых фота выяўленыя капліца, тэатральная і школьная залы, цырульня, палата хворых і кабінет дантыста, дзе маладая лекарка ў белым фартуху і масцы на твары схіляецца над пацыентам…
Альбом быў створаны, праўдападобна, на замову вайсковых уладаў.Можна меркаваць, што для гэтага была нейкая нагода. Ён у апошнія гады належаў прыватнай асобе, якая згадзілася прадаць унікальную рэч Нацыянальнаму музею. Выкупіў альбом Булгака для музея PKO Bank Polski.
У творчым даробку Яна Булгака турэмная тэматыка дагэтуль не была вядомая.
Ён нарадзіўся 6 кастрычніка 1876 у Асташыне (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). Скончыў гімназію ў Вільні. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. У 1905 ягонай жонцы падарылі фотаапарат. Падарункам зацікавіўся Ян. Гэта быў пачатак яго як аднаго з найвядомейшых фатографаў тагачасных Беларусі і Польшчы. У 1912 Булгак адчыніў фотаатэлье ў Вільні. Пазней заснаваў Польскі і Віленскі фотаклубы.Яна Булгака называюць бацькам беларускай і польскай фатаграфіі.
Ён вядомы як майстар пейзажнага фота. Працы Булгака захоўваюцца ў Вільні і Варшаве, невялікая частка — у Мінску.Напісаў кнiгі «Мая зямля» (1919), «Эстэтыка святла» (1936), «Дваццаць шэсць гадоў з Рушчыцам» (1939), «Край дзіцячых гадоў» (1942), прысвечаную Наваградчыне. Памёр у 1950 у Варшаве.
Глядзі таксама: Адноўленае гняздо Яна Булгака
Каментары