06.04.2007 / 16:52

Крымінальную справу супраць маладафронтаўцаў перадалі ў суд 1

Маладафронтаўцы не выключаюць, што разгляд справы пачнецца напярэдадні «Чарнобыльскага шляху».

Менская пракуратура перадала справу супраць актывістаў «Маладога фронту» ў суд Савецкага раёну. Алега Корбана, непаўналетнюю Насту Палажанку, Зьмітра Хведарука, Аляксея Янушэўскага і Барыса Гарэцкага абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі.

Маладафронтаўцы не выключаюць, што разгляд справы пачнецца напярэдадні «Чарнобыльскага шляху».

Сьледчы Сяргей Грахоўскі, які вёў сьледзтва ў справе, распачатай КДБ супраць актывістаў «Маладога фронту», перадаў матэрыялы крымінальнай справы ў суд Савецкага раёну Менску. Ён пацьвердзіў гэта Радыё Свабода: «Так. Сьледзтва завершана і справа перадаецца ў суд».

Нагадаем: 4 лютага супрацоўнікі міліцыі затрымалі 27 актывістаў «Маладога фронту» пад час паседжаньня цэнтральнай рады арганізацыі. Зьмітра Хведарука і Алега Корбана трое сутак утрымлівалі ў сьледчым ізалятары КДБ. Адпусьцілі юнакоў, узяўшы абяцаньне зьяўляцца на допыт зь першага патрабаваньня. Сьпіс падазраваных супрацоўнікі КДБ хутка пашырылі. 29 сакавіка Наста Палажанка, Аляксей Янушэўскі, Алег Корбан, Зьміцер Хведарук і Барыс Гарэцкі сталі абвінавачанымі ў крымінальнай справе. Маладзёнаў прысьпешвалі знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Барыса Гарэцкага нават прывозілі ў кабінэт сьледчага Сяргея Грахоўскага з турмы на вуліцы Акрэсьціна. Сьледчы адхіліў хадайніцтва адвакатаў, якія прасілі даць больш часу для працы з матэрыяламі справы. Гаворыць Барыс Гарэцкі:

«Сьледчы вельмі сьпяшаўся перадаць матэрыялы ў суд. І таму мне давялося за тры дні праглядзець відэаматэрыялы і ўсю справу. Мы падавалі хадайніцтва, каб нам пасунулі тэрмін разгляду, але на гэта сьледчы адказаў, што тады са справай я буду знаёміцца ў сьледчым ізалятары. Сьледчы тлумачыў гэта тым, што ў яго ёсьць шмат іншых больш важных спраў. Але я больш чым упэўнены, што гэта замова зьверху — каб як мага хутчэй нас асудзіць».

Зьміцер Хведарук распавёў, што для ягоных сяброў прыемным сюрпрызам стаў паказ відэафільму — апэратыўнай відэастужкі з акцыі ў Дзень Сьвятога Валянціна. Ён прыгадаў, што ў часе правядзеньня традыцыйнай акцыі яго зь сябрамі дапытвалі сьледчыя КДБ.

«З матэрыялаў справы асабліва ўразіла кінастужка пра Дзень Сьвятога Валянціна, пра нашу акцыю. На вялікі жаль, мы не змаглі ў ёй паўдзельнічаць. І Барыса хутка выцягнулі з натоўпу. Менавіта дзякуючы супрацоўнікам пракуратуры, нам удалося ўбачыць, як гэта ўсё выглядала ад пачатку да самага канца. Вельмі нам спадабалася... Такая хуткая перадача справы ў суд сьведчыць толькі пра тое, што рэжым яшчэ раз хоча запалохаць людзей, якія не пабаяліся прыйсьці сёлета на Дзень Волі, не пабаяліся кардонаў вайскоўцаў і спэцназу ў горадзе».

Адвакаты маладафронтаўцаў мяркуюць, што на наступным тыдні могуць стаць вядомы дзень судовага паседжаньня і прозьвішча судзьдзі, які будзе разглядаць крымінальную справу.

Раней суды над актывістамі «Партнэрства» і «Маладога фронту» паводле абвінавачаньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі адбываліся за зачыненымі дзьвярыма.

0
Аляксей Янушэўскі (МФ) / Адказаць
06.04.2007 / 17:13
Хай варожыць гадзючнік варожы...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру