Беларуская дэлегацыя на чале з міністрам архітэктуры і будаўніцтва Анатолем Нічкасавым 23–30 жніўня наведвае з візытам Вэнэсуэлу і Эквадор, паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У склад дэлегацыі ўваходзяць намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, а таксама прадстаўнікі шэрагу беларускіх арганізацый. У рамках візыту ў Вэнэсуэлу беларуская дэлегацыя правядзе сустрэчы з кіраўніцтвам міністэрстваў замежных спраў, прамысловасьці, нафты і горнаруднай прамысловасьці, жыльля і жылой інфраструктуры.

Як плянуецца, падчас знаходжаньня ў Эквадоры адбудуцца перамовы з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзыдэнта, міністэрстваў замежных спраў, гарадзкога разьвіцьця і жыльлёвай гаспадаркі.

У прэс-службе МЗС падкрэсьлілі, што

асаблівая ўвага будзе нададзена рэалізацыі дамоўленасьцяў, дасягнутых у ходзе візыту Аляксандра Лукашэнкі ў гэтыя краіны.

Нагадаем, паводле эквадорскай прэсы, адной з такіх дамоўленасьцяў магла быць выдача Менску былога беларускага міліцыянта Аляксандра Баранкова, які атрымаў у Эквадоры палітычны прытулак, сьцьвярджаючы, што яго перасьледуюць за выкрыцьцё карупцыйных схемаў.

Мясцовая прэса нагадвае, што паводле дзейнага заканадаўства, Кіта ня мае права выдаваць людзей, якім пагражае сьмяротнае пакараньне або пажыцьцёвае зьняволеньне. Пры гэтым неназваныя крыніцы ў эквадорскай судовай сыстэме сьцьвярджаюць, што ў часе візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Эквадор, беларускі бок даў гарантыі, што Баранкоў ня будзе прысуджаны да названых пакараньняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?