Па віленскіх вулках няспешна ідзеш,
І час тут няспешна ідзе, як ішоў,
І ў небе глыбокім, нібыта ў вадзе,
Аблокі, як гурбы вандроўных снягоў,
Плывуць над табою навек маладой,
Хаваючы сонца, што плача святлом
На кроплі крыві, што не стануць травой,
Бо зоркамі стануць і будзе кругом
Журботна і светла ад велічы іх,
Бы ў Храме ад свечак, што ў памяць тваю
Пастаўлены ўчора на век і на міг,
І я сёння ў Храме, як свечка стаю,
Каб ты не спыняла па Вільні хаду
І ў вершах жыла, у якіх мы жывём
І разам з табою п’ём неба ваду,
Сябе саграваем тутэйшым агнём,
Што ў нашых садах незабыўна гарыць
І будзе гарэць каля нашых крыжоў,
І будзе з вятрамі пра нас гаварыць,
Калі ўсе мы прыйдзем няспешна дамоў,
Куды ты прыйшла не адна без пары,
І не дарабіла, што ўмела рабіць,
І не далюбіла, умеўшы любіць,
Сяброў, і Радзіму, і Вільні муры…

1.08.2012

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?