Аднак рашуча адкінуць справы і надрукаваць гэтыя радкі мяне прымусіла рэальная небяспека: Беларусь стаіць на парозе страты сваёй дзяржаўнасці і, адпаведна, самастойнасці. Так, літараў у артыкуле шмат, але ён напісаны так для зручнасці ў спрэчцы, каб (амаль) на кожны аргумент свайго апанента Вы маглі прад'явіць яму адпаведны абзац.

А чым кепска, калі Расія і Беларусь будуць разам? Гэта ў любым выпадку лепш, чым пастаянная варожасць.

Калі ставіць пытанне як «чорнае, ці белае», то безумоўна. З іншага боку, я гатовы дапамагаць сваім сябрам, рады, калі яны дапамагаюць мне, але не думаю, што будзе добра, калі нехта з нас пачне непасрэдна кіраваць астатнімі.

Разам з тым, дастаткова нават невялікага экскурсу ў гісторыю, каб убачыць, наколькі старажытныя карані крамлёўскай імперскай ідэі.
Наколькі па-рознаму склаліся лёсы Фінляндыі, якая ўсё-такі паспела вырвацца з лап Масквы, і суседняй Карэліі. Што стала з тымі нашчадкамі Залатой Арды, якія ў выніку аказаліся ўключанымі ў склад Расійскай Федэрацыі. Які працэнт ад прыродных багаццяў застаецца ў Якуціі, а які асядае на банкаўскіх рахунках крамлёўскіх чынуш.

Так, Жырыноўскі з яго вечным лозунгам «усё для рускіх» не перамагае (прынамсі пакуль што) на ўсерасійскіх выбарах, але працэнт, які ён набірае, цалкам дазваляе адчуць настроі простых расійцаў. Дзякуй Богу, у поўны голас размовы пра адзіную валюту Расіі і Беларусі ўсё яшчэ не вядуцца, але нават сам факт наяўнасці такіх думак вельмі і вельмі трывожны: пераход ад агульных грошай назад будзе вельмі праблематычным.

І цалкам верагодна, што той, ад каго будуць чакаць вырашэння гэтага пытання, вырашаць нічога не будзе, а проста, калі прыцісне, сядзе ў чартар і паляціць кудысьці прэч; простым беларусам, як вы разумееце, зрабіць гэта будзе нашмат складаней.

Не, я ў курсе, што многія ўдзельнікі Еўрасаюза карыстаюцца адзінай валютай — і нічога. Але раўнапраўным партнёрам Беларусь зможа быць хіба што ў гэтым самым поліцэнтрычным Еўрасаюзе, а з Расіяй у гэтым сэнсе жарты дрэнныя. Незалежны Татарстан таксама ў 90-я падпісаў федэральную дамову аб супрацоўніцтве — у выніку туды былі прызначаныя патрэбныя людзі, і цяпер Крэмль моцна трымае татараў на павадку.

Нарэшце, не варта забываць, што Масква і Расія — гэта розныя планеты. Зразумела, што ператварыць Беларусь у Сібір, дзе нават электрыфікацыя дабралася не да ўсіх вёсак, наўрад ці атрымаецца, але і спадзявацца, што ў выпадку аб’яднання Мінск тут жа пачне ўзбагачацца за кошт прыродных рэсурсаў Расійскай Федэрацыі, прынамсі наіўна.

А прычым тут беларуская мова? Самастойнасць звычайна страчваюць з палітычных прычын.

Правільна. Аднак невыпадкова абсалютна ўсе акупанты пачыналі з таго, што навязвалі заваяваным народам сваю мову (а заадно і культуру): французы — брэтонцам, іспанцы — баскам, а ўжо як сваю мову разнеслі па свеце ангельцы, залішне і казаць. Па-першае, вельмі злуе, калі тубыльцы цябе не разумеюць, па-другое, хацелася б і іх без цяжкасці разумець, а па-трэцяе, чым менш паміж каланізатарамі і каланізаванымі адрозненняў, тым менш каланізаваныя сябе такімі адчуваюць.

Прыкладна тым жа займаліся і кіраўнікі Савецкага Саюза (незалежна ад сваёй нацыянальнасці): для захавання велізарнай разнамаснай краіны насельніцтву проста неабходна было насадзіць адзіную мову і адзінае мысленне. У ход ішлі любыя сродкі: і арышты, і рэпрэсіі, і дэпартацыі. Прычым даставалася ў першую чаргу тым, хто мог павесці за сабой іншых: настаўнікам, царкоўнікам, навукоўцам. А рабоча-сялянскаму класу звычайна не так ужо важна, што пішуць у кнігах і газетах, што расказваюць па тэлевізары, ды і з чужой мовай гэты клас мірыўся нашмат больш ахвотна.

У пачатку 90-х высветлілася, што далёка не ўсе народы з роўным поспехам выстаялі ў гэтай няроўнай барацьбе. Беларусь не вельмі вялікая, ды і да Масквы недалёка — вось беларусы і зрабіліся вельмі падобнымі да расійцаў і ў сэнсе мовы, і ў сэнсе культуры, і ў сэнсе светапогляду.

Што, па сутнасці, адрознівае нас ад «старэйшых братоў»? Любоў да бульбы? Народныя абрады? Русыя валасы?
На жаль, падабаецца камусьці гэта ці не, але раней людзей падзялялі (і, адпаведна, аб’ядноўвалі) вера, выгляд, звычаі, а цяпер наўрад ці хоць што-небудзь здольнае зрабіць гэта ў той жа меры, што мова.

Цяпер наш апошні бар’ер слабее ўсё больш, і калі, не дай Бог, на чарговых выбарах пераможа праплачаны Масквой кандыдат, на шляху ператварэння Беларусі ў Беларускую губерню асаблівых перашкод ужо не паўстане. Не спрачаюся, мова — не панацэя, і нават у выпадку поўнага трыумфу беларускай мовы Крэмль мог гэтак жа выставіць свайго кандыдата і заняцца далучэннем Беларусі, але цяпер гэта нашмат прасцей.

Можна прывесці прыклады Аўстрыі, якая карыстаецца нямецкай мовай (хоць аўстрыйскія дыялекты ўсё ж сур’ёзна адрозніваюцца ад нарматыўнай нямецкай), або пераважна англамоўнай Ірландыі, але ці варта ўсур’ёз чакаць, што Германія ці Англія возьмуць кантроль над імі ў свае рукі? У той час як Расія цягам усёй сваёй гісторыі дэманстравала, што чым больш, тым лепш (хоць у велізарных імперый недахопаў ледзь не менш, чым добрых якасцяў), і няма ніякіх падставаў меркаваць, што ў найбліжэйшай будучыні сітуацыя зменіцца.

Ды нам расійская ўжо як родная — няўжо вы гэтага не разумееце?

Розныя рэгіёны вырашаюць моўную праблему па-свойму, і зусім неабавязкова ажыццяўляць народнае «чамадан, вакзал, Расія» (менавіта так зрабілі гордыя чачэнцы: проста выгналі прэч усіх рускамоўных). Часта ўспамінаюць і Латвію, дзе для атрымання грамадзянства трэба здаць экзамен па гісторыі і мове, а зрабіць гэта (з розных прычынаў) лёгка не ўсім. Напэўна, так, каб вось зусім-зусім нікога не пакрыўдзіць, вярнуць мове страчаныя пазіцыі не атрымаецца. Але правераныя спосабы зрабіць гэта максімальна плаўна і бязбольна ўсё ж існуюць.

Першае, што кідаецца ў вочы ў выпадку з беларускай мовай, — яе вельмі нізкі прэстыж, які дастаўся ёй у спадчыну ад таго ж Савецкага Саюза. Сапраўды, для ўсіх сур’ёзных мэтаў тады выкарыстоўвалася расійская, а вось калі трэба нейкі народны абрад правесці, тут ужо беларуская цалкам падыходзіла. Многія да гэтага часу смяюцца, сутыкаючыся з беларускай на прасторах інтэрнэту, у крамах бытавой тэхнікі і да т.п.

А ўся справа… правільна, у штучна створаным стэрэатыпе. Інструкцыя да халадзільніка на харвацкай мове вас не моцна насмяшыла?
А ў іх жа таксама калісьці не было нейкіх тэрмінаў, ды і наогул — у любой мове калісьці чагосьці не было…

Натуральна, дырэктар прыватнай лавачкі сам вырашае, на якой мове яму пісаць шыльду (мы занадта гуманныя людзі, каб высылаць яго за гэта ў ГУЛАГ, ці не так?), але на сённяшні дзень большасць дырэктараў, каб натуральным чынам пазбегнуць не самых прыемных асацыяцый з вёскай, аддадуць перавагу таму, каб назваць сваю краму акурат па-расійску. А вось калі па-беларуску будуць каментавацца футбольныя матчы зборнай, будуць выходзіць пазнавальныя перадачы, будзе весціся дзяржаўная дакументацыя, калі будуць добрыя беларускія школы — цалкам магчыма, што гэтаму дырэктару для назвы спадабаецца і прыгожае беларускае слова. І калі па-беларуску да вас будуць звяртацца на вуліцах у асноўным інтэлігентныя і адукаваныя людзі, хіба гэта не будзе паказчыкам статусу мовы?

Як жа гэтым інтэлігентным і адукаваным людзям гаварыць на беларускай, калі аточаны расійскамоўным асяроддзем мозг чыста аўтаматычна (без ніякага злога намеру) выдае словы зусім не на беларускай мове? Гэта можа здацца парадаксальным, але цяпер кожнаму з нас сустрэцца з беларускай нашмат прасцей, чым гадоў 30 таму: тады магла «не дапамагчы» нават паездка ў вёску, цяпер жа дастаткова выбраць са спісу адрасоў у інтэрнэце. Але, вядома, самым важным рупарам у наш час пакуль яшчэ застаецца тэлебачанне, і без яго садзейнічання дамагацца масавай «літасці» да той ці іншай мовы даволі складана.

Заўважце: ніхто не прапануе забараніць расійскую мову, адключыць расійскія тэлеканалы (а яны ж прысутнічаюць у нас у такіх колькасцях менавіта «з павагі» да расійскамоўных, бо, скажам, у Польшчы злавіць трансляцыю з Масквы нашмат складаней), спаліць кнігі на расійскай, тэрмінова перавесці ўсе газеты на беларускую, штрафаваць расійскамоўных мінакоў (хоць Крэмль і такія страшылкі можа прыдумаць) і да т.п. Проста няхай будзе выбар: каму не падабаецца — справа гаспадарская, а хтосьці натыкнецца — ды і зацікавіцца. Аналагічна і беларускія школы павінныя з’яўляцца не прымусова, а сувымерна з попытам на іх. Бо гэта глупства — усіх запар прымушаць вучыць мову, на якой няма нічога сучаснага-цікавага, чыста на ўстаноўцы «гэта мова дзядоў-прадзедаў». Стварайце якасны кантэнт, зацікаўлівайце — людзі паціху пацягнуцца самі.

У нас і на ежу грошай не заўсёды хапае, а вы тут з мовай лезеце.

Наўрад ці амаль 10-мільённая Беларусь — першая краіна, якая задаецца пытаннем наконт таго, ці нельга «сэканоміць на мове». Зусім побач прыкладна мільённая Эстонія, якая дзяліла з намі савецкую прастору, і вось немаведама адкуль у яе сродкі і на тэлебачанне на эстонскай, і на вышэйшую адукацыю, не кажучы пра ўсё астатняе. Яшчэ больш пераканаўчы прыклад Ісландыі з насельніцтвам у 300 тысяч, якая не толькі не імкнецца перайсці на нашмат больш магутную ангельскую, але яшчэ і не вельмі ахвотна бярэ з яе новыя тэрміны, аддаючы перавагу стварэнню сваіх. Што да грэнландскай мовы з 50 тысячамі носьбітаў, то на ёй вы, вядома, вышэйшую адукацыю, не атрымаеце (давядзецца пераходзіць на дацкую), але ўсё астатняе ёсць.

Так, напэўна, у цяперашніх умовах не так проста будзе адразу выдаць самыя розныя падручнікі для ВНУ на беларускай (дык можа, не будзем адставаць ад прагрэсу і паступова пяройдзем на электронныя?), але на тое, каб дубляваць (не здымаць!) фільмы на беларускай мове, прынамсі заходнія, патрэбныя сапраўды невялікія сродкі. У маштабах дзесяцімільённай краіны — і зусім маленькія. Ці выпускаць навіны: даў дыктару адпаведны тэкст — ды і ўсё. Па-беларуску чытаць не так ужо складана, не японская ж.

Ніхто не кажа пра тое, што мы павінныя любой цаной спрабаваць стварыць на беларускай столькі ж, колькі існуе на расійскай, але забяспечыць мове тытульнай нацыі хоць бы годнае існаванне (бо для многіх яна ўсё роўна застаецца роднай і любімай) нам цалкам па сілах. Хай будзе хоць бы адзін якасны тэлеканал, хоць бы адна прэстыжная ВНУ, хай у школах на беларускай выкладаюць хаця б некаторыя прадметы, хай будуць беларускія дзіцячыя садкі; расійскую ў сучаснай Беларусі мы не забудзем дакладна. Але, на жаль, пакуль што беларускае тэлебачанне, як і ВНУ, масава расійскамоўнае, колькасць беларускамоўных школ скарачаецца, а дзяцей, якія без асаблівых праблем разумеюць беларускую мову (што ўжо казаць пра тых, якія выкарыстоўваюць), усё менш.

Ці не лепш вывучыць адну мову, але нармальна?

