08.04.2007 / 23:22

Не дачакаецеся! Палітыка ў сьвяточным антуражы 3

У храме афіцыйны кіраўнік традыцыйна ўзьняў сьвецкія праблемы. Камэнтуе ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

У аўтарытарнай дзяржаве кіраўніцтва мусіць пэрманэнтна даводзіць сваю моц і непахіснасьць. Вось і сёньня ў Сьвята-Духавым саборы, як і нядаўна на фабрыцы гародніны, афіцыйны лідэр падкрэсьліваў, што ён цьвёрда стаіць на нагах і валодае сытуацыяй у краіне.

Увогуле прамова на Вялікдзень (гэтак сама ж было і на Каляды) традыцыйна тычылася сьвецкіх пытаньняў. Хаця атмасфэра царкоўнага сьвята наклала свой адбітак на патэтыку: "Некаму хочацца, каб ён захістаўся. Але гэтага ня будзе, бо Гасподзь нас заўжды падтрымае ў нашым справядлівым імкненьні быць сумленнымі ды прыстойнымі".

Лукашэнка запэўнівае, што эканоміка акрыяла ад "магутнага ўдару з усходу".

Зрэшты, ня варта забываць, што ў першым паўгодзьдзі мы плоцім расейцам за газ толькі палову кошту. Акрамя таго, сур'ёзным выпрабаваньнем для айчынных вытворцаў можа стаць нядаўна падпісанае гандлёвае пагадненьне (канешне, калі беларускі бок наважыўся яго шчыра выконваць).

Увогуле ж пацьвярджаецца выснова аналітыкаў: ківач вонкавай палітыкі зноў пайшоў у бок Расеі. Сёньня панавала рыторыка пра вечную дружбу. У звадках жа вінаватыя выключна алігархі, Крэмль выведзены за дужкі. Хаця, бадай, менавіта ягоны прэсінг спараджае фонавую трывогу. Прычым прэсінг гэты — ня толькі эканамічны, але і псыхалягічны. Генэруецца магутная піяраўская плынь на тэму розных неспрыяльных для цяперашняга беларускага кіраўніцтва сцэнароў Масквы.

Адсюль — змушаны контарпіяр: "Сёньня шмат размоў вядзецца на мой адрас і адрас кіраўніцтва Беларусі. Паверце: за гэты год нічога не зьмянілася".

Магчыма, навагодні энэргашок і сапраўды збольшага прайшоў. Але ж цалкам статус-кво ўжо ня вернецца. Асабліва што да кошту энэрганосьбітаў. Сёлетнія іх цэны — толькі першая прыступка на крутой лесьвіцы рынкавых дачыненьняў. Сапраўдныя адказы на вонкавыя выклікі яшчэ належыць даць.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Несьвядомы Беларус / Адказаць
09.04.2007 / 01:54
Дачакаемся...
0
Вечерний дозор / Адказаць
09.04.2007 / 02:51
"Магчыма, навагодні энэргашок і сапраўды збольшага прайшоў" (слегка вырываю из контекста). Психологически - да, но не экономически. Последствия обычно проявляют себя через 3-4 месяца. Сидорский на днях про восемь процентов с хвостиком прироста ВВП по итогам первого квартала говорил. Месяц назад было девять, еще чуть раньше - под десять. Когда известный оратор просит во что-то поверить, значит, мягко говоря, не все так просто. Настроения, вернее, ожидания общества меняются, и в попытке "открутить" ситуацию используется PR, мол, всё под контролем. Да и вообще, в храме прихожанам надлежит исповедоваться, а не проповеди политические читать. Впрочем, не впервой...
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ to Вечерний дозор / Адказаць
09.04.2007 / 10:39
Да Вашае рэмаркі дадам, што электарат болей зважае на камунальныя тарыфы і заробкі, чым на абстрактны рост ВУП. А у гэтых адчувальных сфэрах сытуцыя заўважна пагоршылася. У выніку, як Вы слушна зазначаеце, настроі мяняюцца (гэта і сацыялёгія пацьвярджае), таму і даводзіцца запускаць піяр-машыну.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру