29.08.2012 / 12:37

У Кангрэсе даследчыкаў Беларусі возьмуць удзел навукоўцы дзевятнаццаці краін 3

Кангрэс пройдзе 28–30 верасня ў Каўнасе.

Летась у Каўнасе ўпершыню адбыўся кангрэс даследчыкаў Беларусі — тады навукоўцы з розных краінаў, якія займаюцца беларускім пытаннем, атрымалі шанец сустрэцца. Сёлета адбудзецца другі кангрэс, які па маштабах значна пераўзыходзіць папярэдні — арганізатары атрымалі каля 400 заявак ад навукоўцаў з дзевятнаццаці розных краін.

«Наша Ніва» паразмаўляла з адным з арганізатараў кангрэса Аляксеем Ластоўскім.

«Мінулагодні кангрэс быў амаль цалкам прысвечаны сацыяльным навукам. — расказвае спадар Аляксей. — Сёлета вялікі ўпор робіцца на гуманітарныя навукі, даследаванні ў галіне мастацтва: будзе, напрыклад, секцыя кіназнаўства.
Да таго ж, падчас кангрэса будуць працаваць эканамічныя секцыі — гэта балючае пытанне для Беларусі, але на абмеркаванне яно выносіцца рэдка».

«Канечне, для нас галоўнае — даць слова беларускім удзельнікам, — кажа Ластоўскі. — Аднак магчымасцяў сустракацца з замежнымі калегамі ў нашых навукоўцаў мала. У выніку сярод замежных гасцей у нас не толькі беларусы, якія працуюць у замежжы, аднак і навукоўцы, якія не маючы беларускіх каранёў, займаюцца беларускім пытаннем. Напрыклад, у кангрэсе возьме удзел японскі даследчык, які сёлета прэзентуе даклад, прысвечаны Браніславу Тарашкевічу».

З замежных зорак на кангрэс завітаюць айцец Аляксандр Надсан, славіст Арнольд Макмілін і старшыня Анга-беларускага таварыства Вялікабрытаніі Джым Дынглі. З Расіі прыедуць Аляксей Мілер, які спецыялізуецца на гісторыі Усходняй Еўропы, і знаны гісторык Міхаіл Дзмітрыеў. Беларусь будуць прадстаўляць яскравыя навукоўцы і практыкі ад Валера Карбалевіча і Андрэя Казакевіча да Генадзя Сагановіча і Андрэя Кудзіненкі.

«Выйшла так, што сёлета мы ахопім усю беларускую гісторыю, — расказвае Ластоўскі. — Нашы гісторыкі, і гэта вельмі заўважана па дакладах, цалкам уключаныя ў сучасны гістарычны працэс. Аднак наш кангрэс, хай гэта прагучыць нясціпла, застаецца адзінай пляцоўкай, дзе яны могуць сустрэцца. Калі Акадэмія навук не займаецца арганізацыяй такіх мерапрыемстваў, то нехта мусіць гэта рабіць».

Юрась Ускоў

0
belariy / Адказаць
29.08.2012 / 12:42
прычапіліся да акадэміі навук. няма ў іх часу на вашыя кангрэсы. трэба тэрмінова распрацоўваць праграму па пабудове палацаў для кожнай асобна ўзятай беларускай каровы.
0
Митяй / Адказаць
29.08.2012 / 15:23
Конгресс интересный! Хотелось бы узнать его результаты! А вот что касается Алексея Милера - это тёзка, или глава "Газпрома" ещё и историей занимается?
0
А. Ластоўскі / Адказаць
29.08.2012 / 17:26
Натуральна, што гісторык Аляксей Ільіч Мілер - гэта цёзка Аляксей Ільіча Мілера, кіраўніка "Газпрому". Можна зірнуць старонку на "Вікіпедыі", а адтуль ужо шмат вельмі інфарматыўных спасылак: http://ru.wikipedia.org/wiki/Миллер,_Алексей_Ильич
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру