Місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, якая прыбыла ў Беларусь для назірання за парламенцкімі выбарамі, «збалансаваная і непрадузятая».
Аб гэтым заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску кіраўнік місіі Антоніа Мілашоскі, каментуючы заявы старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай у інтэрв’ю газеце «СБ. Беларусь сёння».
Ярмошына, у прыватнасці, папракнула БДІПЧ АБСЕ ў бюракратызме і перадузятасці.
«Уся іх дэмакратыя — гэта вельмі добра арганізаваная бюракратыя, пры нейкай гульні з грамадскасцю і сродкамі масавай інфармацыі, — заявіла кіраўнік ЦВК. — Гэта страшная рэч, ёй супрацьстаяць немагчыма. Яна знішчыць любога, хто трапіцца на яе шляху, вось гэтай сваёй агульнай кансалідаванасцю».

Міжнароднае назіраньне, па словах Ярмошынай, — гэта «абсалютна прафесійная дзейнасць», адрозненне ў якой паміж Захадам і Усходам «проста каласальнае». «Калі ў Германію, дзе пражывае 80 млн. чалавек, едзе місія з 15 чалавек, а ў Беларусь, дзе пражывае 9 млн., іх 700, вы самі разумееце, што задачы ў кожнай назіральнай місіі розныя», —

падкрэсліла кіраўнік ЦВК.
Як растлумачыў Антоніа Мілашоскі, колькасць назіральнікаў у місіі, якія накіроўваюцца ў розныя краіны, залежыць ад некалькіх фактараў. У прыватнасці, ўлічваецца неабходнасць ацэначнай працы і наступных рэкамендацый, а таксама магчымасці і жадання краін — удзельніц АБСЕ накіроўваць сваіх назіральнікаў у тую ці іншую дзяржаву.

Мілашоскі падкрэсліў, што ў місіі, якая прыехала ў Беларусь, лік доўгатэрміновых і кароткатэрміновых назіральнікаў з краін Заходняй і Усходняй Еўропы прыкладна роўны.

«Мне здаецца, што ў нас вельмі збалансаванае і неперадузятае стаўленне. Людзі, якія працуюць у нашай місіі, маюць добры досвед назірання за выбарамі.
Думаю, што ў нас не будзе праблем», — сказаў кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ.
Назіральнікі ад БДІПЧ АБСЕ прыбылі ў Мінск у пачатку гэтага тыдня. 21 жніўня яны сустрэліся з кіраўніцтвам Центравыбаркама.
Журналісты на сустрэчу не запрашаліся.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?