Мядзведзь грызлі напаў на турыста ў нацыянальным парку на Алясцы, у выніку чаго мужчына памёр. Інцыдэнт адбыўся ў нацыянальным парку Дэналі ўвечары ў пятніцу.
Маршрут турыста пралягаў уздоўж ракі Токлат, якая знаходзіцца на тэрыторыі нацыянальнага парку. Па шляху мужчына ўбачыў мядзведзя і, вырашыўшы яго сфатаграфаваць, падышоў да яго на занадта блізкую адлегласць — менш 45 метраў.
Мяркуючы па фатаграфіях, знойдзеным у фотаапараце мужчыны, спачатку мядзведзь не выяўляў ніякай агрэсіі.Турыст змог бесперашкодна фатаграфаваць яго на працягу па меншай меры васьмі хвілін, перш чым грызлі напаў на яго.
Мядзведзя прыстрэлілі.
Кожны год нацыянальны парк наведвае больш за мільён турыстаў.Прадстаўнікі нацыянальнага парку сцвярджаюць, што гэта першы смяротны выпадак з удзелам грызлі за ўсю гісторыю гэтай прыродаахоўнай тэрыторыі з 1917 г.
Для таго каб атрымаць дазвол наведаць парк, усе турысты праходзяць інструктаж, як паводзіць сябе ў выпадку сутыкнення з грызлі.
Да жывёлаў не рэкамендуецца падыходзіць на адлегласць менш за 400 метраў.У прысутнасці мядзведзяў не трэба рабіць рэзкіх рухаў, крычаць або спрабаваць ўцячы. Калі грызлі спрабуе падысці бліжэй, турыстам рэкамендуюць павольна адыходзіць назад.