У Мінску вызначаны чатыры раёны з дрэнным экалагічным становішчам, паведаміла на прэс-канферэнцыі 29 жніўня намеснік старшыні камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мінгарвыканкама Наталля Алейнікава.

Паводле яе слоў, гэта паўднёва-ўсходняя, усходняя, цэнтральная і заходняя часткі сталіцы.

Гэта раёны буйных прамысловых прадпрыемстваў, у першую чаргу Мінскага трактарнага завода, завода ацяпляльнага абсталявання, і прамзона Шабаны.

Як паведаміла чыноўнік, «для паляпшэння экалагічнай сітуацыі для гэтых раёнаў распрацаваны шэраг мерапрыемстваў». «У тым ліку — зніжэнне санітарнага класа да 5-га ці 4-га, павышэнне саніруючай эфектыўнасці за кошт павелічэння шчыльнасці зялёных насаджэнняў, фарміраванне транспартных колаў для аховы ад транзіту цэнтральнай часткі горада, наладжванне перахоплівальных стаянак і парковак і рэалізацыя паветраахоўных мерапрыемстваў за кошт удасканальвання тэхналагічных працэсаў», — паведаміла Алейнікава.

Так, «у раёне завода ацяпляльнага абсталявання праблема па забруджвальных выкідах вырашана на 60–70%».
Гэта звязана з мадэрнізацыяй самага буйнога цэха, у якім вагранкі адкрытага тыпу заменены на вагранкі закрытага тыпу. Выкіды ў атмасферу скараціліся на 800 тон у год.

«Для трактарнага завода ўся праца яшчэ наперадзе, і ўжо сёлета пачата мадэрнізацыя вагранкі ў ліцейным цэху № 1. Да 2015 года гэты гарачы пункт па забруджванні атмасфернага паветра з карты Мінска знікне», — адзначыла намеснік старшыні камітэта.

Паводле слоў Алейнікавай, 85% забруджвальных выкідаў у атмасферу горада складаюць выкіды ад аўтамабіляў.
Іх зніжэнне дасягаецца за кошт аснашчэння аўтатрактарнай тэхнікі больш экалагічнымі рухавікамі класа Еўра-4, Еўра-5, паскораны вывад з эксплуатацыі старых аўтамабіляў, паляпшэнне якасці традыцыйных відаў паліва і пераход на газаматорнае паліва, удасканальванне арганізацыі дарожнага руху.

«Вынікі штогадовай аперацыі „Чыстае паветра“ паказваюць устойлівую дынаміку зніжэння колькасці аўтамабіляў з парушэннем норм па таксічнасці і дымнасці. Сёлета выяўлена ўсяго 4% такіх аўтамабіляў», — адзначыла Алейнікава.

Пры гэтым, сказала яна, нягледзячы на ўшчыльненую забудову і наяўнасць прамысловых прадпрыемстваў, «экалагічная сітуацыя ў горадзе застаецца стабільнай, не было аварыйных скідванняў і выкідаў забруджвальных рэчываў, адбылася стабілізацыя ў водаспажыванні і водаадвядзенні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?