У рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуўся жыхар Ваўкавыска Аляксандр Сезень. Ён перапісваецца з Мікалаем Аўтуховічам.

Аляксандр сцвярджае, што апошнія два ягоныя лісты да палітвязня не дайшлі. А 21 жніўня яму нібыта патэлефанаваў супрацоўнік КДБ і запрасіў на гутарку. Калі ён адмовіўся, то патэлефанаваў іншы супрацоўнік і таксама прапанаваў сустрэцца.

На сустрэчу кадэбіст прыехаў на ўласным аўто. Па словах Аляксандра, яны размаўлялі пра ягоныя паездкі за мяжу, а таксама пра перапіску з Аўтуховічам.

Аляксандр кажа, што з боку мясцовых кадэбістаў гэта не першая спроба завязаць з ім кантакт. Першая падобная сустрэча, па яго словах, адбылася некалькі год таму, калі ён у судзе аспрэчваў сваё звальненне з прадпрыемства «Беллакт».

«Мне няма пра што з імі размаўляць. Калі нешта маюць да мяне, то няхай афармляюць адпаведныя дакументы і запрашаюць на гутаркі афіцыйна», — кажа ён.

Аляксандр Сезень кажа, што мае інваліднасць, на сёння ён беспрацоўны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?