На сайце НІСЭПД — новы артыкул. Сацыёлягі дасьледавалі, хто пачуваецца ў выйгрышы, а хто ў пройгрышы ад таго, што Беларусь стала незалежнай.

Першую групу аўтары дасьледаваньня ўмоўна называюць "пераможцамі", другую — "лузэрамі" :)

Дык вось, "пераможцамі" найчасьцей адчуваюць сябе тыя, хто мае вышэйшую адукацыю, галоўнай крыніцай асабістага багацьця лічыць працу і сам добра зарабляе. Доля "пераможцаў" вышэйшая сярод моладзі і прыхільнікаў эўрапейскага выбару. Фэнамэнальна шмат прадстаўнікоў гэтай катэгорыі сярод кіраўнікоў недзяржаўных прадпрыемстваў — 80,2% (параўнайце: сярод кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў — толькі 20,6%).

"Лузэрамі" найчасьцей пачуваюцца жыхары малых гарадоў, людзі зь нізкімі даходамі, пэнсіянэры. У той жа час яны мацней падтрымліваюць палітыку цяперашняй ўлады.

А вось сярод беспрацоўных "пераможцаў" даволі багата. Парадокс, бадай, уяўны. У айчынных умовах частка эканамічна актыўнага насельніцтва лічыць за лепшае не афішаваць свайго занятку.

Канешне, сэрцы незалежнікаў ня можа ня грэць тое, што ўвогуле "пераможцаў" у нас болей, чым "лузэраў" — 38,1% vs 29,4%. Аднак прапорцыя, мякка кажучы, не трыўмфальная. І якое жахліва вялікае балота — 31,6% увогуле не змаглі даць уцямнага адказу!

Заключная рэмарка сацыёлягаў падаецца цалкам слушнай: "Мы не выпадкова выкарысталі тэрмін "насельніцтва", а не "грамадзяне", бо адсутнасьць крытычнае масы грамадзянаў і ёсьць, на наш погляд, галоўнай палітычнай праблемай краіны".

Увогуле ж, як бачым, чыньнікі фармаваньня незалежніцкай самасьвядомасьці даволі выразныя. Найчасьцей шануюць незалежнасьць людзі адукаваныя, руплівыя. Тыя, хто не сядзіць на пансіёне, а зарабляе грошы за кошт уласнага таленту, энэргіі ды прадпрымальнасьці, і найчасьцей у прыватным сэктары. Паступовая эрозія патэрналісцкай эканомікі будзе працаваць на рост слою актыўных грамадзянаў без комплексу "саўка".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?