Так кажа Госпад:
    пракляты чалавек,
    які спадзяецца
    на чалавека,
    і плоць робіць
    сваёй апорай,
    і сэрца якога аддаляецца ад Госпада.
    Ераміі 17:5.
Да спітых, пабітых, скамечаных беларускіх твараў прызвычаіцца немагчыма.

Аніяк.

Нават сярод апошніх «хімікаў», нават сярод калгаснікаў на гэтыя зямлістыя, з мяшкамі ды падцёкамі, з вышчарбленымі і падгнілымі зубамі руіны вобразу і падабенства Божага, што тонуць у безна­дзейных, балотнага колеру вачах, глядзець балюча. Ды з такімі ж гожымі, шляхетнымі прозвішчамі — той ад караля, той ад Базыля, той ад бурштыну, той ад апостальскага імя... Глядзіш, як павольна тлее родная, стагоддзямі вылепленая прыгажосць — і халадок па скуры ад таго, што ўсярэдзіне тоіцца нешта яшчэ страшнейшае.

Бывае, і сам акунешся ў люстра — брыдка.

Беларус, як ёсць сённяшні знямоглы, напаўразбураны беларус.

Чаму вакол нас усё так кепска? — пакутліва дапытваемся мы адно аднаго. А вакол усяго толькі заканамерны вынік таго, што ў нас.

Стаўленне «хімікаў» да сваіх жа, міліцыянераў да «хімікаў», гаспадароў да рабочых, а рабочых да сваёй працы, вяскоўцаў да фермераў, а прадавачак аўталаўкі да вяскоўцаў, праваслаўных да баптыстаў, а каталікоў да праваслаўных, усё гэтае мяккае, што правальваецца, усё гэтае цвёрдае, што гнецца ды звіваецца вузламі, скоўтваеш моўчкі — паўсюль, паўсюль вылазіць яно, наша такое беларускае… з гнільцой і душком.

У гэтым сорамна прызнавацца — але трэба. Інакш — жыць нам у балоце: мокра ды цёпла, смярдзіць, ай, затое сваё, да горла ў твані, але абы хвалю не гналі.

Сябе не падманеш — сама мярзотна тхне найлепшае, якое пачынае псавацца.

Мудрая беларуская асцярожнасць у нас стухла да стану ліпкае баязлівасці; унікальная цярплівасць сцялася ў невыносную цярпімасць да зла; так шанаваная Шушкевічам руплівая ашчаднасць здрабнела да сквапнасці, а знакамітая кемлівасць вычварылася ў круцельства; глыбокая засяроджанасць ужо настолькі заглыбілася, што анічога не прасвечвае з тае беларускае душы, акрамя змрочнасці, асабліва заўважнай старонняму на тле чысценькіх вуліцаў; Боская беларуская пакорлівасць вырадзілася без веры ў павальнае халуйства, а натхнёную беларускую любоў — мілую, закаханую, неспатольную — ванітуе на кожным рагу блудам.

Народ, які спарадзіў столькі геніяльных пісьменнікаў, кампазітараў, спевакоў ды цэлыя культуры для суседзяў — адмаўляецца ад сваёй мовы.

Нашчадкі цывілізацыі ВКЛ, што дагэтуль застаецца еўрапейскай вяршыняй талеранцыі, правасвядомасці і міжмоўя, стагоддзямі кшталтаваныя Статутамі, радамі, судамі ды соймамі — абыякавыя да ўласнай дзяр­жаўнасці.

Нацыя, чыёй сарцавінай ёсць поўная Хрыстовых пакутаў ды самаахвярнасці гісторыя, маючы выключна хрысціянскія сімвалы і наскрозь біблейскі генетычны код, — выракаецца Бога.

Ды і ці ёсць наогул у свеце грэх, глыбейшы за беларускі?!.

Так шкада гэтай Альгердавай моцы, Скарынавай ёмістасці, Касцюшкавай цвёрдасці, баг­дановіцкай прыгажосці…

Але хіба тады гэтае зло не сядзела ў нас — пакуль яшчэ ціха?.. Хіба гэта нетутэйшыя манахі XVII стагоддзя да калецтва біліся кляштар на кляштар за ставы і сеткі ў спрэчных валоданнях — гэта каб, значыць, на стале рыбка была ў хрысціянскі пост!..

І вось напіваецца сённяшні забіты, забыты, ціхмяны беларус, і са скуры раптам вылазіць звер: ды такі ярасны, ды такі здзічэлы, быццам вырваўся з пекла.

Святое месца пустым не бывае. Пакліканыя стаць выбраным Божым народам у сэрцы Еўропы, мы ўнікаем ўласнага лёсу — і прападаем.

Так у нашай гісторыі скрозь: варта адступіць ад Бога, адмовіцца ад волі, пазаначваць у норы таленты, ухіліцца ва ўтульнае, рабства — і беларус уразнос ідзе да д’ябла.

І вось у краіне друкаванай Бібліі і тысячагадовага хрысціянства ўцаркоўлены вернік — усяго кожны дзясяты.

І вось народ Статута сярод усіх — у тройцы першых паводле асуджаных вязняў на душу насельніцтва.

І вось Беларусь­-жыццялюбка ўжо наперадзе ў сусветнай статыстыцы самагубстваў…

— Фу, ды нашто ў гэтым корпацца! Дастала яно, вашае нашае самаедства! — псіхане беларус.

Спакойна. Проста, капаючы ў сабе яму, трэба ведаць, што шукаеш скарб.

Бо беларускае самакапанне, непазбежна глыбокае, глыбіннае, можна будзе лічыць вычарпаным толькі ў адным выпадку: калі скрозь тленную тоўшчу грэху, перагнілую волю і пяскі забыцця адрыем у труне свайго сэрца пахаваную жывую крыніцу — вобраз і падабенства Вечнага Усёмагутнага Бога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?