Асвойваючы любы дадатковы навык, мы схільныя ўспрымаць яго праз звыклыя механізмы. Але хіба дрэнна ўмець гуляць і ў футбол, і ў валейбол? Ёсць, вядома, імавернасць, што, доўга займаючыся валейболам, мы падчас футбольнага матчу рэфлекторна адаб’ем мяч рукамі, але калі ў гаворцы выпадкова праскочыла беларускае слова (або памылковы націск), гэта наўрад ці прывядзе да нейкіх непапраўных наступстваў.

З іншага боку, што дае веданне другой мовы?
Наша галава — гэта ж не кантэйнер абмежаванай ёмістасці, у які паклаў яшчэ тысячу словаў — і ўсё, месца скончылася (прынамсі навуцы такія выпадкі невядомыя), а даволі гнуткі механізм, які можна развіваць як чытаннем пазнавальных кніг, разгадваннем крыжаванак і рэбусаў, як вывучаючы правілы дарожнага руху, так і з дапамогай такой знакавай сістэмы, як чалавечая мову. Навукова даказана, што двухмоўныя людзі, як правіла, больш уважлівыя і ў іх больш развітае творчае мысленне, з прычыны чаго яны лепш спраўляюцца з нестандартнымі задачамі. Невыпадкова ў Еўропе шматмоўная адукацыя — норма.

Акрамя таго, кожная мова як бы прымушае чалавека «бачыць» адно і не звяртаць увагі на іншае (памятаеце прыказку: «Колькі моваў ты ведаеш, столькі разоў ты чалавек»?). Таму шматмоўным людзям у параўнанні з аднамоўнымі звычайна прасцей прыняць пункт гледжання іншага чалавека, яны ў цэлым больш псіхалагічна ўстойлівыя «пры змене кантэксту» і да т.п. Праўда, у нашым грамадстве нам часам гэтага вельмі не хапае?

Не спрачаюся з тымі, хто зараз заявіць, што больш гнуткае ўспрыманне свету можна развіваць і з дапамогай больш «патрэбнай» ангельскай, кітайскай і г.д. Аднак усё тыя ж навукоўцы кажуць нам, што двухмоўным людзям наступныя замежныя мовы даюцца нашмат лягчэй (а з беларускай пачаць, як ні круці, у Беларусі прасцей), ды і ў заявах такога кшталту адчуваецца не жаданне стварыць моцную апору для сваёй нацыі і краіны, а імкненне схавацца за дадатковымі (таксама цалкам моцнымі) спінамі. Напэўна, з пункту гледжання пэўнага чалавека гэта таксама нядрэнны выбар, але дарагія мае беларусы, час зразумець: калі мы так і не згуртуемся і далей будзем цягнуць коўдру кожны на сябе, нашай краіны ў хуткім часе проста не будзе.

Нават калі ўсё гэта так, куды нам падзець наш менталітэт, які складваўся стагоддзямі?

У адрозненне ад многіх іншых народнасцяў, беларусы ўсё ж здолелі выбіць сабе статус паўнавартаснай сацыялістычнай рэспублікі — хіба гэта не паказчык таго, што мы не заўсёды былі такімі? Дастаткова бегла прачытаць падручнік гісторыі, каб убачыць, колькі (і якіх!) беларусаў аддалі сваё здароўе і жыццё акурат за нацыянальныя каштоўнасці — і мы гатовыя перакрэсліць усе гэтыя намаганні?

Так, напэўна, наш менталітэт крыху «сапсаваны» цяжкімі падзеямі ХХ стагоддзя — але хто сказаў, што на аднаўленне патрэбна як мінімум некалькі пакаленняў?
Сучасныя камунікацыі, досвед іншых краін, інстынкт самазахавання — усе гэтыя фактары цалкам здольныя паскорыць працэс адраджэння нацыянальнай самасвядомасці.

Не, дзядзьку Пецю, які кожны вечар паглынае паўбутэлькі гарэлкі, лёс усяго беларускага так ці інакш будзе па барабане, але свет заўсёды мяняюць два працэнты актывістаў, а іншыя ў найлепшым выпадку скардзяцца на гэтыя змены на кухнях, а потым усё ж неяк прывыкаюць. З дапамогай інтэрнэту і знаходзіць гэтых актывістаў, і захоўваць паміж імі сувязь, і планаваць будучыя дзеянні нашмат лягчэй, чым калі-небудзь.

Нарэшце, калі б я не верыў у Беларусь і ў беларускую мову, то не дапісваў бы цяпер гэты артыкул. Цяжка? Складана? Далёка? Ну, тым каштоўнейшай будзе перамога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?