У крамах Мінска з’явіліся незвычайныя сувеніры — паветрана-пузырысты поліэтылен. Тавар вырабляе мінскі прадпрымальнік сумесна з дзяржаўнай установай «Спецыяльны дом для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў № 1» у межах сацыяльнага праекта «РОZІTІV». Галоўная ідэя апошняга — паказаць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць на роўных быць запатрабаванымі ў грамадстве і працаўладкаванымі.

Разрэзаную на невялічкія кавалачкі і сімпатычна ўпакаваную поліэтыленавую плёнку па сімвалічнай цане ўжо пачалі прадаваць у крамах.

Часткова грошы, выручаныя ад продажу такіх сувеніраў, будуць накіраваны на дабрачынную дапамогу. Удзел у вытворчасці пузырыстай плёнкі прымаюць жыхары Спецыяльнага дома для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў, што дазваляе ім не толькі рэалізаваць сябе, але і атрымаць за гэта грошы.
Сёння «поліэтылен з пазітывам» можна набыць у ЦУМе, ГУМе, гандлёвым доме «Кірмаш». У хуткім часе поліэтыленавую пузырыстую плёнку можна будзе ўбачыць і на прылаўках іншых крам і, магчыма, нават у кіёсках «Белсаюздрука».

— Самае складанае для нас зараз, — гэта праца з таваразнаўцамі, — расказвае аўтар ідэі прадпрымальнік Алег, які сціпла не пажадаў, каб яго прозвішча згадвалі. — Даводзіцца працаваць з кожным асабіста і тлумачыць нюансы. А гэта адбірае шмат часу.

Новыя сувеніры, перш за ўсё, знойдуць свайго пакупніка сярод дзяцей, падлеткаў, студэнтаў і офісных працаўнікоў.

Лопанне пузырыстай плёнкі лічыцца рэлаксатарам і антыстрэсам.
Кожны пакупнік атрымае магчымасць заспакоіцца і падняць сабе настрой, але пры гэтым яшчэ і зробіць свой уклад у дапамогу людзям, якім яна патрэбная.

Таксама прадпрымальнік зазначае, што калі вытворчасць будзе мець поспех, то ёсць шмат ідэй для развіцця гэтага праекта, пачынаючы ад расшырэння асартыменту прадукцыі да геаграфічнага ахопу тых, каму можна будзе дапамагчы такой дзейнасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?