Навошта ўлады працягваюць уціскаць родную мову нават пасьля таго, як прызналі, што незалежнасьць краіны — каштоўная рэч? Здавалася б, незалежнасьць толькі ўзмацняецца ад таго, што мы — самастойны народ са сваёй культурай, гісторыяй і мовай. Здавалася б, пусьці беларушчыну на экраны, і ўвесь народ прасякнецца праўдзівай любоўю да сваёй краіны, а пусьці ў школы — вырасьце новае пакаленьне сапраўдных патрыётаў Беларусі, гатовых сьвядома бараніць незалежнасьць у цяжкую хвіліну, а ў хвіліну звычайную, прынамсі, купляць беларускае й вырабляць беларускае, ня горшае за польскае, нямецкае ці іншае якое. А наколькі б вырас прэстыж Беларусі ў сьвеце! Глядзіце, Беларусь, аказваецца, нармальная краіна з нармальным народам, а ніякая не сатэлітная тэрыторыя Расеі, населеная саўком.

Але гэта нам толькі здалося, бо па‑ранейшаму для роднай мовы школа ці дзяржаўная ўстанова ці армія — на замку. А апошнія прафэсійныя асяродкі беларускай культуры — будзь гэта Саюз пісьменьнікаў ці Інстытут гісторыі Акадэміі навук — дабіваюцца «да ручкі» й заганяюцца ў падпольле.

Чаму? Гэта ж элемэнтарна нявыгадна для нацыянальных інтарэсаў незалежнай краіны!

Вы кажаце, прычына ў вясковых комплексах і паталягічнай беларусафобіі Лукашэнкі? Ці ў тым, што Беларусь яе ўладамі па‑ранейшаму разглядаецца як пляцдарм для паходу яго на маскоўскі трон? Вы кажаце, што сфармавалася пакаленьне чыноўнікаў з адмерлым нацыянальным пачуцьцём, бо яны ўжо — дзеці вуліц, а не сялянскіх гоняў ды сенажацяў?..

На маю думку, такія тлумачэньні ўзыходзяць да ірацыянальных матываў, а таму нічога па сутнасьці не тлумачаць. Між тым, мы не аднойчы пераконваліся, што палітыка сёньняшніх уладаў зусім прагматычная і кіруецца ня тым, ці папала камусьці ляйчына пад хвост, а напрацоўкамі аналітычных цэнтраў, у якіх адукаваныя й крэатыўныя дарадцы за харошы заробак мадэлююць кожную драбніцу дзейнасьці Лукашэнкі з улікам таго, калі, як і ў які бок яго «панясе». Калі ў прэзыдэнцкай ахове служыць тысяча адборных вартаўнікоў, дык няўжо ж у ягоных аналітычных цэнтрах ня можа сядзець тысяча адборных піар‑мэнэджэраў? І што ім да таго, ці ёсьць у яго нейкія комплексы ці не. Усё мусіць быць пастаўлена на службу галоўнай задачы.

І вось тут самае цікавае — якая яна, галоўная задача? Думаецца, абсалютна прагматычная. Ня веру, што Лукашэнкавы дарадцы кураць траву і нашэптваюць босу свае відзежы. Задача адна — захаваць уладу за гэтым канкрэтным чалавекам. Натуральна, незалежнасьць тут — выдатны інструмэнт, які дазваляе ўхіліцца ад таго, каб патрапіць у хітраспляценьні крамлёўскіх інтрыг і незаўважна загінуць ад якога‑небудзь палёнія, патрапіць у турму ці як там яшчэ «разьбіраюцца» са «сваімі». А тут ты быццам і ня свой, а незалежны. І можаш раскашаваць на ўласнай тэрыторыі.

Беларуская нацыя застаецца ў недааформленым, недавершаным, падвешаным стане. Гэта нешта сярэдняе, складзенае з фрагмэнтаў уласна беларускай нацыі, саўка і спажывецкага грамадзтва. Даць беларусам мову — гэта значыць, даць дааформіцца ў паўнавартасную нацыю, стаць нічым ня горшымі за іншых. Але калі б нацыя такой стала і адчула сваё адзінства і сваю сілу, ці стала б яна цярпець Лукашэнку? Уявіце сабе нашага кіраўніка зь яго свабодай слова, зь яго выбарамі й зьніклымі канкурэнтамі на пасадзе прэзыдэнта любой іншай цывілізаванай краіны. Не ўяўляецца.

Адзін плюс адзін дае два. Незалежнасьць плюс мова — гэта Беларусь. А незалежнасьць мінус мова — гэта й ёсьць цяперашняя ўлада. Для краіны, нацыі й будучыні яна: адзін мінус адзін = нуль.

Паводле прагнозаў астроляга Глобы Лукашэнка будзе кіраваць яшчэ вельмі доўга. Ну, колькі гэта можа быць? 20‑30 гадоў. (Калі, вядома, генная інжынэрыя й клянаваньне не дазволяць яму жыць вечна.) За гэты час можна яшчэ не аднойчы выступіць з паходам на Крэмль — у новых гістарычных умовах. Ідэя фікс — яна таму так і называецца, што калі ты паабяцаў народу аднавіць СССР, дык нават празь дзясяткі гадоў, калі ўжо вырасьлі пакаленьні, якія пра СССР і ня чулі, ты будзеш упарта аднаўляць СССР.

Галоўнае, што ані незалежнасьць Беларусі за гэтыя 20‑30 гадоў не ўмацуецца, ані мова, культура, нацыя не адчуюць сябе паўнавартаснымі. А вось дэградаваць — могуць. Нават больш дакладна — павінны. І тады нікога ня зьдзівіць прыход праз 20 гадоў на кіраўнічую пасаду спачатку сына, пасьля ўнука. Ня зьдзівіць і фантастычнае падабенства грамадзкага ладу ў Беларусі да паўночнакарэйскага.

Разуменьне палітыкі Лукашэнкі ў дачыненьні да мовы як прагматычнай не пакідае ніякіх спадзеваў, што гэтая ўлада «беларусізуецца». Дзякуй ёй хоць бы за яе незалежніцкую рыторыку. Падымаць побач і насуперак уладам культуру й мову нацыі будзе не Лукашэнка, а нехта іншы. Напрыклад, дэмакратычны рух. 20 гадоў таму гэты рух і сам падняўся з барацьбы за мову, культуру й помнікі гісторыі.

Можа здарыцца й так, як гэта адбываецца сёньня, калі асьветай нацыі, яе мовай, культурай і гісторыяй магістральна не займаецца ніхто. Тады праз дваццаць гадоў мы атрымаем ужо не чыноўнікаў, а цэлыя пакаленьні беларусаў з адмерлым нацыянальным пачуцьцём. Незалежнасьць Беларусі стане пустым гукам, разьменнай манэткай у кішэні дыктатара, больш нікому ў гэтай краіне не патрэбнай.

Напэўна, якраз гэты сцэнар для беларушчыны і распрацаваны ў аналітычных цэнтрах Лукашэнкі, які не аднойчы заяўляў пра жаданьне зрабіць свой працэс незваротным. Гэта значыць, прывесьці ўсе нацыянальныя адметнасьці пад «нуль». 12 гадоў ягонага кіраваньня пераконваюць, што так яно й будзе. Будзе ў тым выпадку, калі альтэрнатыўная Лукашэнку сіла будзе займацца толькі ім і толькі сабою, а ня мовай, асьветай і гадаваньнем беларускае нацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?