31.08.2012 / 23:13

Топ-10 найкруцейшых школаў Беларусі 45

Якія беларускія школы можна называць элітнымі? «Наша Ніва» склала топ­-10 прэстыжных навучальных установаў краіны.

Ліцэй БДУ

Былы Коласаўскі ліцэй, фота labadzenka.by

Гімназія №23 у Мінску

Школа ў Астрашыцкім Гарадку

Тагачасны старшыня Нацбанка Пракаповіч і губернатар Брэстчыны Канстанцін Сумар адкрываюць футбольнае поле ў Тамашоўцы. Школа на заднім плане.

Гімназія №16 у Вяснянцы.

Школа №42 у Каменнай горцы. Фота Realt.onliner.by

Прыватная школа "Апельсін".

Прыватная школа "Трайпла".

Фактычна адмовіўшыся ад профільнага навучання, улады паспрабавалі ўніфікаваць беларускія школы. З адменай вясковых ільготаў выпускнікі сельскіх школаў і сталічных гімназій канчаткова будуць стаяць перад цэнтралізаваным тэставаннем у роўных умовах.

Але багатыя бацькі ўсё адно шукаюць для сваіх дзяцей найлепшае месца навучання, хоць крытэры ў кожнага свае.

Для кагосьці патрэбная добрая статыстыка паступленняў у ВНУ школьных выпускнікоў, камусьці важныя добрыя водгукі калегаў, а хтосьці з дапамогай дзяцей шукае для сябе новыя карысныя знаёмствы.

Якія беларускія школы можна называць элітнымі? «Наша Ніва» склала топ­-10 прэстыжных навучальных установаў краіны.

1. Ліцэй БДУ

Выпускнікі гэтай навучальнай установы, якая знаходзіцца ў цэнтры Мінска, маюць найлепшы працэнт паступлення ў ВНУ сярод беларускіх школ і гімназій. Больш за 95% ліцэістаў паспяхова здаюць экзамены ў беларускія і замежныя ўніверсітэты.

У ліцэі вучацца толькі 10- і 11-класнікі, падчас паступлення яны праходзяць складаны адбор. Напрыклад, апошнія два гады конкурс складаў 6,4-7 чалавек на месца
.

Каля 500 ліцэістаў вучацца на фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным, філалагічным і грамадазнаўчым профілях. У навучальную ўстанову прымаюць як мінчукоў, так і жыхароў іншых гарадоў. Такіх каля чвэрці дзяцей, для іх выдзеленыя месцы ў інтэрнаце.

Сярод «зорных» бацькоў ліцэістаў можна назваць памочніцу Лукашэнкі Наталлю Пяткевіч. Яе сын паступіў у ліцэй сёлета.

2. Коласаўскі ліцэй

Легендарная ўстанова працягвае дзейнасць. Дзеці вучацца па беларускіх і польскіх праграмах адначасова і атрымліваюць польскія атэстаты як беларускамоўны ліцэй у горадзе Гданьску. Навучанне вядзецца цалкам па-беларуску. Сярод педагогаў — многія легендарныя асобы. А само навучанне мае флёр выкліку існаму ладу. Падбор дзяцей — выдатны.

3-4. Гімназіі №4 і №23 Мінска

Гэта дзве самыя прэстыжныя беларускамоўныя гімназіі. Іх найбольш вылучае склад навучэнцаў. Як і ва ўсіх гімназіях, тут вучацца і дзеці з мясцовага квартала, і дзеці з іншых раёнаў.
Вось толькі ў беларускамоўныя гімназіі дзяцей абы-­хто не аддае. Тут знойдзеш і дзяцей дырэктара буйнога акцыянернага таварыства, і сына вядомага хірурга, і дзяцей з радзін работніка пракуратуры, і вядомых інтэлектуалаў ад Лявона Вольскага да Валера Булгакава. Але ўсе гэтыя сем’і лучыць наяўнасць пэўнага прынцыпу — хутчэй жыццёвага, чым палітычнага. Адпаведна, і дзеці тут хоць і звычайна-розныя, усё ж зазвычай несярэднія і больш зычлівыя за сярэднемінскіх. Адпаведна, і паспяховасць тут высокая, і статыстыка паступленняў. Дый настаўнікі ў гэтых гімназіях гуртуюцца трохі іншыя, чым звычайна. А гэта істотна ў наш час, калі якасць педагагічнага персаналу стала галоўнай праблемай.
Гімназія №4 месціцца на захадзе, а №23 — у цэнтры сталіцы.
У першай штогод набіраюць 5 класаў, а ўхіл — фізіка-матэматычны, ёсць магчымасць займацца ў школе тэнісам. Другая гімназія — амаль камерная, там набіраюць усяго два класы, адзін з англійскай, другі — з кітайскай мовай як замежнай.

5. Школа ў Астрашыцкім гарадку

«Школа для Колі» — народная назва навучальнай установы ў аграгарадку пад Мінскам.
Школа ў Астрашыцкім гарадку перажыла дзве рэканструкцыі за два гады і ў выніку летась выйграла «конкурс» на права залічыць у першы клас Мікалая Лукашэнку.

Падчас навучальнага года ўсе падыходы да трохпавярховай навучальнай установы кантралююцца міліцэйскімі патрулямі, затое ўлетку можна разглядзець інфраструктуру вясковай школы — басейн, гумаванае футбольнае поле з трыбунамі… Зрэшты, унутры ўсё таксама абстаўлена па апошнім слове тэхнікі.

У школе вучацца і звычайныя дзеці з Астрашыцкага гарадка. Для іх выпадковае суседства з Колем — добры шанец атрымаць веды ў настаўнікаў вышэйшай катэгорыі.

6. Школа ў Тамашоўцы

Яшчэ адна «рэгіянальная» навучальная ўстанова знаходзіцца ў паўднёва-заходнім куце Беларусі. Ад Брэста да Тамашоўкі, вотчыны прэзідэнцкага дарадцы Пятра Пракаповіча, каля 70 кіламетраў. Славуты выпускнік школы ўзяў пад патранаж Нацбанка Беларусі ўвесь аграгарадок.

Маштабная рэканструкцыя ў сярэдзіне 2000-х зрабіла школу адной з найлепшых у вобласці. Асноўны ўхіл тут спартовы.
Тэнісныя корты, футбольнае поле, хакейная пляцоўка, сектар для кіданняў і нават лыжаролерная траса — няпоўны спіс школьнай інфраструктуры.

7. Гімназія №16 у Вяснянцы

Гімназія займае два будынкі на вуліцы Лесі Украінкі, якія знахо­дзяцца на адлегласці 300 метраў адзін ад аднаго. Найлепшымі ўмовамі навучання славіцца пачатковая школа. У першую чаргу ў яе прымаюцца жыхары бліжэйшых вуліц. На пытанні прыёму «па-за чаргой» у 2006 пагарэў дырэктар гімназіі Алег Бадалаў. За атрыманне хабару ён быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці.

Дзеці багатых бацькоў тут вучыліся здаўна. Менавіта ў Вяснянцы прагучаў першы званок для ўнучак Аляксандра Лукашэнкі.
Ёсць у гімназіі і дзеці іншых уплывовых бацькоў — вучыўся сын кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова, нібыта бачылі на занятках дачку экс-прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева.

Гімназія мае эстэтычны ўхіл і спецыялізуецца на навучанні замежным мовам. Асаблівы гонар кіраўніцтва — спартыўны корпус з тэнісным кортам і басейнам на пяць дарожак, адкрыты летась.

8. Школа №42 у Каменнай горцы

Звычайная сярэдняя школа ў спальным раёне Мінска пакуль не мае запамінальнай гісторыі і прэстыжных выпускнікоў.
Аднак яе варта адзначыць як самую новую школу сталіцы — на яе партах не надрапана яшчэ ніводнага непрыстойнага слова і не разбіта ніводнага акна. Па ўзроўні тэхнічнага абсталявання яна дасць фору многім ліцэям і гімназіям краіны.

Бібліятэка з кабінкамі для індывідуальнага чытання, вітамінны бар у сталовай, чатыры спартыўныя залы, пляцоўкі з антытраўматычным пакрыццём — на ўсім гэтым было вырашана не эканоміць.

Ужо 1 верасня ў школу №42 прыйдзе 1200 школьнікаў са спальнага раёна, кватэры ў якім перадусім атрымлівалі шматдзетныя сем’і і супрацоўнікі сілавых структур.

9. Прыватная школа «Апельсін»

Элітныя закрытыя школы, папулярныя на Захадзе, не здабылі шырокага распаўсюду ў Беларусі. Дзяржаўная бясплатная адукацыя дае які-ніякі ўзровень ведаў, каб выбіцца ў людзі і без дадатковай платы за вучобу. Зрэшты, некалькі прыватных школ існуе.

Навучанне ў іх каштуе $350—400 у месяц і карыстаецца попытам у бацькоў, якія хочуць індывідуальнага навучання сваіх дзяцей.

Сярод канкурэнтаў можна выдзеліць прыватную школу «Апельсін». Па­-першае, яна самая дарагая — $500 у месяц, гэта больш чым сярэдні заробак у краіне. Па-­другое, знаходзіцца ў катэджы ў прыгарадзе Мінска, у Сенніцы, — фактычна, на свежым паветры. Па­-трэцяе, «Апельсін» абмяжоўваецца нязвыклым для беларускай адукацыі ўзроставым дыяпазонам дзіцячага садка і пачатковай школы.

10. Прыватная школа «Трайпла»

Напрыканцы — самы амбітны праект, праўда, пакуль далёкі да завяршэння.

Да канца наступнага года кампанія «Трайпл» меркавала пабудаваць прыватную школу на 400 вучняў каля вадасховішча Дразды непадалёку ад «Мінск-­Арэны».
Яркі вясёлкавы будынак будзе нагадваць вінт з трыма лопасцямі — пачатковая школа і сталовая, сярэдняя школа, а таксама спартыўная зона. У цэнтры ж апынуцца актавая зала, бібліятэка і зімовыя сады.

Ягор Марціновіч

0
Мітрык / Адказаць
31.08.2012 / 23:25
Я, канешне, усе разумею, а дзе сталічная 41 школа(зараз гімназія 41)? Там самыя моцныя фізматы у краіне, селета яе вучні ўзялі 4 медалі на міжнароднай алімпядзе па матэматыцы(у Ліцэя толькі адзін медаль)
0
Руслан / Адказаць
31.08.2012 / 23:32
+митрыку. А в бывшей 51(нынешней 29 гимназии) лучшие физики. Были по крайней мере.
0
Ігар / Адказаць
31.08.2012 / 23:36
А дзе менская 1-я гімназія імя Ф. Скарыны?!
Паказаць усе каментары/ 45 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру