07.04.2007 / 17:03

Перазагрузка Беларусі 214

Беларусы робяць посьпех за посьпехам у стварэньні нацыі. Піша Сяргей Богдан.

Беларусы робяць посьпех за посьпехам у стварэньні нацыі.

Адна з асноўных катэгорыяў заходняга мысьленьня, пісаў іранскі філёзаф Ларыджані, — гэта крызіс. Жывучы ў краінах з найвялікшымі даходамі на душу насельніцтва, эўрапейцы няспынна гавораць пра крызісы і пошукі выйсьця. Гэтае ліхаманкавае вынаходжаньне крызісаў ды пошукі іх вырашэньняў спрычынілася некалі да неймавернага матэрыяльнага ўздыму заходнеэўрапейскае цывілізацыі. Калі ў іншых частках сьвету іх жыхары не тлумілі сабе галовы і лічылі, што бананы ды рыс добра растуць і так, эўрапейцы раскруцілі гонку вынаходніцтваў, спаборнічаючы часам самі з сабой, дый заваявалі сьвет.

Прамовы пра крызісную сытуацыю зь беларускай мовай я, малады чалавек, чую, колькі сябе памятаю. Але параўноўваючы ранейшае і цяперашняе становішча белмовы, я пераконваюся ў слушнасьці «крызіснай тэорыі». Колькі б мы ні кпілі з адраджэнскай рыторыкі пра «крызіс беларушчыны» і яе носьбітаў, але яна была плённай. Беларусы адчулі крызіс і пачалі зь ім змагацца. Бракуе нам пакуль толькі ўпэўненасьці ў сваіх сілах. І пазытыўнага мысьленьня.

Адраджэньне: лік у нашу карысьць

Балянс моўнага і культурнага змаганьня можна параўнаць па двух напрамках — намінальным і фактычным.

Намінальна прынята лічыць, што адраджэньне пачатку 1990-х катастрафічна скончылася рэфэрэндумам 1995 году. Наклады субсыдаваных дзяржавай кніжак пайшлі ўніз, а беларускі друк звузіўся да купкі выданьняў. Аднак гэтыя адмоўныя моманты падаюцца пераважанымі шэрагам пералічаных ніжэй станоўчых дасягненьняў.

1) Мова пазбавілася плебейскага і вясковага статусу. Беларуская мова мадэрнізуецца і абжыла гарады. Колькі б ні рамантызавалі вёску ды сялянаў, але толькі адмова ад прыярытэтнае «вясковае» арыентацыі ў літаратуры і мове дазволіла яе аздаравіць і зрабіць прывабнай. Вядома, вёска і сяляне — частка любое нацыі, але кожная частка павінна займаць прапарцыйнае сваёй ролі месца ў нацыянальным палітычным, эканамічным і культурным жыцьці. У любой мадэрнай нацыі, у тым ліку беларускай, вёсцы належыць невялікае месца, бо такія ўжо абставіны эпохі.

Зьмяненьні адбыліся і ў сфэры сацыяльнага статусу мовы. Далучэньне да белмоўнае культуры маладога гарадзкога пакаленьня і далейшая русіфікацыя ніжэйшых слаёў насельніцтва прывялі да таго, што белмова стала атаясамлівацца з пэўным жыцьцёвым посьпехам і асьветай, а не з сацыяльнай занядбанасьцю. Пры гэтым, натуральна, зьмянілася і сама мова.

2) Аднавіўся дэрусіфікаваны, несавецкі стандарт беларускае мовы, і ўсталяваўся пэўны новы канон літаратурнае мовы, што дазваляе апэраваць ёй ва ўсіх сфэрах жыцьця сучаснага грамадзтва. Рэфармаваная наркамаўская вэрсія застаецца ў школах і афіцыйных установах, але фактычна ўсё больш саступае свае пазыцыі ў творчым жыцьці і грамадзкім карыстаньні. Клясычны варыянт пасьпяхова адраджаецца пасьля дзесяцігодзьдзяў забароны. Абсалютна нармалёвы стан пэўных разыходжаньняў у клясычным правапісе пасьля доўгага пэрыяду адсутнасьці магчымасьцяў яго ўзгадненьня ня трэба ўспрымаць як нешта анамальнае, пагатоў, што ён не перашкаджае разуменьню.

Нам часам моцна замінае засвоенае ў схільных да ўніфікацыі грамадзтвах Расейскае імпэрыі і СССР, дзе мы так доўга жылі, імкненьне мець адзіную норму — адразу і назаўжды. Вядома, мусіць існаваць пэўны канон, але ён паўстане ў працэсе творчых пошукаў, а абгрунтаваныя адхіленьні ня мусяць лічыцца нечым абсалютна адмоўным. Пасьпяхова існуюць мовы, дзе наагул некалькі варыянтаў ня тое што правапісу, але і літаратурнае мовы. Згадайма, як цягам тысячагодзьдзяў захоўвалася непарыўнасьць кітайскае моўнае і культурнае традыцыі аж да камуністычнае рэформы мовы 1940-х гадоў. Герогліфы малявалі аднолькава, а чыталі іх па-рознаму ў розных раёнах. Таму варыянтнасьць сама па сабе ня ёсьць перашкодай адзінству і разьвіцьцю сьвядомае нацыі.

3) Мова і культура набылі сьвядомых гаспадароў, ці, дакладней, гаспадары пачалі заяўляць свае правы. Многія ўстановы, арганізацыі і выданьні, што лічацца фармальнымі атрыбутамі кожнай сфармаванай нацыі, былі створаныя ў Беларусі яшчэ на пачатку мінулага стагодзьдзя не таму, што беларуская нацыя ўжо была сапраўды разьвілася да такой высокай ступені, каб мець іх, а таму што так пастанавіў саюзны цэнтар.

Напрыклад, той букет беларускіх выданьняў, што існаваў за саветамі, можа, і нагадваў па сваёй колькасьці ды вонкавым выглядзе культурны ляндшафт разьвітай нацыі, але па сутнасьці тыя выданьні былі інструмэнтамі рэжыму, а іх рэфармаваньне было амаль немагчымым праз прыроджаныя заганы. Таму й ня дзіва, што калі цэнтру ня стала — тыя нібыта нацыянальныя інстытуты захісталіся і нават часам заваліліся, як, напрыклад, многія літаратурныя выданьні. Калі крыху ўтрыраваць, дык гэта адпавядае таму, як рухнулі дзяржаўныя інстытуты ў многіх слабаразьвітых краінах пасьля іх вызваленьня ад каляніяльнага прыгнёту. Людзі тамака не прынялі тыя фармальныя выбары, школы і сьвятлафоры, якія прынесьлі ім белыя чужынцы разам з турмамі і кайданамі, як інструмэнт свайго панаваньня (так думалі вярхі) ці як непатрэбнасьць (як уважалі нізы).

Колькі б ні злавала каго такая паралель, аднак яна дарэчная, асабліва калі ўлічыць нізкі ўзровень мадэрнізацыі Беларусі і яе патрыярхальны характар. Паспалітыя беларусы таксама яшчэ зусім нядаўна не разумелі нават, нашто ім асобная дзяржава (бо заўжды мелі справу толькі зь яе гвалтам ці прафанацыяй у выглядзе БССР), ня кажучы ўжо пра падсправаздачнасьць улады, выбары і нацыянальны ўнівэрсытэт. Сёньня яны ўсьведамляюць іх неабходнасьць, бо працэс нацыянальнага і палітычнага сталеньня ідзе імклівымі тэмпамі.

Мы яшчэ толькі будзем ствараць свае ўнівэрсытэты, бо ранейшыя савецкія ВНУ — гэта, збольшага, рэшткі каляніяльнай эпохі, якія маюць сумнеўнае дачыненьне да беларускай культуры. Трэба рабіць усё нанова. Цяпер развальваецца каляніяльная спадчына, беларуская культура і нацыя разьвіваюцца на яе руінах.

І таму як можна бедаваць, што толькі 37 адсоткаў беларусаў на перапісе 1999 году сказалі, што размаўляюць па-беларуску ў штодзённым жыцьці — маўляў, адраджэньне правалілася? Чакайце. Цэлых 37 адсоткаў! Нягледзячы на ўсю дзяржаўную палітыку пасьля 1995 году, фактычна насуперак ёй, дэкляравалі сваю беларускамоўнасьць (хай сабе часам і больш дэманстрацыйную, чым рэальную). Гэта — гіганцкі посьпех!

Адзін са складнікаў працэсу канструяваньня нацыі — гэта фармаваньне нацыянальнае мовы і дасягненьне таго, каб грамадзяне трымаліся гэтай адзінай мовы. Дык вось, больш чым траціна насельніцтва Беларусі на 1999 год фактычна перасягнула гэта парог і гэта вельмі добры паказьнік. Гэта сьвядомая ідэнтыфікацыя. І не кажыце, што раней было больш тых, хто размаўляў па-беларуску. Несьвядомае карыстаньне дыялектамі беларускай мовы (якая да таго ж называецца самім яе носьбітам «рускай» ці «сваёй») — гэта зьява яшчэ данацыянальнага характару і яна ня можа быць параўнаная са сьвядомай дэклярацыяй пра выкарыстаньне беларускай мовы ўжо як мовы нацыі ў 1999 годзе.

4) Вырасла новае пакаленьне творцаў і носьбітаў беларускае культуры. Часам, каб пазбавіцца ад пэсымізму, дастаткова зьмяніць пункт гледжаньня на сытуацыю. Калі ўзяць афіцыйную, выкладзеную ў падручніках ці прадстаўленую на БТ вэрсію, чым ёсьць сучасная беларуская культура і літаратура, дык відовішча несуцешнае — галерэя нябожчыкаў і сівых дзядоў. Але гэта адбываецца з-за пазьбяганьня ўкладальнікамі афіцыйнага канону маладых творцаў. Таму проста ня трэба меркаваць аб стане белкультуры па афіцыйных дзяржаўных крыніцах, але ўзяць тое, што выйшла за мінулыя гады — ад Балахонава да «Дзеяслова» — і параўнаць, ці мелі мы такое раней. Вядома, новае пакаленьне часам расчароўвае старэйшых у пытаньнях густу, але калі паміж бацькамі і дзецьмі было поўнае супадзеньне поглядаў? Сёньняшняя беларуская культура — гэта сучасная дынамічная культура, збудаваная, напрыклад, на такіх кітах, як «ARCHE», Глёбус і Інтэрнэт. Старая культурная сытуацыя зьнікла, але ж гэта ня значыць заняпаду культуры. Яна проста абнавілася. І гора было б нам, калі б усё было інакш, а мы мелі аднаго толькі Караткевіча.

5) Працэс разьвіцьця культуры і мовы набыў натуральны характар. Г.зн. без залежнасьці ад дзяржаўных датацыяў. Вядома, сёньня даводзіцца больш думаць пра грошы, але калі мы хочам самастойнасьці, дык мусім за ўсё плаціць самі, не спадзеючыся на колішні рай дзярждатацыяў. Датацыі — значыць залежнасьць, і калі мы іх пазбавіліся — значыць вызваліліся. Варта толькі адмовіцца ад спадзяваньняў на дзяржаву (на гэта хварэюць многія беларускія нацыяналісты), і тут жа ў вачах прасьвятлее — культура беларуская не занепадае, але адыходзіць ад дэфармацыяў, спрычыненых існаваньнем у дзяржаўных рамках, калі гусьлям пісалі законы. Дзяржава, якой мы яе ведалі ў расейскай, польскай, нямецкай, савецкай і постсавецкай іпастасях, была і пакуль застаецца апаратам гвалту. У бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі сытуацыя ня зьменіцца, бо яшчэ доўга ня зьменіцца мысьленьне людзей. Дзяржава нам не дапаможа, і існаваць за яе кошт белкультура ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі ня зможа. Што і лепш, бо дазволіць пазьбегнуць многіх ідэалягічных дэфармацыяў. Бо часам складваецца ўражаньне, што многія ў нас гатовыя рабіць беларусізацыю шляхам дзяржаўнага гвалту на ўзор русіфікацыі. Але гэта быў бы шлях у нікуды.

6) Культура і мова адчыніліся сьвету. Тысячы нашых суайчыньнікаў пачалі вучыцца за межамі краю і колішняе імпэрыі, беларуская культура расчыняецца сьвету і расчыняе для сябе сьвет па-за рамкамі традыцыйнага для сябе вясковага асяродзьдзя і імпэрскіх абшараў. Пра тое сьведчаць нават тыя ж падарожныя нататкі ці пераклады — пераклады яшчэ ніколі ня мелі такіх маштабаў ў беларускай літаратуры, а белмоўныя суайчыньнікі вандруюць па сьвеце і адчыняюць для нас іншыя культуры — ад фінскай да аўганскай. І гэта ўжо не эмігранты савецкага часу, выштурхнутыя з роднага асяродзьдзя, што пішуць невядома для каго, бо іх творы не даходзяць да радзімы. Не, гэта людзі, якія цягаюцца паміж рознымі культурамі, ладзячы камунікацыю. Гэтага беларуская культура ня мела ўжо колькі стагодзьдзяў, абмежаваная межамі імпэрыяў і іх рэглямэнтам міжнацыянальных зносінаў за пасярэдніцтвам «старэйшага брата» ды яго «велікого і могучего языка».

* * *

Беларуская культура мае посьпех. Ня трэба алярмізму. У працэсе любой дзейнасьці варта своечасова заўважаць свае посьпехі і ганарыцца імі — гэта дапамагае ў працы. У беларусаў сёньня ёсьць падстава для радасьці. Каб разьвіць посьпех, нам трэба працягваць намаганьні ў стратэгічна слушна абраным некалі напрамку — то бок адраджаць грамадзянскую супольнасьць, незалежную ад дзяржавы.

Гэта — правераны рэцэпт. Жыды не чакалі, пакуль ім дадуць сваю дзяржаву, якая збудуе ім нацыянальнае жыцьцё па-габрэйску. Да моманту абвяшчэньня Ізраілю ў 1948 годзе яны ўжо мелі ўсе неабходныя структуры грамадзкага і культурнага нацыянальнага жыцьця, ствараючы іх у неспрыяльных умовах чужынскае адміністрацыі. І паўсталі тыя структуры праз грамадзкія ініцыятывы, паступова, па меры таго як стракатая жыдоўская супольнасьць у Палестыне высьпявала палітычна і культурна, каб стаць нацыяй. Уцямлівала, што ёй патрэбныя свае, габрэйскія школы, каапэратывы і прафсаюзы, пасьля ўнівэрсытэты, аддзелы самааховы і г.д. Створаныя нанова, у якіх дзеюць не мясцовыя арабскія звычаі ці традыцыі брытанскай і асманскай адміністрацыі і адпаведныя мовы, а нацыянальныя законы (вызначаныя не дзяржавай, але фактычна самапрызначанымі супольнасьцевымі органамі ці проста энтузіястамі) і нацыянальная мова.

У нацыянальным адраджэньні заўсёды так: кіруюць зазвычай проста энтузіясты, якія маюць аўтарытэт і гатовыя браць на сябе адказнасьць. Возьмем наш нядаўні прыклад. Аўтары новага варыянту ўпарадкаваньня клясычнага правапісу былі гатовыя браць на сябе адказнасьць і таму далі рады закласьці важны камень у наш падмурак. Яны кінулі наракаць на дзейнасьць ці бязьдзейнасьць (невядома што горш) акадэмічнага інстытуту, якому партыя некалі прызначыла адказваць за мову, а ўзялі і зрабілі. Некалі гэтыя людзі будуць легендамі.

І цяпер ужо нам вырашаць, каго слухаць — казённую пастанову постсавецкага ўраду аб упарадкаваньні мовы ў лепшых бальшавіцкіх традыцыях ці абгрунтаваныя прапановы навукоўцаў, што хочуць і намагаюцца зрабіць лепш. Хто прызначыў сёньняшні ўрад — мы ўсе ведаем. А хто прызначыў упарадкавальнікаў правапісу? Іх прызначыла Нацыя, наша супольнасьць — бяз выбараў і галасаваньня, але маўклівым кансэнсусам, бо проста больш ніхто ня ўзяўся рабіць тую ці іншую цяжкую і малаўдзячную справу. Так адбываецца пакліканьне і прызначэньне з боку нацыянальнай супольнасьці.

Кожны можа яго атрымаць, але ці кожны схоча? Заданьне на сёньня яснае — працягваем ствараць нашы структуры і інстытуты: сайты, праекты, таварыствы, суполкі, ячэйкі, падручнікі, нормы, прафсаюзы й унівэрсытэты — сёньня і тут.

Сяргей Богдан, Маладэчна

0
[+] / Адказаць
07.04.2007 / 18:50
Дзякуй аўтару!
0
Палівач / Адказаць
07.04.2007 / 19:32
Каментар відаць выдаляць, але з якога балота вылез аўтар артыкулу? Няхай гэты аптыміст пачытае тое ж інтэрвію Балахонава, які прызнаецца, што яму няма з кім паразмаўляць па-беларуску ў паўмільённым Гомелі. А пра сучасную культуру, якая стаіць на такім кіту, як ...Глобус - аўтар абкурыўся?
0
Кнехт / Адказаць
07.04.2007 / 20:14
...гэта сучасная дынамічная культура, збудаваная, напрыклад, на такіх кітах, як «ARCHE», Глёбус і Інтэрнэт. ================ Аўтар меў на ўвазе "Глёбус Беларусі"? - тады я згодны! ...Варта толькі адмовіцца ад спадзяваньняў на дзяржаву (на гэта хварэюць многія беларускія нацыяналісты), і тут жа ў вачах прасьвятлее — культура беларуская не занепадае, але адыходзіць ад дэфармацыяў, спрычыненых існаваньнем у дзяржаўных рамках, калі гусьлям пісалі законы. ================== У "вачах прасвятлее", калі капаць з піпеткі альбуцыд у вочы. А каб дасягнуць выніку ў беларусізацыі ( для беларускага нацыяналіста = сувернітэту краіны), трэба "карміць" дзетак з маленства ў дзіцячых садочках (потым у сярэдняй школе, ВНУ) беларускаю моваю, гісторыяю сваёй краіны, культураю свайго народу. Таму, не адрынаючы прапановы аўтара, лічу, што без "дзяржаўнага гвалту" у нас нічога не атрымаецца, бо мы не жыды. ....У беларусаў сёньня ёсьць падстава для радасьці ================= Сапраўды так. Напрыклад, я радуюся кожны дзень, бо ўсведамляю, што іх застаецца ўсё меньш і меньш. А ўвогуле, дзякуй за аптымізм - ён нам вельмі патрэбен, як вітаміны арганізму напачатку вясны.
Паказаць усе каментары/ 214 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру