У афрыканскай вёсцы працаваць мусіць кожны. З малых гадоў дзяцей бяруць у поле — здабываць ваду або паляваць. Восем дзесяцігодзьдзяў таму, калі на зямлі, што зараз завецца Зымбабвэ, панавалі брытанскія калянізатары, адзін маленькі хлопчык прыдумаў, як ён будзе дапамагаць сям’і. Яму падабалася праца, якую можна рабіць самотна. Хлопчык пазьбягаў іншых дзяцей, выпраўляючыся пасьвіць кароў на самыя аддаленыя пашы. Ня лез ён і ў бойкі — традыцыйнае падлеткавае баўленьне часу, і нават не гарэзьнічаў падчас паляваньня.

Замест гэтага хлопчык плёў маленькія гнязьдзечкі, аздабляючы іх пёркамі ды імхом. А потым пускаў па рацэ, гадзінамі чакаючы з кніжкаю ў ценю дрэваў покуль птушачка‑другая не патрапіць у ягоныя пасткі. Так хлопчык мог дадаць трошкі пратэіну ў сямейны кацёл.

Але ня з гэтага стаў вядомым начытаны хлопчык, акулярык ды мамчын сынок (яго бацька, цясьляр па прафэсіі, рана зьнік зь іх жыцьця). Надзіва мала мы ведаем пра чалавека, які за тры дзесяцігодзьдзі кіраваньня Зымбабвэ правёў краіну шляхам ад буйнога разьвіцьця і росквіту да найглыбейшай крызы, якой ня бачыў сьвет з часоў Ваймарскай Нямеччыны.

Сёньняшні Мугабэ — хутчэй пародыя на афрыканскага дыктатара. Ён фарсіць гітлераўскімі вусікамі. Ён размахвае кулакамі падчас мітынгаў, выбягаючы ў натоўп, скаланае паветра і кідаецца абразамі ў бок апанэнтаў. Але ворагі й супраціўнікі ўвесь час недаацэньваюць Мугабэ, таму яго ўсё цяжэй пазбавіць улады.

Ягоная сакрэтная паліцыя — жудасная Цэнтральная Служба Выведкі— наганяе жаху пасьля заходу сонца на гарады і асабліва — на бедныя раёны. На пачатку сакавіка быў амаль да сьмерці зьбіты Морган Цвангірай — лідэр апазыцыі, былы прафсаюзны кіраўнік, адважны, але неразважлівы палітык. Гэтае здарэньне выклікала абурэньне як у краіне, так і за яе межамі, але моцна напужала простых людзей.

Садоўнік з раёну Будырыро, што ля Харарэ, стаў сьведкам таго, як служба бясьпекі разганяла вулічныя пратэсты, зьдзекуючыся зь людзей: цяжарную жанчыну зьбівалі аж покуль яна не згубіла дзіця.

28 сакавіка паліцыя зноўку арыштавала Цвангірая. Гэтыя нападкі, з аднаго боку, умацавалі яго грамадзкія пазыцыі — як колісь палепшылася рэпутацыя самога Мугабэ, што патрапіў у турму, змагаючыся супраць панаваньня белых. Але з іншага боку, мінулым тыднем паўстала пытаньне: калі Цвангірай ня ў стане абараніць сябе, як ён здолее абараніць простых людзей — сваіх паплечнікаў, калі яны і адважацца на пратэст?

Паліцыя рэгулярна зьбівае моладзевых актывістаў дубінкамі, што сталі сымбалем рэпрэсіяў у гэтай частцы сьвету. 27 сакавіка была сарвана і разагнана як несанкцыянаваная прафсаюзная сустрэча ў горадзе Мутарэ. У хмызах парку Харарэ можна пабачыць пахмурных людзей з драбавікамі й стрэльбамі ды іншымі прыстасаваньнямі для падаўленьня паўстаньня. Гэтыя хмурныя людзі — служба бясьпекі.

На думку Крыса Мароленга з дасьледчага падразьдзяленьня Інстытуту Бясьпекі ў Паўднёвай Афрыцы, Мугабэ «спустошыў краіну і запоўніў яе вайскоўцамі». Ён можа захаваць свой рэжым толькі з дапамогай брутальнай сілы. Калі Мугабэ загнаны ў кут, ён не вагаючыся ўжывае сілу. Але калі спрытны птушкалоў мае выбар, яму стае розуму абмежавана ўжываць гвалт.

Яго шмат хто ненавідзіць, але Мугабэ мае дар прымушаць людзей падпарадкоўвацца. Ужо дзесяць гадоў экспэрты прадказваюць яму хуткі сыход — у выніку выбараў, рэфэрэндуму, пратэсту. Але кожны раз Мугабэ застаецца.

Парадаксальна, але зымбабвійцы адначасова пагарджаюць і захапляюцца ім. Харызматычны, высокаадукаваны і насамрэч разумны, ён не жудасны клоўн, як Ідзі Амін з Уганды. Добра вядомыя намаганьні Мугабэ палепшыць школы для ўсіх зымбвійцаў. Меней увагі надаецца ягонай прыватнай ролі ў гэтым працэсе: нават стаўшы прэзыдэнтам, былы школьны настаўнік знаходзіў час выкладаць для дзяржслужбоўцаў — зь цягам часу яго вучні станавіліся міністрамі. І хаця краіна зруйнаваная, па вуліцах Зымбабвэ ўсё яшчэ бегаюць хлопчыкі ды дзяўчаткі ў акуратненькай школьнай форме.

Ёга ды садза

Мугабэ — тонкі аратар. Ён зь лёгкасьцю пераскоквае з мовы шона на ангельскую, размаўляючы з кожнай аўдыторыяй на яе мове. Яго кепікі ў бок замежных лідэраў (Тоні Блэр у яго «хлопчык у кароткіх штоніках») выклікаюць усьмешку нават у праціўнікаў. Наступным месяцам урад плянуе запусьціць кругласуткавы канал — News24 — каб адбіваць «нэгатыўныя нападкі» з боку Захаду.

«Нішто мяне не палохае, — заявіў Мугабэ на сустрэчы ў Харарэ 23 сакавіка. — Я адстойваў і буду адстойваць мае ідэі тут, дзе я нарадзіўся, дзе я вырас, дзе я змагаўся і дзе памру».

У свае 83 гады ён неверагодна працаздольны. Да самага позьняга часу можна пабачыць сьвятло ў ягоным кабінэце, прычым розум у яго вастрэйшы за розум шмат якіх, а мо й усіх ягоных апанэнтаў. Кажуць, падымаецца ён на золку, раней чым хто зь ягонай маладой сям’і, пачынаючы свой дзень зь ёгі. Ня надта патрабавальны, Мугабэ звычайна ня сьнедае, а цягам дня папівае гарбату. Яго доктар цьвердзіць пра неверагодна добрае здароўе прэзыдэнта.

Гейдзі Голэнд, аўтарка кнігі «Вячэра з Мугабэ», што мае хутка выйсьці, апытала шматлікіх родных і калегаў Мугабэ і прадстаўляе яго як жвавага і хітрага чалавека.

Яго звычайная ежа —садза — мясцовая маісавая каша з соўсам з гародніны, якую ён есьць рукамі, у традыцыйнай манэры народу шона.

У адрозьненьні ад іншых афрыканскіх дыктараў, вядомых сваёй неспатольнай прагай да выпіўкі, мяса ды кабетаў, лідэр Зымбабвэ непітушчы, амаль вэгетарыянец і, мяркуючы па ўсім, адданы сваёй другой жонцы — маладой Грэйс. Кравец Мугабэ кажа, што памеры прэзыдэнта не зьмяніліся за 20 гадоў!

Тым ня менш гэты старэючы чалавек падаецца ўсё больш ізаляваным. Хлопчыкам, ён рос у адзіноце, амаль без сяброў. Яго першая жонка — Салі — была яго найбліжэйшым дарадцам і лепшай сяброўкай. Падчас пошуку выйсьця з найскладаных сытуацыяў, Мугабэ мог заявіць: «Я запытаюся ў Салі» — і справа чакала, пакуль ён тое ня зробіць.

Хто‑ніхто лічыць, што Мугабэ збочыў зь вернага шляху і прывёў Зымбабвэ да заняпаду пасьля сьмерці Салі ў 1992 г. і шлюбу з сваёй сакратаркай Грэйс, галоўным захапленьнем якой зьяўляецца шопінг.

З гадамі прэзыдэнт рабіўся ўсё больш уразьлівым. Паводле ўспамінаў былога міністра, у 2006 г. на прапанову апанэнтаў сысьці ён так зьніякавеў, што некалькі дзён ні зь кім не размаўляў, і спыніў маўчаньне толькі пасьля ўмяшаньня яго сьвятара.

Іншыя кажуць пра адмысловую манэру Мугабэ выкарыстоўваць «моц маўчаньня» — прыкладам, не прамовіць ані слова на сустрэчы з вока на вока, тым самым наганяючы жах на здранцьвелага суразмоўцу.

Сёньня яго ізаляванасьць паглыбляецца, асабліва ўнутры кіроўнай партыі. У сьнежні Мугабэ намагаўся адсунуць прэзыдэнцкія выбары наступнага году да 2010, але ідэя ня выклікала асаблівага энтузіязму, і рашэньне адклалі да сустрэчы партыйнага кіраўніцтва. Ёсьць меркаваньне, што Эмэрсан Мнангагва — колішні пратэжэ Мугабэ, які быў да такой ступені набліжаны да яго, што атрымаў мянушку «Сын Бога» — пляце змову з Саламонам Мужуру — былым міністрам абароны, а зараз — мужам віцэ‑прэзыдэнта, каб пераканаць Мугабэ пакінуць пасаду. Абодва дзеячы сёньня не ў фаворы ў прэзыдэнта, тым часам як крызыс моцна б’е па іхных шырокіх эканамічных інтарэсах. Кажуць, яны вядуць перамовы ня толькі між сабой, але і з Рухам за дэмакратычныя зьмены, што ўзначальвае Цвангірай. Але трэба ўлічыць, што раней у Мугабэ атрымлівалася нэўтралізаваць сваіх шматлікіх канкурэнтаў. Больш за тое, аніводзін зь іх, калі раптам стане кіраўніком Зымбабвэ, хутчэй за ўсё будзе ня меншым ліхам для сваёй краіны.

Ангельскі джэнтэльмэн

Магчыма, ужо надыйшоў час, калі вельмі сталы ўзрост Мугабэ — у яго краіне сярэдняя працягласьць жыцьця мужчыны складае 37 гадоў, а жанчыны збольшага дажываюць да 34 — працуюць не на яго карысьць. Звычайна ў Афрыцы сталасьць у неверагоднай пашане. Аднак некаторыя кажуць пра прэзыдэнта з пагардай. «Старэчы час сыходзіць» — лічыць адзін з жыхароў Харарэ. Па словах былога міністра Джонатана Мойо, «Мугабэ — ахвяра свайго ўзросту».

Але з досьведу мінулых гадоў, ацэньваць слабасьці і хібы Мугабэ вельмі складана. Гэты чалавек увесь час мяняе аблічча. Ён часткова афрыканскі папуліст, які паадбіраў зямлю ў прыватных фэрмэраў і тым самым зруйнаваў адну з самых пасьпяховых эканомік Афрыкі, а часткова — англаман. І хоць ні лідэр Зымбабвэ, ні брытанскі ўрад не прызнаюць гэтага, але Мугабэ збольшага — прадукт заходніх, і асабліва брытанскіх, каштоўнасьцяў.

Ён апранаецца ў заходнія гарнітуры, рэгулярна чытае замежную прэсу, прычым амаль ніколі — мясцовую. Нягледзячы на рэзкую крытыку імпэрыялізму, Мугабэ мае папаўзьлівую павагу да брытанскіх каштоўнасьцяў. Напрыклад, у ягоным доме ўсім, нават краўцу, прапаноўваюць філіжанку гарбаты. Ён прыкладае шмат высілкаў, каб навязаць выкшталцоныя манэры сваім дзецям, кажучы, што гэтаксама робіць брытанская каралеўская сям’я.

Часта кажуць, што Мугабэ больш ангелец, чым самі ангелецы. Ён закаханы ў крыкет і доўгі час быў кіраўніком Зымбабвійскай фэдэрацыі крыкету. Пакуль у дачыненьні яго не ўвялі санкцыі, лепшым адпачынкам для Мугабэ былі вандроўкі ў Лёндан. Калі ў 1980 г. быў пакладзены канец панаваньню белых, Мугабэ ўсталяваў параўнальна цесныя стасункі з брытанскімі ўладамі, якія дапамагалі ў пераходны пэрыяд, ён жа пагадзіўся пакінуць белых фэрмэраў на тэрыторыі Зымбабвэ. А калі некаторыя зь іх пры канцы 1990‑х пачалі падтрымліваць апазыцыю, Мугабэ палічыў, што Лёндан яму здрадзіў.

Хоць і цяжка зразумець, што за асоба Мугабэ, але пра ягоныя страхі і спадзевы лёгка здагадацца. Падаецца, што яго асноўны клопат — як пазьбегнуць бясслаўнага канца і абараніць сям’ю. Паказальна, як Мугабэ абышоўся з сваім папярэднікам, Енам Сьмітам, кіраўніком белай Радэзіі. У яго былі важкія падставы — і палітычныя, і прыватныя — ненавідзець яго. У часы рэжыму Сьміта Мугабэ сядзеў у вязьніцы і ледзь не звар’яцеў, калі яму не дазволілі прысутнічаць на пахаваньні сына, які памёр у чатырохгадовым узросьце.

Ступень у жорсткасьці

І дагэтуль Мугабэ з горыччу згадвае тыя часы. Калі ў 2001 г. у яго запыталі, ці прызнае ён, што народ пакутуе ад ягонага рэжыму, ён з рэзкасьцю нагадаў, што сам сядзеў пры Сьміце і што «мы значна больш пакутвалі пад брытанцамі». Пры тым, што самога Сьміта, які гадамі не хаваў сваёй зьедлівай крытыкі Мугабэ, ніколі не чапалі і не падштурхоўвалі пакінуць краіну (каля году таму ён па сваім жаданьні зьехаў у Паўднёвую Афрыку).

Магчыма, Мугабэ лічыць, што яго белы папярэднік ужо страціў моц: з больш сур’ёзнымі супернікамі распраўляліся жорстка. Калісьці Мугабэ пахваліўся, што акрамя сямі навуковых ступеняў у яго ёсьць «ступень у жорсткасьці». Па прыходзе Мугабэ да ўлады, канкурэнты на лідэрства ў вызваленчым руху гінулі пры нявысьветленых абставінах. Адзін зь іх у аварыі, аднак кажуць, што яго аўто было прастрэлена. Друкарню аднае незалежнае газэты падарвалі, а журналістаў катавалі. Маладых апанэнтаў рэжыму зганялі ў лягеры, дзе жанчын гвалцілі, а мужчын зьбівалі.

Адна з асаблівых турботаў лідэра Зымбабвэ — гэта магчымы судовы перасьлед за тое, што напачатку 1980‑х ён дазволіў зьбіцьцё тысячаў вясковых жыхароў на паўднёвым‑захадзе краіны жаўнерамі, адмыслова падрыхтаванымі ў Паўночнай Карэі. Зараз рыхтуецца да прадстаўленьня ў парлямэнце заклік узнавіць сьледзтва па справе Гукурахундзі — пад такім назовам вядомыя тыя забойствы (перакладаецца як «ранішні дождж, які змывае мякіну»).

Апазыцыйны «Рух за дэмакратычныя зьмены», калі ён і прыйдзе да ўлады, сам або ў кааліцыі (на дадзены момант, Рух да такой ступені разьяднаны, што ня здольны нават арганізаваць пратэст), не зьбіраецца прыцягваць да адказнасьці Мугабэ ў рамках нацыянальнае судовае сыстэмы, але выступае за незалежнае расьсьледаваньне або за разгляд справы ў міжнародным судзе. Чакаюць расьсьледаваньня і шматлікія іншыя выпадкі зьнікненьняў і забойстваў, у тым ліку і дзіўныя выпадкі сьмерці канкурэнтаў Мугабэ на золку незалежнасьці. Страта недатыкальнасьці — ці не галоўная прычына, чаму ён так чапляецца за прэзыдэнцкі фатэль. І наўрад ці магчыма будзе пераканаць Мугабэ сысьці, пакуль у яго ня будзе адыходных шляхоў.

У рэшце рэшт, яму, відаць, давядзецца сысьці, не ў апошнюю чаргу з прычыны ўсё большага незадавальненьня ім з боку суседніх краінаў. Лідэры рэгіёну ня могуць увесь час заплюшчваць вочы на арышты і зьбіцьцё апазыцыі. На нядаўняй надзвычайнай сустрэчы краінаў Арганізацыі разьвіцьця Паўднёвай Афрыкі ў цэнтры ўвагі было пытаньне Зымбабвэ. Прэзыдэнт Замбіі Леві Мванаваса вельмі красамоўна параўнаў Зымбабвэ з «Тытанікам» і адзначыў, што мяккія дыпляматычныя захады больш ня дзейныя.

Але наўрад ці афрыканскія лідэры распачнуць гучную кампанію. Яны хістаюцца і шукаюць шляхі прымірэньня. Толькі пару тыдняў таму Мугабэ распачаў энэргетычны праект з Намібіяй, што дапаможа палепшыць сытуацыю з пэрыядычным адлучэньнем электрычнасьці ў Зымбабвэ. Ня так даўно ён наведаў багатую нафтай Экватарыяльную Гвінэю, дзе таксама згадзіліся дапамагчы. Хадзілі чуткі, што Ангола гатовая прадставіць вайсковых адмыслоўцаў, каб правесьці трэнінгі для паліцыі Зымбабвэ. Але абодвы бакі адмаўляюць гэта.

Такім чынам, не зважаючы на ўсе свае хібы, Мугабэ яшчэ можа разьлічваць на антыкаланіяльны аўтарытэт у рэгіёне. І асабліва, у Паўднёвай Афрыцы, нягледзячы на тое, што ягоныя адносіны з Афрыканскім нацыянальным кангрэсам маглі б быць і лепшымі. Мугабэ ўвесь час кпіць з прэзыдэнта Паўднёвай Афрыкі — Табо Мбекі, якога ён лічыць шэрым і занадта абачлівым выскачкам (той на пакаленьне маладзейшы за Мугабэ). Неаднаразова Мбекі прапаноўваў уладам і апазыцыі Зымбабвэ сесьці за стол перамоваў і падзяліць паўнамоцтвы, але гэтыя намаганьні ня мелі плёну, паколькі не было чым напужаць Мугабэ, калі той не пагадзіцца. Калі Зымбабвэ пагражала выключэньне з МВФ, Паўднёвая Афрыка прапанавала сваю дапамогу пад умовай палітычных і эканамічных зьменаў, але Цэнтрабанк Зымбабвэ вытрас усю валюту з краіны, каб разьлічыцца з МВФ.

Так Мугабэ зрабіў з Мбекі дурня. Сёньня Паўднёвая Афрыка зьяўляецца галоўным міжнародным прыкрыцьцём Зымбабвэ, часткова таму, што Мбекі разглядае Зымбабвэ як люстэрка сваёй краіны і панічна баіцца, што лідэр прафсаюзу зможа пазбавіць улады незалежніцкую партыю.

Зорка ды сонца

Але яшчэ больш цікавыя ўзаемаадносіны Мугабэ з Нэльсанам Мандэлам. Некаторыя зьвязваюць пачатак крызы праўленьня Мугабэ з зьяўленьнем канкурэнтнага вобразу Мандэлы — як вялікага барацьбіта за незалежнасьць Афрыкі. Пакуль Мандэла ня выйшаў з турмы ў 1990 г., лідэр Зымбабвэ рабіў сваю справу як сьлед. Яго ўшаноўвалі як змагара супраць апартэіду, чалавека, які прымірыў расы і падняў эканоміку. Мугабэ быў зоркай, але ўзышло сонца.

У імгненьне вока ўсе ляўры дасталіся Мандэлу. Больш пасьпяховая эканоміка, якая прыцягвала інвэстыцыі, ухваленьне ў прэсе ды аплядысмэнты іншых краінаў. Зымбабвэ адышла ў цень. Біёграф Мандэлы апісвае, як калаціла ад непрыязьні ды раздражненьня Мугабэ, калі ён сустрэўся з Мандэлам адразу пасьля таго, як Паўднёвая Афрыка заваявала свабоду.

З часам гэтыя сталыя дзяржаўныя дзеячы не сталі хаваць нелюбові. Як толькі Мандэла загаварыў пра прымірэньне ды аднаўленьне Афрыкі, Мугабэ стаў на шлях папулізму, захопу зямлі і нападак на замежнікаў. Вельмі верагодна, што апантаны злосьцю, Мугабэ марыць сядзець на сваім месцы, аж пакуль не пабачыць сыход сваіх ворагаў. Ён будзе неверагодна шчасьлівы, калі ў сваім кабінэце дачакаецца зыходу ў адстаўку Тоні Блэра (хутчэй за ўсё, чакаць яму да сярэдзіны году). Мбэкі засталася пара гадоў, а ў Мандэлы імкліва пагаршаецца здароўе.

Пераклала з ангельскай Дар’я Слабчанка паводле www.economist.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0